Знайшлі «рэліктавага» айцішніка ў Беларусі. Вось чаму ён яшчэ ІП
Па інерцыі і таму, што прыйшлося наймаць людзей для бізнэс-праекта.
Здаецца, дзейных айцішнікаў-ІП у Беларусі амаль не засталося. Ва ўсякім разе наш кліч застаўся амаль без адказу. Мы хацелі даведацца, што трымае айцішнікаў у статусе ІП, чаму яны не перайшлі на ППД, як ім цяперашнія падатковыя ўмовы (ССП больш няма, толькі агульны парадак падаткаабкладання па стаўцы 20%), а таксама перспектыва плаціць 30% пасля перавышэння гадавога ліміту ў 500 тыс. BYN з наступным закрыццём.
Але адзін айцішнік з Мінска ўсё ж адгукнуўся. Ён не проста захаваў за сабой статус ІП, але і сабраў каманду для новага бізнэс-праекта. Што праўда, у ходзе размовы высветлілася, што ІП не было ўсвядомленым выбарам формы бізнэсу — праграміст проста скарыстаўся ўжо існай юрыдычнай магчымасцю, каб наняць людзей (на ППД гэта немагчыма).
Вось што ён расказаў.
—Я айцішнік-ІП у РБ. Сёлета я збіраў і афармляў каманду для працы па стварэнні чат-ботаў і аўтаматызацыі бізнэсу. Супрацоўнікаў пакуль двое, плачу ім заробкі і падаткі з уласнай кішэні (працую паралельна ў найманні). Заказаў пакуль актыўна не шукаў, але налета абавязкова буду (для пачатку — на ўнутраным рынку) і цалкам пайду ў ІП. Буду плаціць 20%, пакуль не дабяруся да ліміту.
Ці выгадна гэта?
Наш суразмоўца таксама дадаў, што ІП адкрыў яшчэ ў 2015 годзе, калі выконваў замежны заказ, «заўсёды быў на спрошчанай схеме, але ад 2024 года, мабыць, прыйдзецца пераходзіць на агульны парадак».
Калі мы ўдакладнілі, што ССП сышла ў нябыт 1 студзеня 2023 года, айцішнік не стаў спрачацца і дапусціў, што памыліўся, бо даходаў як ІП даўно не атрымлівае. Крыніца паступленняў — праца ў ІТ-кампаніі. Што да павышаных падатковых ставак для ІП, то гэта пакуль не галоўнае.
— Наколькі камфортная гэтая форма [вядзення бізнэсу], пакажа час, калі пойдуць (ці не) кліенты. Мая мэта — не проста зарабіць на хлеб з маслам (грошай мне хапала і ў найманні), яна перакрывае любыя падаткі. Мэта — to make the world a better place:-)
Ці перспектыўны бізнэс у Беларусі?
— Перспектыўнасць нішы — гэта пакуль гіпотэза, але варта заўважыць, што пад ботамі мы разумеем не толькі чат-ботаў, а любую аўтаматызацыю бізнэс-працэсаў, замену рэальных супрацоўнікаў лічбавымі. Таму ёсць меркаванне, што шматлікім бізнэсам абсалютна рознай накіраванасці можа быць цікава скарачэнне выдаткаў на штат супрацоўнікаў.
Ці ёсць план перайсці парог у 500 тыс. BYN? І што тады?
— Пакуль няма канкрэтнага плана. Але калі пашанцуе і план пачне вымалёўвацца, то, магчыма, трэба будзе загадзя перааформіцца ў ТАА.
Калі спатрэбіцца пашыраць штат супрацоўнікаў, то таксама прыйдзецца трансфармавацца ў арганізацыю.
Разважаю як непрафесіянал, але некаторыя кажуць, што весці ТАА нават прасцей, не? Здаецца, можна ўкладаць з супрацоўнікамі не працоўныя дамовы, а дамовы падраду. Напэўна, ёсць нейкія нюансы. Увогуле, буду разбірацца з пытаннямі па меры іх з’яўлення.
Wanted. Калі вы айцішнік і ў 2023 годзе працуеце ў Беларусі як ІП, напішыце нам у @devby_insight_bot, гэта ананімна.
dev.by, як і іншым сумленным медыя, сёння вельмі складана: рэдакцыя працуе па-за межамі краіны, а нашыя рэкламныя даходы скараціліся ў некалькі разоў. Але мы даем рады — з вашай дапамогай. Гэта вы дзеліцеся з намі інфанагодамі, думкамі, досведам, часам, увагай і данатамі.
І яшчэ крыптой, тут кашалькі.
Дзякуй, што прачыталі гэтае паведамленне.
Читать на dev.by