У ПВТ новы лагатып. «Лічбавая пушча» кажа «HI» рэзідэнтам
У ПВТ навіны — рэбрэндынг. Абнавілі лагатып і стыль. У графічных элементах ад кампаніі iMedia Solutions — «спалучэнне пікселяў, QR-кода і арнаменту». Публікуем прэс-рэліз Парка цалкам.
Прэс-рэліз ПВТ
«Парк высокіх тэхналогій правёў рэбрэндынг, абнавіўшы лагатып і фірмовы стыль.
Задача выкананая: цяпер лагатып больш сучасны і адлюстроўвае адкрытасць да ўсіх удзельнікаў галіны, цяперашніх і будучых.
Рэдызайн ПВТ правяла кампанія iMedia Solutions, якая заклала ў аснову дызайну лагатыпа і фірмовага стылю канцэпцыю прывітання «HI».
Арт-дырэктар iMedia Solutions Яўген Палько:
— Нам было важна стварыць айдэнтыку, якая магла б лёгка ўспрымацца ў любым кутку свету шырокай мэтавай аўдыторыяй. Пры гэтым стыль павінны мець высокую ступень варыятыўнасці і маштабаванасці.
Пунктам адпраўлення стала простае і ў той жа час зразумелае ўсім прывітанне «HI». Гэтая ідэя лягла ў аснову сістэмы візуальнай і вербальнай камунікацыі брэнда з усімі рэзідэнтамі парка, як цяперашнімі, так і будучымі.
Геаметрычна просты знак дазваляе без вялікіх намаганняў упісваць яго ў неабходны кантэкст, а дадатковыя візуальныя элементы дапаўняюць яго. Трансфармаваны лагатып і фірмовы стыль ПВТ лёгка адаптуюцца для выкарыстання на розных анлайн- і афлайн-носьбітах, на сайтах рэзідэнтаў, у сацыяльных сетках, камунікацыйных матэрыялах і ў любых digital-фарматах.
iMedia Solutions перагледзела каляровую палітру ПВТ і дапасавала дызайн градыентнага фону да лагатыпа і элементаў фірмовага стылю. Насычана яркія адценні чырвонага, фіялетавага, сіняга, зялёнага, жоўтага і памаранчавага, якія пераходзяць у лёгкія і спакойныя тоны, транслююць тэхналагічнасць, сучаснасць, рознабаковасць і мабільнасць.
Часткай фірмовага стылю сталі распрацаваныя графічныя элементы, ідэя якіх палягае ў аб’яднанні лічбавага асяроддзя і нацыянальнага арнаменту. «Гэта адначасовае спалучэнне пікселяў, QR-кода і арнаменту», — падкрэслівае арт-дырэктар.
Як адзначыла прэс-сакратарка Парка высокіх тэхналогій Любоў Маёрава, першы лагатып ПВТ быў створаны больш як 10 гадоў таму, калі ў галіне працавала пару тысяч спецыялістаў і каля 100 кампаній.
— Сёння ў Парку — больш за 1000 рэзідэнтаў і 70 тысяч работнікаў, — кажа Любоў Маёрава. — У верасні ПВТ спаўняецца 17 гадоў. За гэты час галіна якасна змянілася, асабліва пасля прыняцця лічбавага дэкрэта ў 2017 годзе, з’явілася шмат прадуктовых кампаній у абсалютна розных сферах.
Парк высокіх тэхналогій і IT-галіну ў цэлым можна лічыць сапраўдным беларускім брэндам. «Крэмніевая даліна Усходняй Еўропы», «лічбавая пушча» — кожны называе па-рознаму.
Сапраўды, гэта самы дынамічны сектар беларускай эканомікі. Драйвер росту, які дае больш за 5% ВУП. Таму было прынятае рашэнне аб абнаўленні дызайну для павышэння пазнавальнасці ПВТ як унутры Беларусі, так і па-за яе межамі.
Змена стылю ўжо пачалася. Дарэчы, на сайце Парка высокіх тэхналогій вылучаецца адная з распрацаваных версій новага лагатыпа, а змененыя аватары ў сацыяльных сетках цяпер глядзяцца арганічна. У найбліжэйшыя месяцы ПВТ цалкам пяройдзе на выкарыстанне абноўленага фірмовага стылю», — паведамляецца ў прэс-рэлізе ПВТ.
Новы стыль:
А вось якім быў лагатып ПВТ да нядаўняга часу:
Читать на dev.by