Moody’s выставіў Беларусі найніжэйшы крэдытны рэйтынг
Рэйтынгавае агенцтва Moody’s захавала крэдытны рэйтынг Беларусі на найніжэйшым узроўні «C» са стабільным прагнозам. У аналітычным дакладзе арганізацыі адзначаецца, што сітуацыя з дзярждоўгам наўрад ці палепшыцца ў бліжэйшы час, і даверу да здольнасці Беларусі вяртаць знешні доўг вельмі мала.
Эксперты агенцтва лічаць, што Беларусь не зможа нармальна разлічвацца па пазыках у замежнай валюце, пакуль дзейнічаюць санкцыі. Але нават калі іх скасуюць, вольных грошай у краіны ўсё роўна будзе вельмі мала для паўнавартасных разлікаў.
Агенцтва паказвае на моцную залежнасць Беларусі ад Расіі ў гандлі і фінансах і мяркуе, што яна будзе працягваць расці. Гэта значыць, сітуацыя ў Расіі ўсё мацней будзе ўплываць на эканамічны рост Беларусі. У сувязі з гэтым аналітыкі чакаюць запаволення росту нашага ВУП у гэтым годзе да 2,5%. Дзярждоўг застанецца прыкладна на ўзроўні 40% ад ВУП, але будзе моцна залежаць ад курсу валют і магчымасці знайсці грошы на яго абслугоўванне.
«Палітыка застаецца непрадказальнай, бо ўлады працягваюць умешвацца ў эканоміку, у той час як своечасовасць і празрыстасць эканамічнай і фіскальнай інфармацыі застаюцца нізкімі», — гаворыцца ў дакладзе.
Moody’s — адзінае буйное агенцтва, якое працягвае публікаваць рэйтынгі па Беларусі. Два іншыя — Fitch і S&P — адклікалі свае рэйтынгі, спаслаўшыся на недастатковасць інфармацыі для правядзення ацэнак.
Читать на dev.by