Nvidia ўкладзе $2 млрд у стартап Маска, каб той аддаў іх ёй назад
ШІ-стартап xAI Ілана Маска рыхтуецца прыцягнуць $20 млрд ад Nvidia і некалькіх буйных інвестфондаў, даведаўся Bloomberg. З гэтай сумы $2 дасць чыпмейкер.
Грошы будуць аформлены праз спецыяльную структуру. Прыкладна $7,5 млрд прыпадуць на акцыі, а астатнія $12,5 млрд — доўг. Сродкі пойдуць на набыццё чыпаў Nvidia, якія потым будуць здавацца ў арэнду самой xAI для яе праекта Colossus 2 — найбуйнейшага дата-цэнтра кампаніі ў Мемфісе.
Інвестары, уключаючы Apollo Global Management, Diameter Capital і Valor Capital, разлічваюць акупіць укладанні за 5 гадоў арэнды абсталявання. Такая схема, дзе залогам выступаюць GPU, а не сама кампанія, можа стаць новай мадэллю фінансавання для ШІ-стартапаў, адзначае выданне.
xAI актыўна траціць грошы — Bloomberg пісаў, што кампанія спальвае каля мільярда даляраў на месяц. Раней яна прыцягнула каля $10 млрд і можа атрымаць дадатковыя інвестыцыі ад кампаній Маска, уключаючы SpaceX. Пазней у гэтым годзе па пытанні інвестыцый у xAI прагаласуюць і акцыянеры Tesla.
Для Nvidia гэта ўкладанне — чарговы крок у стратэгіі па паскарэнні ўкаранення ШІ. Фіндырэктар кампаніі раней заяўляла, што яна будзе накіроўваць вольныя сродкі менавіта на падтрымку партнёраў, каб тыя хутчэй запускалі ШІ-праекты.
Читать на dev.by