Nokia скароціць да 14 тысяч супрацоўнікаў

Nokia збіраецца звольніць да 14 тысяч чалавек для зніжэння выдаткаў на фоне слабога попыту на 5G-абсталяванне новага пакалення і 20%-га падзення продажаў у трэцім квартале. Пра гэта фінскі тэлекам-гігант паведаміў сёння.

Пакінуць каментарый

Nokia і яе канкурэнт Ericsson сутыкнуліся з падзеннем попыту ў ЗША і спрабавалі кампенсаваць яго продажамі на таннейшым рынку Індыі. «Сітуацыя на рынку сапраўды складаная. Пра гэта сведчыць той факт, што на нашым галоўным рынку — рынку Паўночнай Амерыкі — нашыя чыстыя продажы ў 3 квартале ўпалі на 40%», — адзначыў гендырэктар кампаніі Пека Лундмарк у інтэрв’ю Reuters.

Раскрыць падрабязнасці звальненняў ён адмовіўся, спаслаўшыся на неабходнасць спачатку пракансультавацца з прадстаўнікамі работнікаў.

Колькасць супрацоўнікаў Nokia паменшыцца з 86 тысяч да 72-77 тысяч. У найгоршым выпадку кампанія страціць 16% штату. Так яна разлічвае зэканоміць ад €800 млн да €1,2 млрд у 2026 года.

На старце гандлёвага  дня пасля анонсу навін каціроўкі кампаніі ўпалі на 5%.

Nokia змяніла лагатып упершыню за 60 гадоў
Па тэме
Nokia змяніла лагатып упершыню за 60 гадоў

Тым не менш у Nokia чакаюць, што ў чацвёртым квартале сітуацыя палепшыцца. Мэтавыя паказчыкі на год кампанія пакінула без змен. «Мы працягваем верыць у рынак у сярэдне- і доўгатэрміновай перспектыве, але мы не збіраемся сядзець, чакаць і маліцца, што рынак адновіцца ў найбліжэйшым часе. Мы папросту не ведаем, калі ён адновіцца», — дадаў Лундмарк. Ён таксама сказаў, што дзе-нідзе бачныя прыкметы таго, што попыт зноў пачне расці, але пра трэнд гаворка не вядзецца, і што Nokia будзе падтрымліваць выдаткі на даследаванні і распрацоўкі.

Чыстыя продажы Nokia ў 3 квартале ўпалі да €4,98 млрд у параўнанні з €6,24 млрд годам раней пры чаканых €5,67 млрд.

Шведская тэлекамунікацыйная кампанія Ericsson сёлета абвясціла аб скарачэнні 8,5 тысяч супрацоўнікаў.

Ericsson скарачае 8500 супрацоўнікаў
Па тэме
Ericsson скарачае 8500 супрацоўнікаў

Читать на dev.by