OpenAI шантажавала сыходзячых супрацоўнікаў акцыямі
OpenAI пагражала адабраць завестаныя акцыі ў супрацоўнікаў, якія пакідаюць кампанію, калі яны не падпішуць дакумента, які забараняе распаўсюджваць пра яе негатыўную інфармацыю.
Акцыі часцяком складаюць ільвіную долю ўзнагароджання ІТ-спецыялістаў. Юрысты, з якімі размаўлялі журналісты Vox, адзначаюць, што гэта абуральная і даволі нетыповая практыка — пагражаць адабраць у супрацоўнікаў акцыі, якія ўжо перайшлі ў іх валоданне.
Артыкул выйшаў пры канцы мінулага тыдня. Гендырэктар кампаніі Сэм Альтман паспяшаўся публічна заявіць, што «завестаныя акцыі ёсць завестанымі акцыямі, і кропка». Сказаў, што ні пра што не ведаў і яму вельмі сорамна, што ў дамовах з супрацоўнікамі не павінна было быць нічога падобнага, што насамрэч кампанія ніколі нічыіх акцый не адбірала і не збіраецца, нават калі пагадненне аб забароне на крытыку не будзе падпісанае.
Vox выпусціў новы матэрыял, у якім усумніўся, што шантаж акцыямі адбываўся без ведама прадпрымальніка. Выданне апублікавала дакумент ад 10 красавіка 2023 года за подпісам Альтмана, у якім за кампаніяй замацоўваецца права ў адвольным парадку адчужаць акцыі ў былых супрацоўнікаў або забараняць прадаваць іх.
Паводле паведамлення Vox, некаторым былым супрацоўнікам давалі 7 дзён на падпісанне пагадненняў аб спыненні супрацоўніцтва. Прынамсі двум з іх адмовілі ў просьбе даць больш часу на вывучэнне дакументаў. А калі не падпісаць, гэта «магло закрануць іхнія акцыі».
Пасля гэтага OpenAI у каментары Business Insider запэўніла, што ўнясе змены ў працэдуру раставання з супрацоўнікамі. Кампанія падкрэсліла, што ніколі не прэтэндавала і не мае намеру прэтэндаваць на іх акцыі — у тым ліку тых, хто не падпісваў прадугледжаныя пры сыходзе дакументы. Пасажы аб забароне на крытыку ў свой адрас з іх наогул прыбяруць, а былым супрацоўнікам паведамяць, што гэтае патрабаванне на іх больш не распаўсюджваецца.
Читать на dev.by