Мінск упаў на 50+ пазіцый у рэйтынгу найлепшых гарадоў для стартапаў. Вось топ-20
Беларуская сталіца страціла 51 радок у спісе гарадоў свету з найлепшай экасістэмай для развіцця стартапаў Global Startup Ecosystem Index ад StartupBlink. Рэйтынг складаецца штогод ад 2017 года і ўключае 1000 лакацый.
У 2023 годзе Мінск апусціўся на 363 месца — на 51 ніжэй, ніж годам раней. Гэта адзіны беларускі горад, прадстаўлены ў рэйтынгу.
Сярод краін Усходняй Еўропы Мінск займае 27 радок — мінус тры ў параўнанні з 2022-м, па Еўропе ў цэлым — 41 месца. Паводле слоў аўтараў, негатыўная тэндэнцыя назіраецца ўжо тры гады запар, што кажа пра тое, што гораду не ўдаецца рэалізаваць свой — хай і вялікі — патэнцыял.
Варшава дадала 7 радкоў і ўвайшла ў топ-100 на 99 месца, столькі ж дадала Вільня (73 месца). У Рыгі плюс 24 радкі (173 месца), у Кіева — плюс 16 (77 месца).
У верхняй дзясятцы сітуацыя адносна стабільная — толькі памяняліся месцамі Тэль-Авіў і Парыж. Безумоўным лідарам застаецца Сан-Францыска, прычым сёлета ягоны адрыў ад іншых гарадоў не скараціўся. Таксама вялікі разрыў паміж Нью-Ёркам на другім месцы і наступнымі за ім Лонданам, Лос-Анджэлесам, Бостанам і Пекінам. Але гарады ў гэтай групе ідуць даволі шчыльна.
Поўная версія рэйтынгу з падрабязнымі ацэнкамі гарадоў і метадалогіяй даследавання даступная па спасылцы.
Читать на dev.by