Новы сэрвіс рассылае рэкламныя смскі наведвальнікам сайтаў, нават калі яны не пакідалі нумара тэлефона
Расійская кампанія Roistat запусціла сэрвіс «SMS-таргетынг», які дазваляе рабіць смс-рассылкі наведвальнікам сайтаў, якія не пакідалі свайго нумара. Для гэтага распрацоўшчыкі аб’ядноўваюць даныя ад сотавых аператараў з інфармацыяй ад уладальнікаў сайтаў. Кампанія мае намер супрацоўнічаць з малым і буйным бізнэсам, расказвае vc.ru.
Сутнасць сэрвісу ў наступным: рэкламадавец стварае ў асабістым кабінеце рэкламную кампанію, паказвае патрэбныя дамены і даты наведванняў, а таксама бюджэт і час адпраўкі паведамленняў. Сэрвіс адпраўляе даныя аператарам сувязі, а тыя складаюць спіс атрымальнікаў.
Рэкламадавец можа выключыць з рассылкі дзейных кліентаў, калі знае іх мабільныя нумары, і адправіць паведамленні не толькі сваім наведвальнікам, але і карыстальнікам канкурэнтаў або пастаўшчыкоў падобных тавараў і паслуг.
Кліенты аператараў, якія не давалі згоды на маркетынгавыя рассылкі, атрымліваць смскі не будуць. А рэкламадаўцам падаюць не адкрытую базу нумароў, а толькі магчымасць адправіць на іх паведамленне.
Roistat прапануе бізнэсу больш за 1000 гатовых смс-шаблонаў для розных галін — ад продажу адзення да аўтатавараў — і інструменты аналітыкі, каб адсочваць, колькі ўгод прынеслі рассылкі.
Кампанію Roistat запусцілі ў 2013 годзе праграміст Герман Гаўрылаў з Вялікага Ноўгарада і распрацоўшчык Яўген Удодаў. Платформа збірае даныя з CRM-сістэм, рэкламных пляцовак і сайтаў і паказвае, якая рэклама больш эфектыўна паўплывала на продажы.
Читать на dev.by