Айцішнікі пра тое, як ім адмовілі ў PBH

Пра магчымыя прычыны: «Многія робяць візы, а потым едуць далей, палякам гэта не падабаецца».

40 каментарыяў

У апошнія месяцы пачасціліся адмовы ў візах PBH. Dzik Pic пагутарыў з беларусамі, якія займелі гэты горкі досвед, — даведаўся пра прычыны, абставіны і развязанне праблемы.

Выявілася, што матывіроўка адмоў у многіх — пункт 10. Ён гучыць так: «Ёсць абгрунтаваныя сумневы наконт дакладнасці зробленых вамі заяў пра мэту вашага знаходжання на тэрыторыі Рэспублікі Польшча ў сувязі з наяўнымі доказамі або аб’ектыўнымі абставінамі, якія паказваюць на тое, што мэта паездкі можа быць іншай, ніж было заяўлена».

Не выключана, што адмовы звязаныя з візавым скандалам. Тым не менш некаторыя падалі апеляцыю і атрымалі свае візы.

«≈ 67% калег таксама атрымалі адмовы»

Я Unity-распрацоўшчык. Падаваўся з групай ад кампаніі на PBH — 9 лістапада ў Гомелі. Атрымаў пашпарт назад 28-га лістапада з адмовай па пункце 10.

Як даведаўся потым, шасцёра з калег, якія падаваліся са мной, або ≈ 67%, таксама атрымалі адмовы. Чыноўнікі кажуць, што ў іх такое ўпершыню.

Падаўся на апеляцыю, чакаю вынік. Ці мог я няправільна запоўніць анкету? Вельмі малаверагодна, улічваючы што менеджары па рэлакацыі мне сказалі, што ў іх такое першы раз і звычайна амаль усім ухвалялі. І калі я падаваўся на апеляцыю, акрамя мяне па 10-м пункце ў чарзе ў амбасаду стаялі яшчэ 7 чалавек.

«Мне адмовілі два разы»

У мяне наогул двойчы адмова па PBH.

Працую ў ІТ. Першы раз падавалася ў Магілёве па спісах PAIH — 4 кастрычніка. Віза была паўторная, першую выкарыстала па прызначэнні. Таксама раней былі шэнгены па 3 гады — Італіі і Іспаніі. 

Заплаціла за запаўненне анкеты ў ВЦ, і 27 кастрычніка прыйшла адмова — па пункце 10. На апеляцыю тады не падавала.

Другі раз падавалася 16 лістапада — індывідуальна ў Мінску, за анкету таксама плаціла. Адмова прыйшла 28 лістапада, і таксама па пункце 10. Прычым у абодвух выпадках адмова ад міністра, які адказвае за замежныя справы, але пячатка ўнізе была пастаўленая консулам.

Падала апеляцыю 4 снежня, адказ будзе 20-га. Прыклала офер ад кампаніі са спісу PAIH, так як у мяне ў дакументах была толькі дамова з інкубатарам і дамова з кампаніяй не са спіса. Падумала, можа, гэта дапаможа. 

У заяве прасіла перагледзець рашэнне, бо мне віза сапраўды патрэбная для працы. Праўдзівасць намераў можна праверыць, патэлефанаваўшы па нумары ў оферы. Крыху шкадую, што не распісала, чаму па першай візе не падалася на ДНЖ. Але ўжо як ёсць.

«У апеляцыі трэба пісаць, што клянешся жыць у Польшчы»

17 лістапада падаваўся ў Баранавічах — на першую PBH, раней іншых віз у Польшчу не атрымліваў. 

У мяне было запрашэнне ад кампаніі са спісу PAIH. Таксама я самастойна сабраў і падаў дакументы, што працую ў ІТ больш за 10 гадоў (з пацвярджэннем у працоўнай); ёсць тэхнічная вышэйшая адукацыя — як інжынер-праграміст, і яшчэ я скончыў магістратуру па тым жа кірунку. Плюс падаў выпіску з рахунку і даведку аб заробку за 6 месяцаў.

Анкету запоўнілі ў візавым цэнтры. Атрымаў адмову 30 лістапада — па 10-м пункце. Напісаў хадайніцтва на перагляд 12 снежня (няма такога тэрміна, як «апеляцыя», і яго лепш не ўжываць, асабліва ў консульстве, яны вельмі злуюцца). Цяпер чакаю рашэння.

Калі прыходзіць адмова ад міністра, які адказвае за замежныя справы, то ўсё. Нават калі просіш перагляд, усё роўна лепяць адмову ў большасці выпадкаў. Але ёсць і такія кейсы, калі ўсё акей — гэта 5% ад 100%, як пашанцуе. Трэба пісаць, што клянешся жыць у Польшчы, купіш там жытло і больш нікуды і ніколі не з’едзеш. Проста многія робяць візы, а потым едуць далей, палякам гэта не падабаецца.

«Гэта была паўторная, першай муж не скарыстаўся»

У верасні гэтага года муж падаваўся па маёй PBH-візе ў Брэсце — гэта была паўторная, першай ён не скарыстаўся. Праз 3 тыдні прыйшла адмова па пунктах 8 і 10 (не абгрунтаваныя мэта або ўмовы меркаванага знаходжання). 

Мы напісалі заяву аб пераглядзе, дзе патлумачылі прычыны невыкарыстання візы і навошта яна патрэбная цяпер. І праз 2,5 тыдня пашпарт ужо быў гатовы — віза мужу да канца дзеяння маёй.

«Праз перагляд трохі „паехалі“ тэрміны»

Падаваліся 20 кастрычніка разам з мужам (ён галоўны заяўнік) — па спісах PAIH праз ІТ-кампанію, дзе муж працуе ўжо 3 гады. Хацелі перавесціся ў польскі офіс, але спачатку атрымалі адмову. 

Так што мы напісалі два лісты на перагляд (па адным на кожнага заяўніка). Прыклалі копію працоўнай, дыплом мужа з універа (што ён па адукацыі інжынер-праграміст), запрашэнне і ліст, што муж каштоўны супрацоўнік (на польскай мове). Да сваёй заявы я нічога не прыкладвала. Усе дакументы — да пакета мужа.

Пашпарт пасля апеляцыі чакалі роўна 3 тыдні, затым забралі пашпарты з візамі. Праз перагляд трохі «паехалі» тэрміны — тэрмін даты візы супадае з прыняццем рашэння. Таму віза — на 357 дзён.

«Напісаць у заяве можна ўсё што хочаш»

Магу расказаць, як падаваўся мой добры знаёмы, які працуе ў ІТ — праз бізнэс-інкубатар, што ёсць у спісах PAIH.

Ён падаў дакументы ў Мінску на паўторную PBH дзесьці на пачатку / у сярэдзіне лістапада гэтага года. Атрымаў адмову па 10-м пункце 24 лістапада. Падача на перагляд — усяго гадзіна на дзень, ад другой да трэцяй, таму падаў на апеляцыю 30 лістапада. 

Заяву на перагляд даюць на месцы. Але не ў самым візавым цэнтры, а ў асобным будынку звонку. Таму пісаць лепш дзе-небудзь не на вуліцы, так як банальна холадна і нязручна.

Напісаць у заяве можна ўсё, што хочаш, нічога абавязковага там няма. Прыклад бланка ёсць у чаце пра PBH-візу. 

Апеляцыя па афіцыйных тэрмінах — 7-14 каляндарных дзён. Першапачаткова сказалі дату 18 снежня, але пашпарт прыйшоў раней, 12-га. І візу далі да той даты, якая пазначалася пры першапачатковай падачы (то-бок без двух тыдняў год).


Читать на dev.by