OpenAI перадумала станавіцца камерцыйнай. Маск: не веру
Кампанія абнавіла свой план па змене кіраўнічай структуры, вырашыўшы, што некамерцыйнае падраздзяленне захавае кантроль над бізнесам. OpenAI заявіла, што захавае структуру, «надзвычай блізкую» да цяперашняй.
Кампанія абнавіла свой план па змене кіраўнічай структуры, вырашыўшы, што некамерцыйнае падраздзяленне захавае кантроль над бізнесам. OpenAI заявіла, што захавае структуру, «надзвычай блізкую» да цяперашняй.
Першапачаткова OpenAI планавала пераўтварыць сваё камерцыйнае падраздзяленне, створанае ў 2019 годзе і кантраляванае некамерцыйнай структурай, у «грамадска карысную карпарацыю» (Public Benefit Corporation, PBC). План, прэзентаваны ў снежні 2024 года, прадугледжваў, што гэтая PBC будзе кіраваць бізнесам, а некамерцыйная арганізацыя захавае долю ў ёй, але страціць кантроль.
Паводле змененага плана, апублікаванага ў блогу кампаніі, некамерцыйная арганізацыя OpenAI захавае кантроль над PBC і стане яе «буйным акцыянерам». Гэты крок, як заявіў старшыня савета дырэктараў OpenAI Брет Тэйлар, азначае, што стартап захавае структуру, «надзвычай блізкую» да цяперашняй.
У кампаніі патлумачылі, што рашэнне было прынята пасля таго, як «выслухалі меркаванні грамадскіх дзеячаў і правялі канструктыўны дыялог з офісамі генеральных пракурораў Дэлавэра і Каліфорніі».
Першапачатковы план выклікаў занепакоенасць адносна таго, як кампанія будзе справядліва размяркоўваць актывы паміж некамерцыйнай і камерцыйнай часткамі, і як яна будзе балансаваць прыбытак з місіяй распрацоўкі ШІ на карысць грамадства. Узнікалі пытанні пра тое, ці будзе некамерцыйная арганізацыя належным чынам кантраляваць бізнес і якой будзе яе доля ўласнасці паводле новага плана.
Супраць пераходу OpenAI да цалкам камерцыйнага кіравання выступаў сузаснавальнік Ілан Маск. Ён падаў пазоў, абвінавачваючы кампанію ў адступленні ад яе першапачатковай місіі па распрацоўцы ШІ на карысць чалавецтва, і патрабаваў забараніць кампаніі змяняць структуру. Пазоў Маска скіраваны на блакаванне пераходу OpenAI ад некамерцыйнага кантролю. Адвакат Маска заявіў, што не плануе адмаўляцца ад судовага працэсу супраць OpenAI.
Паводле яго слоў, заява OpenAI «хавае крытычныя дэталі» пра меркаваны «некамерцыйны кантроль», асабліва пра «рэзка зніжаную долю валодання», якую атрымае некамерцыйная арганізацыя ў камерцыйным прадпрыемстве, дзе цяпер яна валодае мажарытарным пакетам акцый. Раней сёлета кансорцыум на чале з Маскам таксама выказваў неабавязковую прапанову аб куплі OpenAI за 97,4 мільярда даляраў, але яна была адхілена.
З-за дарагіх даследаванняў і абслугоўвання інфраструктуры OpenAI шукала шляхі прыцягнення дадатковых інвестыцый. У сакавіку 2025 года кампанія прыцягнула 40 мільярдаў долараў пры ацэнцы ў 300 мільярдаў. У спіс інвестараў увайшоў SoftBank, які павінен быў укласці 30 мільярдаў. Паводле дадзеных CNBC, адным з умоў фінансавання быў пераход OpenAI да камерцыйнай структуры да канца 2025 года.
Генеральны дырэктар Сэм Альтман назваў зменены план кампрамісам, які «дастаткова добра працуе для інвестараў, каб яны былі гатовыя працягваць фінансаваць нас у той ступені, у якой мы лічым гэта неабходным». Ён пацвердзіў, што пасля змены плана кампанія і надалей зможа атрымліваць фінансаванне ад SoftBank. Альтман таксама адзначыў, што «ніякіх змен у існуючых адносінах з інвестарамі няма», і кампанія працягне рэалізацыю раней прынятага плана па зняцці абмежаванняў на прыбытак, які могуць атрымліваць інвестары.
Рэлацыраваліся? Цяпер вы можаце каментаваць без верыфікацыі акаўнта.