Дапамажыце dev.by 🤍
Падтрымаць

«Нават пашпарта не забіралі». Як беларусы атрымлівалі абарону ў Польшчы (+гайд)

Канал для айцішнікаў у Польшчы DzikPic сабраў гісторыі і гайд па міжнароднай абароне для праекта «Наша справа».

2 каментарыя
«Нават пашпарта не забіралі». Як беларусы атрымлівалі абарону ў Польшчы (+гайд)

Канал для айцішнікаў у Польшчы DzikPic сабраў гісторыі і гайд па міжнароднай абароне для праекта «Наша справа».

Змест

Асабісты вопыт беларусаў

«Павіншавалі і сказалі, што радыя бачыць мяне ў Польшчы»

— Я прыехала ў Польшчу ў 2023 годзе па візе РВН з дзіцем, адкрыла тут ІП. Калі мая віза скончылася (пашпарт яшчэ дзейнічае), я падалася на МА — гэта прасцей, чым працоўны ДНЖ, а ў Беларусь мне і так няможна.

На ўсё, аж да атрымання пластыка, у мяне сышло 3 месяцы. Пры гэтым усе паведамленні прыходзілі на пошту і ў смс, а ўвесь працэс быў абсалютна бясплатным.

Прынялі мяне не адразу: я прыязджала пару дзён у абед, там было вельмі шмат людзей. Потым зразумела, што лепш прыязджаць крыху раней — гэта займае цэлы дзень.

Усе ставіліся вельмі спагадліва, я не сустрэла ніякага негатыву. Спачатку мяне апытваў чалавек на рускай мове, потым трэба было расказаць тое ж самае паляку і яшчэ аднаму, у выніку я расказвала гісторыю тройчы ў розных кабінетах, там фіксавалі. Потым мне далі анкету з 37 пытанняў (практычна ўсе з іх ужо задавалі), якую трэба было запоўніць і перадаць ім на працягу 14 дзён. 

Медагляду не было: мне проста задалі тыповыя пытанні пра тэмпературу/ціск — і на гэтым усё.

У мяне былі пратаколы затрымання і фота ў СМІ, таму сумоўе для пацвярджэння не спатрэбілася.

Тамсама можна падпісаць дакументы на матдапамогу — 750 злотых на месяц. Пыталіся, ці патрэбны мне лагер для ўцекачоў, я адмовілася. А яшчэ на працягу 60 дзён можна падацца на інтэграцыйную дапамогу — моўныя курсы, псіхолага і г. д.

Калі я атрымлівала карта побыту, мяне вельмі шчыра павіншавалі і сказалі, што радыя бачыць мяне ў Польшчы. Супрацоўнікі на Табарнай наогул вельмі адрозніваюцца ад супрацоўнікаў звычайных ужондаў.

Дзіця я не падавала на МА, легалізавала яго потым па ўз’яднанні з сям’ёй. Так на яго карце не будзе пазнакі пра МА, і ён хоць бы зможа паехаць да таты або бабулі.

Пасля атрымання МА да мяне прыходзіла інспектарка праверыць жыллёвыя ўмовы. Я ўсё разумею, але гэта непрыемны момант, які нагадаў праверкі са школы ў Беларусі. Інспектарка была ўедлівая: пыталася пра мой даход, ашчаджанні, дзіця. Быццам я чалавек, за якім сапраўды трэба пільна сачыць. І яшчэ мяне здзівіла, што матдапамога на дзіця налічвацца не будзе (толькі на мяне), бо мы жывем з мужчынам (мы не распісаныя) і вядзем сумесную гаспадарку.

«Атрымала статус уцякачкі, а майго пашпарта не забіралі»

— Я прыехала ў Польшчу ў чэрвені 2022 па гумвізе і ўжо атрымала па ёй ДНЖ. Пасля ўказа пра пашпарты падумала падавацца на МА. Хоць у мяне пашпарт дзейнічае да 2030 года, невядома, што яшчэ могуць выкінуць улады Беларусі. Так, у мяне ёсць ДНЖ, але ён даецца адзін раз на 3 гады, а што потым — невядома. Калі я страчу працу і ДНЖ па ёй, мяне дэпартуюць?

