«На ўзроўні хібнасці». Айцішны фаўндар растлумачыў, чаму не супраць плаціць па $100K за супрацоўнікаў па візе H-1B

Сузаснавальнік і тэхдырэктар рэкрутынгавай ШІ-платформы Metaview Шахрыяр Тайбакхш патлумачыў, чаму «з радасцю» гатовы плаціць візавы збор для высокакваліфікаваных супрацоўнікаў, які нядаўна ўвёў Дональд Трамп.

1 каментарый

Навіна заспела Тайбакхша знянацку — неўзабаве па візе павінен быў прыехаць адзін з супрацоўнікаў, — але зусім не напалохала. «Людзі, якіх мы наймаем, ствараюць настолькі вялікую каштоўнасць для кампаніі, што $100 тысяч — гэта літаральна на ўзроўні памылкі акруглення», — адзначыў ён. Metaview плануе пашырацца ў ЗША і ў наступны раз падаць яшчэ больш заявак на візу.

Тайбакхш дадаў, што нават новае распараджэнне Трампа не пахісне яго веру ў тое, што поспех ці няўдача кампаніі — гэта вытворная ад яе людзей. А яго першым пытаннем было не «Як гэтага пазбегнуць?», а «Куды плаціць?», каб супрацоўнік змог прыехаць у ЗША і пачаць працу. Пазней стала зразумела, што новаўвядзенне распаўсюджваецца толькі на будучыя заяўкі.

На сённяшні дзень Metaview прыцягнула каля $50 млн інвестыцый. У камандзе 30-40 чалавек, прыкладна дзве траціны базуюцца ў Еўропе, астатнія — у ЗША. Але на працягу паўгода суадносіны плануецца давесці да 50/50.

Тайбакхш напісаў у LinkedIn, што людзі могуць прыходзіць працаваць у Metaview у Сан-Францыска, замест таго каб з’язджаць у іншую краіну. Пакуль ніводная прапанова не прынятая, але ён быў уражаны тым, што адгукнуліся «тысячы» кандыдатаў.

«Мы трацім так шмат часу на прыцягненне талентаў, таму што, калі будуеш кампанію, у цябе яшчэ не ўсё наладжана. Кожны чалавек, які да нас далучаецца, адыгрывае ключавую ролю. Каманда аднадумцаў, амбіцыйных людзей і іх поглядаў нараджае новыя ідэі. Калі скласці каштоўнасць, якую ствараюць праца і намаганні людзей, $100 тысяч не маюць значэння. Адзіны спосаб пабудаваць нешта значнае, што зменіць жыцці людзей, — гэта сабраць каманду сусветнага ўзроўню. Іншага шляху няма. Эканоміць на талентах — самае безадказнае, што можа зрабіць заснавальнік», — заяўляе прадпрымальнік.

У будучым годзе кампанія плануе наняць да 50 чалавек у ЗША, і ў наступнай латарэі можа падаць каля 24 заявак на H-1B. Фінансава для Metaview гэта абсалютна рэальна, улічваючы інвестыцыі. Тайбакхш таксама адзначыў, што адзін з інвестараў платформы — былы топ-менеджар Facebook Джанатан Хэйлігер — перапосціў яго публікацыю аб навінах па H-1B і напісаў, што многія працадаўцы правальваюць «тэст на сталасць», які стварылі гэтыя змены.

Тайбакхш прызнае, што некаторым стартапам прыйдзецца змяняць стратэгію найму з-за збору, але рабіць высновы аб наступствах пакуль рана. Ён падкрэслівае, што некаторыя ролі ў сферы ШІ і ПЗ могуць наогул не трапіць пад гэтыя патрабаванні, так як з’яўляюцца «нацыянальна значнымі», і ва ўказе Трампа згадваліся патэнцыйныя выключэнні. Ён вырашыў засяродзіцца на тым, што можа кантраляваць, і дачакацца дадатковай інфармацыі.

Супрацоўнікі Google пратэстуюць супраць новага збору для віз H-1B
Па тэме
Супрацоўнікі Google пратэстуюць супраць новага збору для віз H-1B
Новы збор за H-1B перакуліць наём у ІТ, галоўны ўдар па аўтсорсу
Па тэме
Новы збор за H-1B перакуліць наём у ІТ, галоўны ўдар па аўтсорсу

Читать на dev.by