Новы ўказ забараняе мяняць пашпарт і прадаваць нерухомасць без візіту ў Беларусь
За абменам дакументаў або афармленнем даверанасці грамадзянам прапануюць прыехаць дадому.
Консульствы Беларусі за мяжой не змогуць афармляць абмен пашпартоў грамадзянам. Гэта прадугледжана Указам № 278 ад 4 верасня 2023 года «Пра парадак выдачы дакументаў і здзяйснення дзеянняў». Гэта тычыцца і тых грамадзян РБ, якія аформілі пастаяннае пражыванне за мяжой. Па новыя дакументы грамадзянам, якія з’ехалі, прапануюць звяртацца «ў органы ўнутраных спраў па месцы апошняй рэгістрацыі па месцы жыхарства».
Падоўжыць пашпарт праз консульства таксама будзе нельга. Давядзецца ехаць у Беларусь і мяняць дакументы па месцы рэгістрацыі.
Тых, хто ўжо падаў заявы на абмен дакументаў праз консульствы, абслужаць.
Новыя абмежаванні распаўсюджваюцца і на працэдуру адчужэння нерухомай маёмасці і аўтамабіляў. Правесці ўгоды з маёмасцю можна будзе пры асабістым звароце або на падставе даверанасці, аформленай на тэрыторыі Беларусі.
Пры асабістай яўцы або па даверанасці, аформленай у РБ, таксама будуць афармляцца дублікаты дакументаў аб адукацыі, даведкі і паўторныя сведчанні з ЗАГС, апастыль і некаторыя іншыя дакументы. Дзяржрэгістрацыя транспартных сродкаў і зняцце іх з уліку — у гэтым жа шэрагу.
Указ набывае моц пасля афіцыйнага апублікавання.
Читать на dev.by