Карацей, у мінулым лістападзе я падалася на МА, праседзела 5 гадзін у чарзе. Гэта не самае прыемнае месца (гучныя ромы і іранцы, п’яны беларус, які расказваў пра свае старыя адседкі…), але супрацоўнікі і перакладчыкі былі зычлівыя. 

Працэдура была звычайнай, сумоўя не было, толькі апытанне — хто, адкуль, сваякі ў Польшчы, чаму падаешся (хвілін 20 усё заняло — перакладчык запісваў). Праз тыдзень я прывезла ім яшчэ і запоўненую анкету.

З незвычайнага — у мяне на руках застаўся пашпарт. Спачатку яго забралі, але потым зрабілі ксеракопію і вярнулі (думаю, праз тое, што ў мяне быў ДНЖ).

Праз 5,5 месяца мне прыйшла смс аб дэцызіі, праз тыдзень — ліст, што далі статус уцякачкі (не дадатковую абарону). Чаму менавіта гэты статус, я не ведаю. Магчыма, таму што прававая сітуацыя ў Беларусі пагоршылася, плюс мяне можа чакаць асабістая помста ад людзей з санкцыйнага спіса. Але ўсё роўна гэта было нечакана: калезе, якая са мной выходзіла на пратэсты, далі дадатковую абарону. 

Наступнага тыдня буду падавацца на карту побыту, жэнеўскі пашпарт і IPI. Пакуль не ведаю, ці застанецца ў мяне мой пашпарт і жэнеўскі адначасова і ці забяруць гуманітарную карту побыту пасля выдачы карты па МА.

«Пайшлі падавацца на МА, бо не ведалі пра гуманітарны ДНЖ»

— Мы з жонкай год пражылі ў Грузіі, а пасля ўказа пра пашпарты вырашылі нешта рабіць. З Грузіі з’язджалі са многіх прычын, у тым ліку праз тое, што тут амаль нерэальна атрымаць ДНЖ, а пасля візарану цябе могуць не ўпусціць назад…

Карацей, мы вырашылі пераязджаць у Польшчу, падаліся на гумвізу ў Тбілісі (падалі ў амбасадзе фота і скрыншоты з пратэстаў), а ў кастрычніку 2023 года пераехалі ў Варшаву. 

Пакуль ёсць пашпарт, зрабілі песэль, мельдунэк, рахунак у банку і праз дзень пайшлі падавацца на МА. Шчыра кажучы, мы тады нават не ведалі пра гуманітарны ДНЖ. А нашыя пашпарты дзейнічаюць да 31-га года, хоць на іх засталіся сляды вядомай грузінскай цвілі.

Ужо ў офісе прачакалі амаль дзень, бо было шмат людзей. Мы не разумелі амаль нічога на польскай, але перакладчыца размаўляла на ўкраінскай і рускай мовах.

У нас узялі адбіткі, зрабілі фота, хвілін пяць параспытвалі (чаму з’ехалі, чаму нам там небяспечна і г. д.), а потым далі анкеты і папрасілі прынесці іх запоўненымі. 

Медагляду не было — мы проста сказалі, што скаргаў няма, і гэтага хапіла. Толькі запісалі асаблівыя прыкметы (мае татуіроўкі).

Пашпарты ў нас забралі і выдалі часовыя пасведчанні асобы. На час разгляду заявы і 2 месяцы пасля нам выплачвалі дапамогу — 1200 злотых на месяц. Даюць яшчэ інтэграцыйныя курсы, але чэргі там велізарныя.

Рашэнне па МА мы чакалі 4 месяцы, а потым яшчэ месяц — карту. Адразу пасля вынясення рашэння нам аддалі пашпарты.

