Транспартны калапс на мяжы з Польшчай: 13 студзеня ўезду чакаюць амаль 2000 аўто

На беларуска-польскай мяжы па-ранейшаму вялікая чарга з аўтамабіляў. За выходныя сітуацыя толькі нязначна палепшылася.

24 каментарыя

Паводле даных Дзяржпагранкамітэта, станам на 10 раніцы 13 студзеня амаль 2 тыс. транспартных сродкаў чакалі афармлення перад польскім пунктам пропуску «Брэст». Для параўнання: у пятніцу 10 студзеня ў чарзе было 2,2 тыс. аўтамабіляў. 

Паводле даных ведамства, у выходныя польскі бок знізіў хуткасць афармлення аўто. «За двое сутак сумежны бок прыняў на сваю тэрыторыю 35% аўто ад нормы, то-бок 25 легкавікоў з 70 магчымых за гадзіну», — сцвярджае Дзяржпагранкамітэт. Перад выходнымі ведамства заяўляла, што польскі бок за суткі аформіў 43% аўто ад нормы. 

Сітуацыя з перасячэннем беларуска-польскай мяжы аўтобусамі таксама памянялася і не ў лепшы бок. Яшчэ перад выходнымі Дзяржпагранкамітэт не фіксаваў чаргі з аўтобусаў. Станам на 12 гадзін 13 хвілін студзеня ў чарзе было 15 аўтобусаў. 

Як сцвярджаюць карыстальнікі ў чатах, многія аўтобусы паўпустыя. Ёсць магчымасць перасесці ў аўтобусы, бліжэйшыя да шлагбаума, за 30 еўра. 

«Мы прыехалі ўвечары і селі ў 3 аўтобус ад шлагбаума. Астатнія былі амаль пустыя. Як кіроўца сказаў, па выездзе з Брэста было 5 чалавек. На мяжы забілі ўвесь аўтобус, месцаў не было. Кіроўца браў па 30 еўра з чалавека з улікам таго, што мы стаялі на пачатку чаргі».


Читать на dev.by