OpenAI запусціла «свой TikTok» з генератарам відэа Sora
Кампанія прэзентавала Sora 2 — абноўленую версію свайго генератара відэа і аўдыё, а таксама запусціла асобную праграму Sora, якая пазіцыянуецца як сацыяльная сетка ў стылі TikTok.
Sora 2 стаў пераемнікам першай версіі мадэлі, якая выйшла год таму. Па словах распрацоўшчыкаў, новая мадэль лепш улічвае фізічныя законы і стварае больш рэалістычныя ролікі.
У новай праграме карыстальнікі змогуць ствараць кароткія відэа з дапамогай ШІ і дзяліцца імі ў алгарытмічнай стужцы. Галоўная асаблівасць праграмы — функцыя cameos, якая дазваляе «загружаць сябе» ў згенераваныя сцэны.
Для гэтага неабходна прайсці аднаразовую верыфікацыю: загрузіць кароткае відэа і аўдыё, каб сістэма зафіксавала знешнасць і голас. Карыстальнікі таксама змогуць дазваляць сябрам выкарыстоўваць свой вобраз для сумесных відэа.
Праграма Sora пакуль даступна толькі ў ЗША і Канадзе на iOS і працуе па запрашэннях. Аднак падпісчыкі ChatGPT Pro змогуць пратэставаць Sora 2 без інвайта.
OpenAI сцвярджае, што на старце сэрвіс будзе бясплатным, а манетызацыя абмяжуецца платай за генерацыю дадатковых ролікаў у гадзіны пікавага попыту.
Адначасова з запускам OpenAI пацвердзіла, што новы генератар будзе выкарыстоўваць матэрыялы, абароненыя аўтарскім правам, калі праваўладальнікі не падаюць заяўку на выключэнне. Гэтая палітыка выклікала дыскусію ў Галівудзе: студыі і агенцтвы атрымалі ад кампаніі паведамленні аб opt-out-працэдуры.
Читать на dev.by