Зялёнай кніжачкай я карыстаўся толькі на пошце — атрымліваў дапамогу і заказны ліст, праблем не было.

«8 гадзін пад запіс расказвала сваю гісторыю»

— У мяне ў 2021 годзе было поўнае сумоўе. Пасля ночы без сну ў цягніку я адразу паехала да памежнікаў, дзе мяне мурыжылі яшчэ 10 гадзін: спачатку да медыкаў адвезлі, потым адбіткі адкачалі і 8 гадзін я расказвала сваю гісторыю. Але стаўленне пры гэтым было добрае: мяне паілі кавай і печывам частавалі. 

Пашпарт на час разгляду забіраюць, наўзамен выдаюць ТZТС. На ўвесь перыяд разгляду і два месяцы пасля я атрымлівала дапамогу: на той момант гэта было каля 750 злотых на месяц.

Маю справу разглядалі як па падручніку — роўна паўгода. Вельмі хутка выдалі і карту побыту на 2 гады з доступам да рынку працы і паметкай пра МА.

Працаваць я магла б без праблем, бо ў мяне была гумвіза, якая дае доступ да рынку працы. Але зарплаты мужа хапала на дваіх, таму я першы час не працавала, а вырашала ўсе папяровыя пытанні — па ўжондах бегаць трэба па буднях і максімум да 17:00, што працоўны чалавек не можа сабе дазволіць.

ТZТС, або «зялёная кніжачка», нарабіла цяжкасцяў. Яна для супрацоўнікаў ужондаў — дзіва дзіўнае, і за пашпарт яе не лічаць. А калі ім паказваеш закон пра тое, што яна прыраўноўваецца да пашпарта, атрымліваецца яшчэ горш. Заўвага ад замежніка ўспрымаецца як асабістая абраза і далей слухаць яны нічога не хочуць. 

Адная з такіх сітуацый адбылася на пошце пры атрыманні дапамогі. Новая паштальёнка (ранейшая ўжо ведала і не спрачалася) не хацела па гэтай кніжачцы выдаваць мне грошы і патрабавала прыйсці з картай побыту. Мае раздрукоўкі закона яе не хвалявалі і яна ўвесь час ператэлефаноўвалася з начальнікам (мабыць, настолькі ж «пісьменным»).

Выратаваў сітуацыю іншы дзень і іншы паштальён, інакш дапамогі я б не атрымала».

Кароткі гайд па міжнароднай абароне ў Польшчы 

Пасля скасоўвання магчымасці памяняць пашпарт за мяжой многія беларусы ў Польшчы вымушаныя звяртацца па міжнародную абарону (далей — МА). Для некаторых гэта наогул адзіны спосаб легалізацыі ў краіне: без дзейнага пашпарта няможна падацца на візу і ДНЖ, забраць гатовую карту побыту, а без ДНЖ немагчыма атрымаць польскі праязны дакумент. 

У рамках праекта #нашасправа Dzik занурыўся ў бездань польскіх законаў і склаў простую навігацыю па МА ў Польшчы.

Што такое міжнародная абарона?

Хоць МА ў сусветнай практыцы часта называюць «прыстанішчам», у Польшчы статусаў абароны больш і ўсе яны адрозніваюцца:

  • Міжнародная абарона — статус уцекача або дадатковая абарона;
  • Прыстанішча — асобная форма абароны на нацыянальным узроўні;
  • Гуманітарнае або дапушчальнае знаходжанне — для тых, у каго адсутнічае магчымасць дэпартацыі/вяртання.

❗️Часта людзі блытаюць гуманітарны ДНЖ/візу з міжнароднай абаронай або палітычным прыстанішчам, але гэта розныя статусы (пра адрозненні будзе пазней).

МА выдаецца бестэрмінова, абмежаваны тэрмін дзеяння маюць толькі вашыя дакументы — карта побыту, праязны дакумент і часовае пасведчанне асобы замежніка.

Хто мае права на атрыманне статусу МА?

