Знайшлі айцішнікаў, якія ўжо гутарылі пра данаты. Падрабязнасці
Учора стала вядома, што айцішнікаў, якія данацілі ў фонды, клічуць на гутарку да супрацоўнікаў спецслужбаў — праз кіраўніцтва ІТ-кампаній. Дазналіся падрабязнасцей.
Паводле інфармацыі крыніц dev.by, спецслужбы маюць спіс тых, хто данаціў у фонды. Якраз гэтыя спісы яны нібыта адправілі ў ПВТ, а адтуль спісы сышлі ў ІТ-кампаніі.
Ацаніць маштабы таго, што адбываецца, пакуль праблематычна. Невядома, як менавіта і за які перыяд сфармавалі спісы, колькі ў іх ІТ-спецыялістаў, якія ІТ-кампаніі іх атрымалі і яшчэ атрымаюць. Заснавальнікі фондаў лічаць, што гэта могуць быць спісы з банкаў, у якія (магчыма) уключылі ўсіх ініцыятараў плацяжоў праз фэйсбук з беларускіх картак.
Мы верыфікавалі інфармацыю пра тое, што такія гутаркі ладзяць у адной буйной ІТ-кампаніі (мноства не звязаных крыніц). Таксама ёсць інфармацыя пра аналагічныя працэсы ў іншай буйной ІТ-кампаніі ад адной крыніцы, пакуль праверыць яе не атрымалася.
На наш запыт адгукнуўся, у прыватнасці, спецыяліст, у якога была такая гутарка з кампаніяй. Яшчэ ад восені ён у Літве.
— Яшчэ ўлетку я рэлакаваўся ў Літву, ад восені афіцыйна не лічуся ў Беларусі. Днямі ў мяне была гутарка з менеджарам з нагоды данатаў. Сказалі, што ёсць такі спіс, у ім маё прозвішча. Мне прапаноўваюць прыехаць на гутарку ў Мінск і зрабіць іншы данат. На якую суму — невядома. Далі пару дзён на прыняцце рашэння. Я пакуль нічога не адказаў, але на дадзены момант вырашыў, што нічога кампенсаваць не буду і на гутарку не паеду.
Яшчэ адная чытачка расказала dev.by, што яе муж (нібыта супрацоўнік другой буйной ІТ-кампаніі) ужо пабываў на гутарцы са спецслужбамі. У рэдакцыі няма магчымасці праверыць гэтую гісторыю, акрамя таго, частка нашых пытанняў засталася без адказаў. Калі коратка: у гутарцы з кіраўніцтвам ІТ-кампаніі муж чытачкі пагадзіўся на візіт у КДБ, які прызначылі на канкрэтны дзень. Там прапанавалі заданаціць або «1000 у. е.», або (на выбар) у 10 разоў больш за яго данат у ByHelp. Паводле інфармацыі жонкі, гэта трэба было зрабіць праз банк у дзяржаўны фонд на выбар і прынесці выпіску. Суразмоўніца сцвярджае, што мужу абяцалі на працягу 10 дзён даслаць ліст пра спыненне крымінальнай справы аб фінансаванні тэрарыстычнай арганізацыі. Пры гэтым інфармацыі пра тое, калі справа было заведзеная, у якім статусе ў справе знаходзіцца айцішнік, няма.
Адзін з чытачоў dev.by сцвярджае, што такія ж «велізарныя спісы» атрымліваюць, у прыватнасці, банкі: «супрацоўнікаў, якія данацілі, прымушаюць пералічваць данаты куды скажуць. Некаторых звальняюць».
dev.by атрымалася пацвердзіць звальненне як мінімум аднаго банкаўскага менеджара высокага ўзроўню «за данат».
Заснавальнікі двух фондаў (BySol і ByHelp) Андрэй Стрыжак і Аляксей Лявончык выключаюць уцечку баз даных пра людзей, якія рабілі данаты. Паводле іх дапушчэння, інфармацыю пра данаты маглі даць банкі, у спісах могуць быць тыя, хто данаціў куды-небудзь праз Facebook з беларускіх карт.
— Плацяжы апрацоўвае Stripe (плацежная сістэма — заўв.), і можна адфільтраваць транзакцыі праз яе на Facebook. Але каму пайшоў данат — не <вызначыць нельга>, — растлумачыў на сваёй старонцы ў фэйсбуку Аляксей Лявончык.
Заснавальнікі фондаў не раяць наведваць гутаркі, а тым, каго на іх запрашаюць, раяць пакінуць краіну.
Абнаўляем матэрыял.
Калі вашая ІТ-кампанія гутарыць з супрацоўнікамі пра данаты, напішыце ў наш бот або на пошту editor@dev.by.
Читать на dev.by