Заснавальнік Signal патроліў фэйл з дыялогам, у якім амерыканскія чыноўнікі абмяркоўвалі ваенныя планы

Signal на гэтым тыдні  апынуўся ў цэнтры скандалу ў ЗША, які ўжо называюць буйным парушэннем адразу некалькіх законаў аб шпіянажы і захаванні дзяржаўнай перапіскі. Але фаўндера абароненага мэсэнджара Моксі Марлінспайка сітуацыя зусім не турбуе і нават весяліць.

4 каментарыя

У твіце ў панядзелак Марлінспайк (яго сапраўднае імя — Мэцью Розэнфельд) выкарыстаў уцечку сакрэтнага дыялогу амерыканскіх чыноўнікаў для жартоўнай рэкламы Signal.

«Цяпер у Signal ёсць магчымасць выпадкова апынуцца ў групавым чаце для каардынацыі сакрэтных ваенных аперацый разам з віцэ-прэзідэнтам ЗША. Не праспіце свой шанец», — напісаў прадпрымальнік.

Нядаўна галоўны рэдактар часопіса The Atlantic Джэфры Голдберг атрымаў запрашэнне ў чат «Houthi PC small group» у Signal, дзе ўбачыў перапіску прыкладна 20 чалавек з імёнамі, падобнымі да імёнаў высокапастаўленых амерыканскіх чыноўнікаў ЗША. Яны абмяркоўвалі план амерыканскага ўдару па пазіцыях хусітаў у Емене, у тым ліку дакумент, які поўны цёзка кіраўніка Пентагона суправадзіў апісаннем: «Утрымлівае аперацыйныя падрабязнасці будучага ўдару па Емене, уключаючы інфармацыю пра мэты, зброю, якую ЗША плануюць ужыць, і чарговасць удараў». Неўзабаве ўдар сапраўды быў нанесены — менавіта так, як было напісана ў чаце. Яго ўдзельнікі — віцэ-прэзідэнт Джэй Дзі Вэнс, міністр абароны Піт Хегсет, кіраўнік Нацразведкі Талсі Хабард, кіраўнік ЦРУ Джон Рэткліф, дарадца па нацыянальнай бяспецы Майкл Уолц і іншыя — павіншавалі адзін аднаго з паспяховай аперацыяй. Наяўнасць чужога чалавека ў чаце ніхто не заўважыў.

Голдберг (а потым і грамадскасць) быў шакаваны. «Я моцна сумняваўся, што ўсе ўдзельнікі гэтага чата — сапраўды тыя людзі, чые імёны там фігуравалі», — напісаў ён. Голдберг схіляўся да версіі правакацыі або фальшыўкі: «Я не мог паверыць, што кіраўнікі структур нацыянальнай бяспекі ЗША будуць пісаць у Signal пра бліжэйшыя ваенныя планы. Таксама я не мог паверыць, што дарадца прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы мог быць настолькі неабачлівым, каб дадаць галоўнага рэдактара The Atlantic у групу, дзе абмяркоўваюцца ваенныя планы з удзелам высокапастаўленых асоб, уключаючы віцэ-прэзідэнта».

Артыкул Голдберга, апублікаваны 24 сакавіка, выклікаў у ЗША магутны палітычны скандал, які ўжо назвалі Signalgate. Пазней офіс Уолца і Белы дом пацвердзілі сапраўднасць апублікаванай перапіскі і тое, што ўдзельнікамі чата сапраўды былі Вэнс, Хегсет, Хабард, Уолц і іншыя.

Згодна з афіцыйнымі каментарыямі Белага дома, нічога страшнага ў тым, што здарылася, яны не бачаць: дадаванне ў чат выпадковага чалавека было памылкай, акалічнасці яе ўзнікнення вывучаць і прымуць да ведама, каб такія сітуацыі не паўтараліся, а сакрэтнай інфармацыі ў чаце не было.

Каментарыі пад пастом Марлінспайка былі розныя. Аўтары некаторых абураліся недаглядам чыноўнікаў, іншыя ж лічылі, што мэсэнджар павінен узмацніць абарону. У аўторак у афіцыйным акаўнце Signal у Х выйшаў пост, дзе падкрэсліваецца: інцыдэнт адбыўся не праз уразлівасць самой аплікацыі, а хутчэй, служыць папярэджаннем пра асцярожнасць і фішынгавыя схемы, скіраваныя супраць яго карыстальнікаў.

Украіна абвінаваціла Signal у спрыянні Расіі
Па тэме
Украіна абвінаваціла Signal у спрыянні Расіі
У Signal знайшлі ўразлівасць, якая дазваляе атрымаць доступ да кэшу аддаленых укладанняў
Па тэме
У Signal знайшлі ўразлівасць, якая дазваляе атрымаць доступ да кэшу аддаленых укладанняў

Читать на dev.by