«Бацька інтэрнэту» распавёў пра сем фаз эвалюцыі сеціва. Мы зараз у чацвёртай
Адзін з «бацькоў інтэрнэту» Вінтан Серф і тэхнічны дырэктар Ericsson Малік Таціпамула апублікавалі эсэ «Сем фаз інтэрнэту», дзе апісалі мінулае і будучыню глабальнай сеткі.
Па іх словах, чалавецтва прайшло ўжо тры эпохі — злучэнне камп’ютараў, мабільнасць і «інтэрнэт рэчаў», — і цяпер уступае ў чацвёртую, эпоху інтэрнэту ШІ-агентаў, за якой пойдуць яшчэ тры: інтэрнэт пачуццяў, усюдыісны інтэрнэт і квантавы інтэрнэт.
У першыя дзесяцігоддзі, адзначаюць аўтары, інтэрнэт аб’ядноўваў толькі камп’ютары і даследчыя цэнтры. Затым з развіццём мабільных прылад ён «выйшаў з лабараторый у кішэні людзей», а пазней ахапіў мільярды прылад — ад разумных гадзіннікаў да прамысловых датчыкаў. Гэта стварыла лічбавую «нервовую сістэму» планеты.
Новая, чацвёртая фаза — інтэрнэт ШІ-агентаў — становіцца пераломнай. У адрозненне ад звычайных прылад, такія агенты здольныя «ўспрымаць, разважаць, дзейнічаць і супрацоўнічаць». Да іх адносяцца як лічбавыя асістэнты, так і фізічныя сістэмы накшталт беспілотнікаў і аўтаномных аўтамабіляў. Па сутнасці, гэта пераход ад падключаных рэчаў да падключанага інтэлекту.
Пятая стадыя, інтэрнэт пачуццяў, па меркаванні Серфа і Таціпамулы, дазволіць перадаваць не толькі дадзеныя, але і адчуванні — пах, дотык, смак — дзякуючы нейраінтэрфейсам, тактыльным прыладам і лічбаваму нюху. «У будучыні пакупнік зможа „памацаць“ адзенне анлайн ці адчуць водар духоў перад пакупкай», прагназуюць аўтары.
Шостая фаза — усюдыісны інтэрнэт, які аб’ядноўвае спадарожнікі, наземныя сеткі і нават сістэмы ў навакольнай прасторы Месяца ў адзіную інфраструктуру, забяспечваючы пастаянную сувязь у любым пункце планеты.
Сёмая і апошняя — квантавы інтэрнэт, дзе дадзеныя будуць перадавацца ў выглядзе заблытаных кубітаў. Ён забяспечыць абсалютную абароненасць сувязі, звышдакладныя вымярэнні і аб’яднае квантавыя камп’ютары ў размеркаваную сістэму. Гэта адкрые шлях да паскоранага стварэння лекаў, новых відаў навігацыі і глабальных квантавых ШІ.
«Кожная фаза не замяняе папярэднюю, а будуецца на ёй, пашыраючы магчымасці злучанасці, — пішуць Серф і Таціпамула. — Інтэрнэт становіцца не проста сеткай кропак, а тканінай, якая злучае ўсё — ад людзей і машын да часціц».
На іх думку, сучасны інтэрнэт ужо перайшоў ад перадачы дадзеных да стварэння калектыўнага інтэлекту — і ў будучыні стане ўніверсальнай, самасвядомай тканінай лічбавага свету.
Читать на dev.by