МУС: беларусы ў 1,5 раза радзей выязджаюць працаваць за мяжу праз кампаніі. А яшчэ іх пачалі актыўней замяняць замежнікі
Першы намеснік міністра ўнутраных спраў Юрый Назаранка ўчора падзяліўся некаторымі лічбамі аб працоўнай міграцыі на III Мінскай міжнароднай канферэнцыі па еўразійскай бяспецы, якая праходзіць у сталіцы 28–29 кастрычніка.
Паводле яго слоў, усё больш замежнікаў жадаюць працаваць у Беларусі. За студзень–верасень колькасць замежнікаў, якія прыехалі сюды на працу, павялічылася ў 1,5 разы — з 21 тысячы да 32 тысяч — у параўнанні з аналагічным перыядам 2024 года. Прычым больш за палову гастарбайтараў — 54% — грамадзяне Туркменістана і Узбекістана.
А колькасць беларусаў, якія выязджаюць пры садзейнічанні юрасоб і ІП для працаўладкавання за мяжой, скарацілася з 3 тысяч да 2 тысяч. На аснове гэтага «можна канстатаваць, што ў сферы знешняй працоўнай міграцыі назіраюцца пазітыўныя тэндэнцыі, якія праяўляюцца ў прывабнасці краіны для замежных работнікаў», цытуе чыноўніка БелТА.
Таксама ён сказаў, што на фоне прытоку замежнікаў на 17% вырасла колькасць здзейсненых імі злачынстваў, а іх доля ў агульнай структуры злачыннасці вырасла на 3,4% год да года.
Днём раней спецдакладчык па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Нільс Муйжніекс заявіў на Генасамблеі ААН, што краіна «не з’яўляецца раем для рабочых», хоць «улады абвяшчаюць прыхільнасць эканамічным і сацыяльным правам».
Муйжніекс у сваёй справаздачы адзначыў «дыскрымінацыю і пераслед па палітычных матывах як у дзяржаўным, так і ў прыватным сектары», «неабгрунтаваныя і палітычна матываваныя абмежаванні на доступ да прафесій, роўна як і практыку пакарання несправядліва змешчаных у зняволенне асоб пасродкам цяжкай, небяспечнай прымусовай працы за мізэрную плату або без такой». Таксама ён выказаў занепакоенасць «поўным знішчэннем правоў прафсаюзаў і падрабязна апісаў парушэнні правоў работнікаў».
Між тым беларускія медыя публікуюць свежыя лічбы ад польскага ZUS. На канец верасня ў сістэме сацстрахавання краіны налічвалася 137 159 грамадзян Беларусі — на 785 больш, чым да канца жніўня. Больш у сістэме толькі ўкраінцаў — каля 839 тысяч.
Читать на dev.by