Мінюст ЗША падаў у суд на Apple. Кампанія абяцае люта абараняцца
Ведамства ў трэці раз абвінавачвае кампанію ў манапалізацыі рынку. Цяпер пазоў тычыцца адразу пяці сфер: крамаў праграм, платформаў для патокавай трансляцыі гульняў, праграм для абмену паведамленнямі, разумных гадзіннікаў і лічбавых гаманцоў. Але галоўная прэтэнзія Мінюста да бізнэсу iPhone, які прыносіць асноўны даход кампаніі.
Ведамства ў трэці раз абвінавачвае кампанію ў манапалізацыі рынку. Цяпер пазоў тычыцца адразу пяці сфер: крамаў праграм, платформаў для патокавай трансляцыі гульняў, праграм для абмену паведамленнямі, разумных гадзіннікаў і лічбавых гаманцоў. Але галоўная прэтэнзія Мінюста да бізнэсу iPhone, які прыносіць асноўны даход кампаніі.
У чым абвінавачваюць Apple
Міністэрства юстыцыі ЗША падало антыманапольны пазоў супраць Apple сумесна з 17 штатамі. Ведамства абвінавачвае кампанію ў «перашкодзе развіццю праграм, абмежаванай сумяшчальнасці iPhone з разумнымі гадзіннікамі іншых вытворцаў, выключэнні пэўных праграм для абмену паведамленнямі». На думку генеральнага пракурора ЗША Мерыка Гарланда, Apple «будзе толькі працягваць умацоўваць сваю манаполію на смартфоны», калі яе не спыніць.
Мінюст пералічыў некалькі крокаў, якія, паводле яго версіі, распачала кампанія. Напрыклад, яна заблакавала праграмы, «якія палегчылі б спажыўцам пераключэнне паміж платформамі-канкурэнтамі смартфонаў», абмежавала іншыя лічбавыя гаманцы, «паменшыла функцыянальнасць» разумных гадзіннікаў, вырабленых іншымі кампаніямі. Таксама Apple нібыта пагоршыла якасць уласнай праграмы iMessage на іншых прыладах, каб пакупнікі былі вымушаныя працягваць выкарыстоўваць iPhone.
Мерык Гарланд, генеральны пракурор ЗША
«Манаполіі, падобныя да Apple, пагражаюць свабодным і справядлівым рынкам, на якіх заснаваная нашая эканоміка. Яны душаць інавацыі. Яны наносяць шкоду вытворцам і работнікам, а таксама павялічваюць выдаткі для спажыўцоў. Калі не супрацьстаяць Apple, то яна толькі працягне ўмацоўваць сваю манаполію. Кампанія стварае бар’еры, якія робяць надзвычай цяжкім і дарагім як для карыстальнікаў, так і для распрацоўшчыкаў, выхад па-за межы экасістэмы Apple».
Продажы iPhone, якія ўжо перавалілі за 1 мільярд прылад, з’яўляюцца галоўнай крыніцай даходаў кампаніі. Аргументы Мінюста зводзяцца да адной цэнтральнай ідэі: Apple робіць усё магчымае, каб захаваць дынаміку продажаў і папулярнасць iPhone. Аднак дзейнічае пры гэтым забароненымі метадамі, напрыклад, аддаючы відавочную перавагу ўласным прыладам (Apple Watch) і сэрвісам (Apple Pay) перад канкурэнтамі, якія не могуць прапанаваць раўнацэнны вопыт.
Эксклюзіўныя праграмныя функцыі кампаніі і несумяшчальнасць iMessage з іншымі месенджарамі прымушаюць глядзецца Android-прылады непаўнавартаснымі ў вачах спажыўцоў. Аднак гэтыя недахопы цалкам звязаныя з тым, як Apple вядзе бізнэс, і вельмі мала звязаныя з распрацоўкай і вядзеннем бізнэсу Samsung, Google і іншых канкурэнтаў кампаніі. Паводзіны Apple, як сцвярджае Міністэрства, «заблакавалі карыстальнікаў і распрацоўшчыкаў, адначасова абараняючы яе прыбытак».
Яшчэ адзін аспект пазову — гэта заблытаная сітуацыя з разумнымі гадзіннікамі на iOS. Apple Watch прапаноўвае простую наладу, поўную сумяшчальнасць і глыбокую інтэграцыю з iPhone і экасістэмай Apple. Гадзіннікі іншых вытворцаў значна больш абмежаваныя ў наборы функцый. Мінюст сцвярджае, што Apple выкарыстоўвае нашэнныя прылады ў якасці прынады для карыстальнікаў, прымушаючы іх набываць iPhone, а не іншыя смартфоны, для якіх Apple Watch быў бы бескарысны.
У крытыцы несправядлівых правілаў App Store амерыканскі Мінюст пайшоў шляхам ЕС, які ўжо прымусіў кампанію дазволіць чужыя маркетплэйсы і чужую аплату ў самым App Store. Пазоўнік лічыць, што Apple стварыла перашкоды, каб не дапусціць з’яўлення на платформе «суперпраграм», а таксама зрабіла немагчымай манетызацыю для распрацоўшчыкаў воблачных гульняў.
