У БДУІР будзе яшчэ больш мэтавікоў, іх забяруць заводы, сілавікі і пара ІТ-кампаній

БДУІР апублікаваў план набору мэтавікоў на гэты год. Амаль палову месцаў зарэзервавалі прадпрыемствы, звязаныя з ваенпрамам, мытныя органы і сілавыя структуры.

14 каментарыяў

Апошнія два гады ў БДУІР павялічваецца колькасць месцаў для мэтавікоў. Сёлета для такіх абітурыентаў вылучана 74 месцы. Для параўнання: летась было 67 месцаў, а ў 2023 годзе — 41 месца.

Асаблівасці набору мэтавікоў у БДУІР

Абітурыентаў адбірае замоўца з ліку грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія стала пражываюць у Беларусі і з’яўляюцца выпускнікамі ўстаноў адукацыі Беларусі.

Прыём дакументаў: з 27 чэрвеня па 2 ліпеня.

Правядзенне ўступных іспытаў: з 4 па 10 ліпеня.

Абітурыенты, якія паступаюць на ўмовы мэтавай падрыхтоўкі для атрымання вышэйшай адукацыі, за выключэннем асобных спецыяльнасцяў, здаюць адзін унутраны іспыт па матэматыцы. Іспыт праходзіць вусна.

Залічэнне: да 12 ліпеня.

Сёлета месцы зарэзервавалі больш за 30+ арганізацый па 12 спецыяльнасцях.

Як і летась, найбольшая колькасць месцаў (14) зарэзервавана для кампаніі «Інтэграл». У 2024 годзе «Інтэгралу» вылучылі столькі ж месцаў, у 2023 годзе — 12 месцаў.

Прадпрыемства распрацоўвае і вырабляе, у прыватнасці, паўправадніковыя прыборы і інтэгральныя мікрасхемы, выконваючы ў тым ліку замовы ваенпрама.

Раней медыя паведамлялі, што мікрасхемы «Інтэграла» закупляюць кампаніі, звязаныя з расійскім абаронным комплексам, у тым ліку «Интеграл-Запад», «Спец-Электронкомплект», «ЭКБ Инновационные технологии». Таксама паведамлялася, што мікрасхемы беларускай кампаніі выкарыстоўваюцца ў расійскіх ракетах «Іскандэр» і «Калібр».

У лютым гэтага года Еўрасаюз уключыў «Інтэграл» у 16-ы пакет санкцый за супрацоўніцтва з расійскімі прадпрыемствамі, якія ўдзельнічаюць у вайне РФ супраць Украіны. Паводле ацэнак ЕС, Расія інвеставала ў «Інтэграл» 350 мільёнаў даляраў. У ЕС заявілі, што беларуская кампанія «падтрымлівае дзеянні, якія падрываюць і пагражаюць тэрытарыяльнай цэласнасці, суверэнітэту і незалежнасці Украіны». Раней санкцыі супраць «Інтэграла» ўвялі ЗША, Вялікабрытанія, Канада і Японія.

Месцы для падрыхтоўкі спецыялістаў па мэтавых напрамках выдзелены таксама для шэрагу кампаній, звязаных з ваеннай прамысловасцю. Сярод іх — «Пеленг» (1 месца), «Аршанскі авіярамонтны завод» (1 месца), Мінскі завод колавых цягачоў (3 месцы).

На днях МЗКЦ таксама трапіў пад санкцыі ЕС (кампанію ўключылі ў 17-ы санкцыйны пакет). У ЕС заявілі, што МЗКЦ распрацоўвае вайсковую тэхніку для расійскай арміі і актыўна супрацоўнічае з расійскім абаронным сектарам. Паводле дадзеных Еўрасаюза, летась МЗКЦ экспартаваў у Расію 306 вагонаў з вайсковай тэхнікай, сёлета пастаўкі працягваюцца.

ІТ-спецыялістамі таксама цікавіцца сілавыя ведамствы. Летась 9 месцаў было зарэзервавана для Дэпартамента забеспячэння аператыўна-вышуковай дзейнасці МУС. Сёлета 6 месцаў зарэзерваваны для Дэпартамента крымінальнай разведкі МУС.

Таксама на будучых выпускнікоў БДУІР прэтэндуюць вядомыя вытворцы розных відаў тэхнікі — «Атлант», МАЗ, БелАЗ, «Амкадор», «Атлант».

У спісе прэтэндэнтаў на выпускнікоў БДУІР апынулася кампанія «Тэх энд Бізнес Солюшэнс» — кіруючая кампанія холдынгу 1AK-GROUP. Сярод вядомых прадпрыемстваў у структуры — акумулятарны завод пад Брэстам, супраць будаўніцтва якога выступалі жыхары рэгіёна ў 2020 годзе (запушчаны ў 2021-м).

Таксама мэтавікоў гатовая прыняць ІТ-кампанія SoftClub — найбуйнейшы ў Беларусі распрацоўшчык комплексных рашэнняў для банкаў, электроннага гандлю і біржавога сектара.

Што было ў 2024 годзе?

У мінулым годзе Міністэрства адукацыі вылучыла для БДУІР у межах мэтавай падрыхтоўкі 67 бюджэтных месцаў (па 13 спецыяльнасцях) у інтарэсах 28 заказчыкаў. За час уступнай кампаніі на «мэтавыя» месцы было пададзена 107 заяў ад 26 заказчыкаў. Універсітэт залічыў 56 чалавек.

Сярэдні конкурс па спецыяльнасцях склаў 1,8 чалавека на месца. Найбольшы конкурс назіраўся на спецыяльнасці «сістэмы і сеткі інфакамунікацый» (3 чалавекі на месца) і «праграмная інжынерыя» (2,55 чалавека на месца).

Больш за ўсё жадаючых было працаваць у Цэнтры абароны інфармацыі «Беларускай чыгункі» (конкурс — 5 чалавек на месца па спецыяльнасці «праграмная інжынерыя») і на «Камунарцы» (конкурс — 4 чалавекі на месца па той жа спецыяльнасці).

Дарэчы, у БДУІР нагадалі, што выпускнікі-мэтавікі абавязаны адпрацаваць у кампаніі або ведамстве не менш за 5 гадоў.

Як БДУІР набірае ў 2025. Усё амаль як было, але больш няма стандартнай завочкі
Па тэме
Як БДУІР набірае ў 2025. Усё амаль як было, але больш няма стандартнай завочкі
Выпускнікі інжынерных класаў змогуць паступіць без іспытаў на адну спецыяльнасць у БДУІР
Па тэме
Выпускнікі інжынерных класаў змогуць паступіць без іспытаў на адну спецыяльнасць у БДУІР

Читать на dev.by