Праблемы з банкамі, працай, рэгістрацыяй. Як доўгае чаканне карты побыту псуе жыццё рэлакантам

Канал Dzik Pic сабраў гісторыі рэлакантаў пра тое, з якімі праблемамі яны сутыкаюцца без карты дазволу на жыхарства.

13 каментарыяў

Праблемы з рэгістрацыяй і ўсім, што з гэтым звязана

— Я падаваў дакументы на ДНЖ поштай, таму ў мяне няма штампа ў пашпарце. Дакладней, ён павінен быць, але я яго чакаю ўжо 8 месяцаў.

Праз гэта ўзнікаюць праблемы з усім, дзе патрэбны мельдунэк (рэгістрацыя па месцы жыхарства). Бо для гэтага патрэбныя або пячатка, або віза, або ДНЖ. Няма мельдунка — няможна паставіць аўто на ўлік (памяняць пасведчанне).

Пасля куплі аўтамабіля хадзіў ва ўсе ўжонды па некалькі разоў, са спадзевам, што ў розных службоўцаў штосьці атрымаецца, але без шанцаў. 

Па выніку адзін са службоўцаў мне сказаў: «Стаўляй на ўлік на іншага чалавека». У выніку так і зрабіў. Прыйшлося прадаць сябру аўто, яшчэ раз заплаціць 2% за продаж і мець даражэйшую страхоўку. Відаць, таму, што пры страхаванні пазначыў, што ўладальнік адзін, а карыстальнік другі.

Калі спытаў кіраўніка Уроцлаўскага ўжонда, хто мае плаціць штрафы за аўто без рэгістрацыі (па сутнасці, праз іх павольную працу), той адказаў, што, вядома ж, я.

Яшчэ пасведчанне кіроўцы трэба памяняць на польскае, але без мельдунка гэта таксама немагчыма. 

Праблема з банкамі

— Калі ў 2023 годзе скончылася папярэдняя карта побыту, не паспеў своечасова падаць дакументы на новую. Прыйшоў ва ўжонд на дзень пазней, проста пераблытаў даты. 

Мне сказалі — усё акей, але прыняць дакументы не можам, едзьце ў канцылярыю. З’ездзіў туды, патлумачыў сітуацыю. Сказалі — не праблема, давайце вашую заяву, дакументы прынесяце пасля запрашэння.

Аддаў заяву пры канцы лістапада 2023-га, і толькі ў красавіку 2024-га прыйшло запрашэнне данесці ўсе астатнія дакументы. Дагэтуль чакаю пластык, хоць сама дэцызія (рашэнне) ужо ёсць.

За гэты час была гісторыя з банкам Santander, дзе папрасілі паказаць карту побыту (пячатка іх не задаволіла).

Як вырашылася пытанне? Пасля таго, як усё ўсплыло ў медыя і людзі сталі пісаць масавыя звароты, у адзін момант праграма і банкінг проста разблакаваліся. Але ўсё роўна асобна даслалі паведамленне, каб паказаў у банку ДНЖ, як толькі яго атрымаю.

Таксама сутыкнуўся з праблемай зрабіць мельдунэк. Прыйшоў ва ўжонд, паказаў пячатку, сказалі: «У вас надта старая пячатка (9+ месяцаў), а раптам вам адмовілі ў ДНЖ?»

Не магу нават забраць пасведчанне на машыну, бо там просяць паказаць ДНЖ або мельдунэк. Карацей, адсутнасць ДНЖ моцна псуе жыццё, чырвоная пячатка дапамагае, але не заўсёды.

Праблемы з працай і пастаноўкай на ўлік як беспрацоўны

— Жывем у Катавіцах, чакаем карту ад верасня 2022-га. На працы ўжо не вераць, асабліва калі заказваю новае пацверджанне.

А калі не пашанцавала і не ўладкаваўся на працу, як мой муж, то знайсці яе без візы і карты складаней. Ён хацеў сам за сябе плаціць ZUS, каб была страхоўка ― без карты няможна. Хацеў стаць на біржу працы ― без карты таксама няможна. Замкнёнае кола.

Дачка не можа са сваім класам паехаць па-за межы Польшчы на экскурсію. 

Атрымалі лісты пра блакаванне рахункаў у банку Santander. Да Новага года яны пачакаюць. Але карт не будзе. Як пры заблакаваным рахунку плаціць усё — арэнду, камуналку, сад ― я не разумею. 

З інспектарам сувязі няма, з ваяводам асабіста сустрэцца таксама нельга. Жывеш як у турме.

Адмова ў візе

— Чакаю працоўны побыт 3 гады. Падаваўся на нямецкую візу для выканання даследаванняў. Атрымаў адмову, бо немцы палічылі, што я знаходжуся на падставе гумвізы PBH (атрымаў візу з маркіроўкай D21 на тэрыторыі Польшчы). Хоць яна ўжо даўно скончылася і я знаходжуся на падставе адміністрацыйнай працэдуры на атрыманне карты па працы.

Што планую рабіць? Запатрабаваў ва ўжонда пацверджанне, што мэта побыту ― выкананне працы. І буду падаваць апеляцыю па візе ў амбасаду.

Шэрая зона

— Чакаю дэцызію ад пачатку сакавіка (разумею, што гэта адносна смешны тэрмін). Асноўная боль — побыт па бізнэсе на аснове JDG, якое вядзецца на аснове побыту па бізнэсе.

Юрыст сцвярджае, што (весці ІП паміж картамі) гэта незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць ― адміністрацыйка, ад 20 да 5000 злотых штрафу (ад 5 да 1,2 тыс. долараў). Не тое каб надта смяротна, але нервы робіць.

Так, пакуль ужонды заплюшчваюць на гэта вочы. Але могуць і прыадплюшчыць, асабліва ў святле апошніх павеваў у міграцыйнай палітыцы.

Бонус: карта амаль праз 3 гады

— Карту побыту чакаю 2 гады 11 месяцаў. Вось ужо на апошнім этапе, у снежні забіраю.

Ніякіх цяжкасцяў праз адсутнасць карты не было, напэўна, таму што ў мяне карта паляка. Адзінае, няможна ўзяць тэлефон у растэрміноўку, а ў астатнім жыццё без карты побыту ў Польшчы роўнае жыццю з картай побыту (для мяне).

«Перашкаджаюць нармальна легалізавацца». Польскі PKO заблакаваў аперацыі па рахунку прадпрымальніку з Беларусі
Па тэме
«Перашкаджаюць нармальна легалізавацца». Польскі PKO заблакаваў аперацыі па рахунку прадпрымальніку з Беларусі
Ці можна атрымаць «дэкрэтныя» ў Польшчы, калі працуеш па ўмове злецэння?
Па тэме
Ці можна атрымаць «дэкрэтныя» ў Польшчы, калі працуеш па ўмове злецэння?
«Получила два оффера». Беларуска устроилась на работу в Польше с проездным документом иностранца
По теме
«Получила два оффера». Беларуска устроилась на работу в Польше с проездным документом иностранца
Ці можна з праязным дакументам замежніка адкрыць рахунак? Вось што адказалі ў польскіх банках
Па тэме
Ці можна з праязным дакументам замежніка адкрыць рахунак? Вось што адказалі ў польскіх банках

Читать на dev.by