OpenAI выпусціла новыя інструменты для АІ-распрацоўшчыкаў
OpenAI анансавала новы функцыянал для распрацоўшчыкаў АІ-праграм на ўчорашняй канферэнцыі DevDay, піша TechCrunch.
Адзін з іх — Realtime API — з’яўляе сабой API для ўбудавання ў праграмы галасавых функцый, якія працуюць практычна ў рэжыме рэальнага часу і падтрымліваюць увод і вывад маўлення. На выбар дадзена шэсць галасоў, свае выкарыстоўваць нельга. З дапамогай API можна ствараць, напрыклад, персанальных АІ-асістэнтаў. Realtime API інтэграваны з шэрагам іншых інструментаў.
У API з’явілася магчымасць выкарыстоўваць не толькі тэкст, але і малюнкі для файн-цюнінгу GPT-4o. Гэта мае дапамагчы павысіць прадукцыйнасць мадэлі на задачах, звязаных з распазнаннем выяў.
Таксама пакзаная функцыя кэшавання промптаў, якая дазваляе скараціць выдаткі на выклікі API, і функцыя дыстыляцыі мадэляў, якая дазваляе наладжваць менш буйныя мадэлі, напрыклад GPT-4o mini, на аснове інфармацыі, якую генеруюць буйнейшыя, напрыклад, o1-preview або GPT-4o.
Паводле слоў OpenAI, яе мадэлі для стварэння ўласных прадуктаў выкарыстоўваюць больш за 3 млн распрацоўшчыкаў. А за апошнія два гады кампанія знізіла для іх цану за доступ да свайго API на 99%.
Читать на dev.by