Замежнік мае права звярнуцца за МА ў Польшчы пры выкананні двух крытэраў:

  • ён знаходзіцца на тэрыторыі Польшчы (уключаючы месцы пазбаўлення волі) або на польскай мяжы;
  • ён асцерагаецца пераследу на радзіме праз сваю расу, веравызнанне, грамадзянства, прыналежнасць да пэўнай сацгрупы або палітычных перакананняў або, калі ў выпадку вяртання, ён рызыкуе атрымаць прысуд, падвергнуцца катаванням, бесчалавечным адносінам, або паўстане значная пагроза яго жыццю з прычыны шырокамаштабнага гвалту або ўзброенага канфлікту. 

Даказванне ляжыць на замежніку, таму менавіта ён мае сабраць усе магчымыя сведчанні і падаць іх на разгляд. Паводле статыстыкі, ухваляюць МА ў Польшчы 97% заяўнікаў з Беларусі і без жалезных доказаў.

Які парадак звароту па МА?

Падача заявы ў пагранслужбе

Лепш папярэдне патэлефанаваць і ўдакладніць магчымасць падацца на МА ў пэўны дзень. Вы можаце з’явіцца і без папярэджання ў любую пагранслужбу Польшчы, але ёсць верагоднасць, што вас папросяць прыйсці ў іншы дзень (абавязаныя на вашай мове прызначыць дату, запратакаліраваўшы гэта).

❗️Упраўленне па справах замежнікаў (далей — УСЗ) раіць звяртацца па МА асабіста, а не праз пасярэднікаў — гэта бясплатна і патэнцыйных праблем у далейшым будзе менш.

У прызначаны дзень трэба будзе прыйсці асабіста (калі вы падаяцеся на МА ўсёй сям’ёй, то і астатнія сямейнікі маюць прыйсці). У вас прымуць заяву, растлумачаць вашыя правы і абавязкі і дадуць перакладчыка бясплатна (пры неабходнасці). Пасля гэтага здымуць адбіткі, сфатаграфуюць, спытаюць пра вашыя падставы для МА. Потым даюць падпісаць паперу, што вы не хочаце праводзіць дадатковае сумоўе (а вы відавочна не захочаце). 

У правілах таксама прапісаны медагляд, але на практыцы звычайна абыходзіцца стандартнымі пытаннямі пра самаадчуванне.

Сумоўе

Беларусаў часцей за ўсё не выклікаюць на дадатковае сумоўе, а просяць адказаць на пытанні анкеты, а потым яе разам з магчымымі доказамі на працягу 14 дзён выслаць/аддаць асабіста ў УСЗ (Taborowa 33, 02-699 Warszawa — адрас адзін для ўсіх, якія падаюцца на МА ў Польшчы).

Сумоўе (яго яшчэ называюць допытам) звычайна прызначаюць у выпадках, калі «прыняцце рашэння немагчымае на падставе аналізу сабраных доказаў». 

Пасля сумоўя вам аддадуць копію пратакола допыту, а сабраныя даныя абяцаюць не перадаваць дзяржорганам вашай краіны.

❗️Каб дакументы не згубіліся, пры асабістай падачы прасіце паставіць на іх штамп з датай прыёму, пры адпраўцы па пошце выбірайце заказны ліст «z potwierdzeniem nadania» і захоўвайце квіток.

Атрыманне часовага пасведчання асобы замежніка (TZTC)

Прыгатуйцеся, да выдачы рашэння па МА ў вас у 99% забіраюць пашпарт (усё роўна, ці дзейнічае ён, ці ўжо скончыўся). Замест яго вам выдаюць часовае пасведчанне асобы замежніка (TZTC). 

❗️Калі вы толькі прыехалі ў Польшчу, спачатку з пашпартам зрабіце песэль, адкрыйце рахунак у банку і вырашыце асноўныя пытанні, а потым падавайцеся на МА.

