Неверагодныя сумы цяпер штодзённасць: што з цэнамі на кватэры ў Мінску
Партал realt.by расказаў пра тэндэнцыі на сталічным рынку нерухомасці. Паводле экспертаў, 2025 год стаў працягам папярэдняга — пакупніцкая здольнасць была на самым высокім узроўні нягледзячы на павелічэнне кошту квадратнага метра.
«Квадрат за $2 тысячы яшчэ нядаўна здаваўся неверагоднай сумай, а цяпер ужо стаў звычайнай з’явай», — кажа кіраўнік аддзела продажаў агенцтва «Авангард Нерухомасць» Міхаіл Вавілаў.
На яго думку, у наступным годзе гэтая лічба стане асновай, але магчыма і плаўнае павышэнне коштаў, калі стаўка па іпатэчных крэдытах знізіцца да 12-14%. «Паколькі спецыялісты не прагназуюць росту курсу даляра, гэта таксама будзе спрыяць стабільнаму попыту», — дадае Вавілаў.
Тыя, хто год таму адкладваў куплю кватэры, сёння пераплачваюць. Прычым даражэе як купля, так і арэнда. У такой сітуацыі тыя, хто спадзяваўся на зніжэнне коштаў, каб набыць кватэру для сябе, перастаюць чакаць — прасцей узяць крэдыт і выплачваць кожны месяц пэўную суму за ўласнае жыллё, чым плаціць за арэнду.
Таксама на рынак вяртаюцца замежныя пакупнікі — як з краін СНД, так і з Еўропы. «Замежнікі часцей за ўсё выбіраюць новыя кватэры з рамонтам ці дамы. Адна з прычын, чаму замежнікам цікавае жыллё ў Беларусі, заключаецца ў тым, што ў нас пры набыцці жылля не патрабуецца пацверджанне даходу», — кажа кіраўнік аднаго з аддзелаў продажу жылля агенцтва нерухомасці «Твая сталіца» Ірына Рыбакова.
Яна таксама адзначае, што кошты зараз знаходзяцца на вышыні. Асабліва карыстаюцца попытам кватэры невялікага метражу з рамонтам у новых дамах. Квадрат у такіх кватэрах у сярэднім даходзіць да $3 тысяч. Па высокіх коштах таксама могуць прадавацца хрушчоўкі і брэжнеўкі з рамонтам у добрых месцах. А вось стары фонд без рамонту не цікавы нават іншагароднім пакупнікам: яны аддадуць перавагу простай навабудоўлі, бо вельмі баяцца ўвязвацца ў рамонт, тлумачыць Рыбакова.
Читать на dev.by