Сусветны вендар электронікі пазбавіўся ад актываў у Беларусі
У ASBIS Group — буйнога сусветнага вытворцы і прадаўца ІТ-прадуктаў і тэхнікі родам з Беларусі — не засталося актываў у краіне, піша Office Life. Гэта вынікае з паўгадавой справаздачы кампаніі.
ASBIS была заснавана ў 1990-х у Мінску бізнесменам Сяргеем Касцевічам і пастаўляла на беларускі рынак ІТ-рашэнні замежных кампаній. У 1995-м галаўны офіс ASBIS пераехаў на Кіпр. Да пачатку нулявых яе даход перавысіў $100 млн, і яна стала самым хуткарослым дыстрыб’ютарам камп’ютарных кампанентаў і тэхнікі на рынках Еўропы, Афрыкі і Блізкага Усходу.
Зараз група кампаній ASBIS Enterprises з’яўляецца адным з буйнейшых дыстрыб’ютараў ІТ-прадуктаў на гэтых рынках. Яна пастаўляе на іх прадукцыю Apple, а таксама вырабляе і прадае тэхніку ўласных брэндаў — Prestigio, Canyon, AENO. Шмат гадоў асноўнымі рынкамі збыту ASBIS былі краіны СНД, Усходняй Еўропы і Блізкага Усходу, а Беларусь уваходзіла ў топ-5 пакупнікоў.
У 2022 годзе ASBIS замарозіла дзейнасць у Беларусі і Расіі. У маі 2023-га Касцевіч прадаў расійскую «дачку» лакальнаму менеджменту за $14, а ў жніўні таго года Беларусь выпала з дзясяткі найважнейшых рынкаў кампаніі.
На канец гэтага лютага ў ASBIS заставалася ў Беларусі пяць юрасоб:
- «АСБІС»;
- «Аўтаматызаваныя сістэмы бізнес кантролю»;
- «Е-Віжн»;
- «Брызі»;
- «МакСолюшенс».
Але некаторыя з іх не функцыянавалі. Таксама ў краіне з’явіліся новыя кампаніі, уладальнікамі якіх сталі былыя менеджары Касцевіча.
На канец 1 квартала гэтыя пяць кампаній лічыліся ў глабальных справаздачах групы, але ў свежай справаздачы за 1 паўгоддзе яны не згадваюцца. ASBIS у справаздачы ніяк гэта не пракаментавала.
Што тычыцца фінансавых паказчыкаў, то за студзень–чэрвень выручка ASBIS склала каля $1,7 млрд — +24% год да году. Чысты прыбытак паменшыўся на $700 тысяч да 19,4 млн.
Читать на dev.by