Як на Яндэкс-Панарамах замазалі твары мінскіх помнікаў

dev.by падцяміў, што аўтаматычныя алгарытмы прынялі за людзей дзясяткі скульптур на Яндэкс-Панарамах — і замазалі ім твары. Таксама пацярпелі і знакамітыя сталічныя мазаікі.

6 каментарыяў

Яшчэ ў 2011 годзе Яндэкс пачаў замазваць на сваіх панарамных здымках твары людзей — спачатку гэта адбылося на відах гарадоў Турцыі (прыводзілі фота ў адпаведнасць з мясцовымі законамі). А да нашых шырот дабраліся нашмат пазней: прыкладна ў сакавіку 2020 года. Прыватнае жыццё мусіць заставацца прыватным.

Замазванне/размыванне твараў (і нумароў аўтамабіляў) выконваюць алгарытмы, якія спецыяльна нацяганыя на выкананне такіх задач. Калі алгарытмы дзесьці прамахнуліся і не замазалі чалавека, то чалавек можа паказаць на гэтую памылку і дамагчыся выпраўлення. Але дзе-нідзе «бяздушная жалязяка» перастаралася. Мы заўважылі, што замыленымі выявіліся дзясяткі мінскіх скульптур, мазаік і афіш.

Наогул гэтыя схаваныя твары скульптур не адразу і заўважыш, бо, як правіла, стаяць яны на аддаленні ад дарог, па якіх ездзіў «панарамамабіль». І толькі наблізіўшы малюнак, відаць выразна: твар зусім невыразны.

Вось, напрыклад, помнік Максіму Багдановічу паблізу вуліцы свайго ж імя. Здалёк — ну помнік і помнік, а паблізу ўжо — помнік без твару.

Калі пераключыць на даўнейшы год здымкі, то з тварам Багдановіча ўсё як мае быць.

Непадалёк, на вуліцы архітэктара Заборскага, ля бакавога ўвахода ў Сувораўскае вучылішча стаіць скульптура «Маленькі генерал». У яе твар замылены і на здымцы 2019-га, і на здымцы 2014-га гадоў.

Яшчэ крыху далей, На Востраве мужнасці і смутку, стаіць скульптура анёла, які плача. Алгарытмы замазалі анёлу не толькі твар, але і левае крыло.

На праспекце Пераможцаў замазалі твар скульптуры «Зіма. Каляды» насупраць кінатэатра «Масква», у Траецкім прадмесці — твар Язэпа Драздовіча, а на вуліцы Гарадскі Вал — самога гарадавога. Падобна, неўзабаве нейрасетка са сваімі алгарытмамі будзе вымушаная прасіць прабачэння на камеру.

На плошчы Свабоды пацярпеў Войт, а вось парная скульптура Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча і Станіслава Манюшкі ў кадр, на шчасце, не патрапіла.

Некаторым скульптурам замазалі твары, але варта зрабіць крок направа-налева або наперад-назад, як твары статуй паўстаюць перад намі ў нескажоным выглядзе. Гэта прыкметна на прыкладзе скульптуры «Курэц» у Міхайлаўскім скверы і яшчэ лепш — на прыкладзе бюста Героя Савецкага Саюза Сяргея Грыцаўца на вуліцы Леніна.

Вернемся да класікаў. На бульвары імя сябе сядзіць сумны Уладзімір Мулявін, вось толькі твару ягонага не разглядзець. Непадалёк, на плошчы імя сябе, сядзіць такі ж сумны Якуб Колас — і таксама без твару. А вось над суседнімі статуямі Сымона-музыкі і дзеда Талаша алгарытмы злітаваліся. У парку імя сябе гэтак жа сама без твару застаўся Янка Купала.

Вакол Опернага тэатра, акрамя ўжо згаданага намі Багдановіча, расстаўлена нямала скульптур — і амаль усе яны пацярпелі ад алгарытмаў. Так, праграма засакрэціла твар піянера-героя Марата Казея. Скульптуры «Муза оперы» і без таго няпроста: у яе начыста няма ног, — а цяпер яшчэ і твару таксама няма. З трыа балерын (скульптура «Балет») без твару засталіся дзве.