Што тычыцца лічбавых гаманцоў, то прэтэнзія Мінюста палягае ў тым, што Apple блакуе доступ фінансавых сэрвісаў да абсталявання NFC унутры iPhone. Гэта абмяжоўвае магчымасці бескантактнай аплаты і прывязвае карыстальнікаў iPhone да Apple Pay і Apple Wallet. У Еўропе з прыняццем новага закона «Аб лічбавых паслугах» (DSA) Apple ужо пачала дазваляць доступ да NFC у большасці краін ЕС.
Што адказала кампанія
Apple жорстка адказала на абвінавачванні Мінюста і дала зразумець, што мае намер што б там ні было абараніць свае пазіцыі на рынку. Кампанія лічыць, што поспех пазову перашкодзіць стварэнню тэхналогій, «дзе перасякаюцца абсталяванне, праграмнае забеспячэнне і паслугі». Таксама кампанія выказала асцярогі, што перамога Мінюста створыць небяспечны прэцэдэнт, і ўрад зможа жорстка кантраляваць распрацоўку тэхналогій для карыстальнікаў.
Прадстаўнік Apple
«Гэты пазоў ставіць пад пагрозу тое, кім мы з’яўляемся, і прынцыпы, якія адрозніваюць прадукцыю Apple на рынках з жорсткай канкурэнцыяй. У выпадку поспеху гэта перашкодзіць нашай здольнасці ствараць тэхналогіі, якія людзі чакаюць ад Apple, дзе перасякаюцца абсталяванне, праграмнае забеспячэнне і паслугі. Гэта таксама створыць небяспечны прэцэдэнт, даючы ўраду магчымасць строга кантраляваць распрацоўку тэхналогій. Мы лічым, што гэты пазоў неправамерны з пункта гледжання фактаў і закона, і мы будзем актыўна абараняцца ад яго».
Манапольнае становішча Apple на рынку смартфонаў у ЗША не так адназначна. У сваім пазове Мінюст сцвярджае, што доля Apple складае больш за 70% ад усіх даходаў. Аднак калі аналізаваць прададзеныя прылады, то доля кампаніі — ужо 64%, што апярэджвае пазіцыю Samsung (18%). Тым не менш рэгулятар паказвае і на іншыя паказчыкі, напрыклад, той факт, што большасць маладых карыстальнікаў аддаюць перавагу iPhone перад тэлефонамі на Android.
Ці выйграе Мінюст?
Эксперты мяркуюць, што судовы працэс зацягнецца надоўга. Напрыклад, у знакамітай антыманапольнай справе пры канцы 1990-х амерыканскаму ўраду і Microsoft спатрэбілася больш за тры гады, каб дасягнуць пагаднення, і яшчэ чатыры гады доўжыўся разгляд апеляцый ад пракурораў штатаў. Вопыт ЕС паказвае, што абмежаванне бізнэсу Apple — гэта сусветная тэндэнцыя.
На думку аналітыкаў Bernstein, у пазову можа быць абмежаваны эфект — ён наўрад ці прывядзе да кардынальных змен палітыкі Apple. «Хоць абвінавачванні Міністэрства юстыцыі сканцэнтраваныя на iPhone, мы не лічым, што верагоднае выпраўленне сітуацыі можа істотна паўплываць на фінансавае становішча Apple або падарваць франшызу iPhone: у найгоршым выпадку Apple заплаціць штраф і аслабіць абмежаванні для канкурэнцыі на платформе iOS, гэта акажа абмежаваны ўплыў на ўтрыманне карыстальнікаў iPhone або на даходы ад паслуг», — перакананыя эксперты.
Пасля публікацыі пазову каціроўкі акцый Apple упалі на 4,1%, а капіталізацыя кампаніі скарацілася на $113 мільярдаў. Усяго ад пачатку года акцыі карпарацыі ўпалі ў цане на 11%. Стаўшы самай дарагой кампаніяй у свеце з капіталізацыяй большай за $3 трыльёнаў, Apple саступіла першынство Microsoft. Цяпер інвестары асцерагаюцца, што Apple можа не выплаціць буйных штрафаў па судовых пазовах і страціць частку рынкавых пазіцый, паколькі цяпер ёй прыйдзецца выконваць указанні судовых органаў і ў ЕС, і ў ЗША.
Гэта ўжо трэці выпадак за 14 гадоў, калі Міністэрства юстыцыі ЗША падае ў суд на Apple праз меркаванае парушэнне антыманапольнага заканадаўства. У новым разглядзе ўпершыню выкарыстоўваецца фармулёўка «незаконнае захаванне свайго дамінантнага становішча». Раней у сакавіку Еўракамісія аштрафавала кампанію на 1,8 мільярда еўра праз тое, што Apple забараніла распрацоўшчыкам музычных праграм расказваць карыстальнікам пра іншыя спосабы аплаты па-за App Store.
Рэлацыраваліся? Цяпер вы можаце каментаваць без верыфікацыі акаўнта.