«Будучы патрыётам, раптам стаў экстрэмістам»: кіраўнік «Лесты» ўпершыню пракаментаваў абвінавачанні
У Telegram-канале «Леста Игр» з’явілася відэа з кіраўніком студыі Малікам Хатажаевым, у якім ён пракаментаваў арышт актываў па патрабаванні расійскай Генпракуратуры і распавёў пра перспектывы.
Хатажаеў даведаўся пра пазоў супраць сваёй кампаніі раптоўна, калі яго асабістыя рахункі і рахункі «Лесты» былі замарожаныя. Паводле яго слоў, кампаніі цяжка функцыянаваць у такіх умовах, але яна працягвае выконваць усе свае абавязацельствы. Кіраўнік «Лесты» сцвярджае, што ні ў чым не вінаваты і ўжо даўно ніяк не звязаны з заснавальнікам Wargaming Віктарам Кіслым.
«Мяне абвінавачваюць у стварэнні экстрэмісцкага аб’яднання з Віктарам Кіслым. Дажыў на старасьці гадоў — раптам, будучы патрыётам, стаў экстрэмістам. Гэта, вядома, горка, крыўдна, у душы тлеюць вугольчыкі. Але абвінавачанне тычыцца іншых людзей, іншых дзеянняў, і з Віктарам Кіслым мы не кантактуем, ніякіх стасункаў не маем са жніўня 2023 года», — заявіў Хатажаеў.
Ён кажа, што «Леста» супрацоўнічае з праваахоўнымі органамі і перадае ўсю неабходную інфармацыю. Цяпер яна засяроджаная на тым, каб празрыста і дакладна паказаць пракуратуры, чым займаецца. Хатажаеў падкрэсліў, што ў 2022 годзе застаўся ў Расіі: «Я звязаў сваю будучыню з гэтай краінай, я згуртаваў вакол сябе людзей дзеля выратавання астатніх гульняў, дзеля адраджэння гульнявой індустрыі, чым, уласна, увесь гэты час і займаўся». Кіраўнік кампаніі адзначыў, што ўся яе фінансавая дзейнасць цалкам празрыстая, і гэта пацвярджаецца дакументальна. І няма ніякіх доказаў таго, што «Леста» некуды выводзіла грошы. «Вельмі цяжка даказваць тое, чаго ты не рабіў», — адзначыў Хатажаеў.
Паводле яго слоў, калі суд прыме рашэнне на карысць Генпракуратуры, «Леста» пяройдзе ва ўласнасць Росимущества. Пасля гэтага магчымыя розныя варыянты развіцця падзей, але «усе яны складаныя і да канца нам незразумелыя. Такім чынам, там далей туман».
Іншыя прадстаўнікі індустрыі падтрымліваюць «Лесту». Хатажаеў тлумачыць, што гэта рэпутацыйнае пытанне і яно выходзіць за межы адной справы. Ён спадзяецца, што кампанія дакажа сваю правату.
«Проста цяпер мы занятыя барацьбой за праўду. У праўду мы працягваем верыць, супрацоўнічаць з праваахоўнымі органамі, быць максімальна адкрытымі і сумленнымі. Наша пазіцыя ў гэтым плане не мяняецца. […]
Сябры, мы сумленныя людзі, мы змагаемся за сваё імя, за ўсю нашу індустрыю. У ёй засяроджана велізарная колькасць талентаў, сумленных, неардынарных людзей. Мы гатовыя ўсім дапамагаць. Дзякуй, што вы з намі ў гэтай складанай сітуацыі. Усё будзе, спадзяюся, добра», — адзначыў Хатажаеў.
«Леста» кіруе праектамі «Мир танков», «Мир кораблей» і Tanks Blitz у Расіі і Беларусі. Да 2022 года яна ўваходзіла ў склад Wargaming, які прадаў бізнес у дзвюх краінах пасля пачатку вайны ва Украіне.
Читать на dev.by