Дзіўная сітуацыя склалася з галоўным фасадам Тэатра оперы і балета. На франтоне размешчаная скульптура «Апалон і Славы» (варыянт назвы — «Апалон, які вянчае Менад»), на выступах збоку — скульптуры муз розных відаў мастацтва. Дык вось, твары замазаныя ў Апалона і ў муз, але не ў Менад. Зрэшты, калі зрушыцца ўбок, то і Апалон зноў паказвае нам свой сапраўдны твар.

Дарэчы, тутсама, у Оперніка, відаць, што для алгарытмаў і чалавечым тварам даць рады не пад сілу. Палічыце, колькі незамазаных твараў можна разгледзець у школьнікаў, што пазіруюць на прыступках (цікава, што ў хлопцаў усе твары зарэтушаваныя — адкрытымі засталіся толькі твары дзяўчат).

Крута прыйшлося не толькі дзеячам мастацтва і выдуманым персанажам — дзяржаўныя працаўнікі таксама прымерылі на сябе абстрактныя маскі (хтосьці скажа, што так нават і лепш). Так, на плошчы Незалежнасці Ленін, які дае наказ бальшавікам перад адпраўкай на вайну з белапалякамі, літаральна згубіў твар. А на вуліцы Камсамольскай на будынак КДБ глядзіць не «жалезны» Фелікс Дзяржынскі, а яшчэ адзін безаблічны бюст.

На рагу вуліц Леніна і Карла Маркса стаіць знакаміты «пісьменніцкі» дом, упрыгожаны дзясяткам мемарыяльных таблічак. Алгарытмы палічылі, што самым жывым сярод іх з’яўляецца барэльеф Петруся Броўкі (літаратурны музей якога акурат у гэтым будынку і размешчаны) — і размылі яго твар. Ні Чарвякоў, ні Дзяржынскі на бакі ад Броўкі, ні іншыя твары на астатніх барэльефах не пацярпелі.

Ды што там барэльефы! Дасталася і знакамітым мазаікам, і нават афішам. Вось, напрыклад, ля цырка афіша: гастролі тэатра Вахтангава. Як выглядаюць заезджыя зоркі — гледачу Яндэкс-Панарам ведаць нечага.

А вось знакамітыя мазаікі Аляксандра Кішчанкі на вышынях у мікрараёне Усход. Алгарытмы замазалі твары на трох з іх — прычым усе тры разы гэта маці за спінай у хлопчыка. Партрэт Гагарына і астатнія персанажы, а таксама чацвёрты гмах (на рагу з вуліцай Каліноўскага) нейрасетку не трыгернулі. Іншыя мазаікі Кішчанкі («Кастрычнік» на Кальварыйскай і «Беларусь партызанская» на рэстаране гасцініцы «Турыст») таксама не спадабаліся.

Флэш-раяль сабраў Нацыянальны мастацкі музей на вуліцы Леніна. Тут алгарытмы падрэтушавалі адразу пяць аб’ектаў: статуі «Скульптура» і «Жывапіс» на бакі ад уваходу (аўтарства Сяргея Адашкевіча і Паўла Белавусава, а таксама братоў Марка і Лейбы Раберманаў), скульптуру «Слава» на порціку (Андрэй Бембель), а заадно рэпрадукцыі абраза «Маці Божая Замілаванне» і карціны «Партрэт невядомай з кветкамі і садавіной» (Іван Хруцкі) на рэкламным банеры.

З дванаццаці персанажаў на франтоне і даху галоўнага фасада палаца культуры прафсаюзаў праграма заштрыхавала траіх (і яшчэ аднаго на заднім фасадзе).

Увогуле, пра што казаць, калі праграма замазала нават твары ў першага ў свеце помніка праграмістам на Партызанскім праспекце — скульптуры Леаніда Зільбера «Праца» (іншая назва — «Навука») 1975 года. У хлопца ў руках — асцылограф, у дзяўчыны — перфастужка з праграмай. Напэўна больш стабільнай за тую, што на панарамах замазвае твары людзей і адначасна захоплівае скульптуры.

«Уклаў 200К, вярнуў 180». Як айцішнікі спехам прадаюць кватэры ў Мінску
Па тэме
«Уклаў 200К, вярнуў 180». Як айцішнікі спехам прадаюць кватэры ў Мінску

Читать на dev.by