Першае TZTC выдаюць на 90 дзён, другое — на 6 месяцаў (па заяве замежніка). TZTC таксама выдаюць дзецям старэйшым за 5 гадоў па хадайніцтве бацькоў.

TZTC не дае вам права перасякаць мяжу Польшчы. Для перасячэння мяжы (калі няма іншых падстаў) вам неабходна будзе атрымаць карту побыту і пасля гэтага — Польскі праязны дакумент замежніка.

Дэцызія і карта побыту

Пасля збору ўсіх даных памежнікі перадаюць матэрыялы справы ва ўпраўленне па справах замежнікаў.

Дэцызія па МА мае быць прынятая на працягу 6 месяцаў з дня падачы заявы, а ў асаблівых выпадках тэрмін могуць падоўжыць да 15 месяцаў. На практыцы грамадзянам Беларусі часта выдаюць рашэнне на працягу 3-5 месяцаў. 

У выпадку станоўчай дэцызіі на працягу 3-х месяцаў вам маюць выдаць пластыкавую карту побыту. Унёсак на карту побыту прымаюць толькі ў УСЗ Варшавы (асабіста або поштай) і пасля паўторнай здачы адбіткаў.

На вашую просьбу могуць таксама даць сацыяльную падтрымку (медабслугоўванне, аплату часткі пражывання, матдапамога штомесяц, курсы польскай). 

Калі дэцызія адмоўная і вы лічыце адмову несправядлівай, яе можна абскардзіць на працягу тэрміну, названага ў рашэнні (звычайна гэта 14 дзён) у Радзе па справах уцекачоў, а калі і там адмова — на працягу 30 дзён абскардзіць у Ваяводскі адміністрацыйны суд. У выпадку абскарджання вы маеце права на бясплатную юрыдычную дапамогу.

Перавагі і недахопы МА

Галоўны плюс МА ў тым, што яна дае права бестэрмінова знаходзіцца ў Польшчы, калі ўсе астатнія варыянты легалізацыі немагчымыя, а ехаць на радзіму небяспечна. Яшчэ адзін важкі плюс — магчымасць адкрыць і весці JDG ў Польшчы (гуманітарны ДНЖ / віза такога права не дае).

Акрамя таго, атрыманне карты побыту па МА адбываецца вельмі хутка, і не трэба чакаць гадамі, як іншыя віды ДНЖ. Змены статусу справы вы бачыце адразу па смс і мэйле.

Але ёсць і мінусы. Напрыклад, на час разгляду справы няможна атрымаць спецыяльны дазвол на працу. Але працаваць легальна можна, толькі калі ў вас ёсць іншая падстава (напрыклад, дзейныя карта паляка, гумвіза, працоўная віза з дазволам на працу ў дадзенага працадаўцы).

Па МА няможна выязджаць за межы Польшчы да выдачы афіцыйнага рашэння. Выключэнне: дазвол шэфа органа па справах замежнікаў, выдадзенае пры наяўнасці асабліва важных асабістых прычын.

❗️А вось выезд у краіну паходжання ўладальніку МА пагражае ануляваннем статусу абароны.

Карысныя спасылкі:

Як мігранты старой хвалі ўладкаваліся ў Польшчы і што думаюць пра свой выбар
Як мігранты старой хвалі ўладкаваліся ў Польшчы і што думаюць пра свой выбар
Па тэме
Як мігранты старой хвалі ўладкаваліся ў Польшчы і што думаюць пра свой выбар

Хочаце паведаміць важную навіну? Пішыце ў Telegram-бот

Галоўныя падзеі і карысныя спасылкі ў нашым Telegram-канале

Абмеркаванне
Каментуйце без абмежаванняў

Рэлацыраваліся? Цяпер вы можаце каментаваць без верыфікацыі акаўнта.

-2

А зачем? Есть же Германия.

-1

Или Беларусь(в случае Томаша Шмидта).

Карыстальнік адрэдагаваў каментарый 8 мая 2024, 23:12