Кіраўнік візавага агенцтва патлумачыў у сацсетках, «адкуль такія цэны на запіс на візу»
Гэтае пытанне задала карыстальніца Threads. У каментары прыйшоў чалавек, які назваўся кіраўніком візавага агенцтва — і патлумачыў.
Карыстальніца Threads папрасіла астатніх удзельнікаў сацсеткі растлумачыць ёй, «адкуль такія цэны» — год таму яна плаціла 200 рублёў з чалавека, каб яе бацькоў запісалі на польскую візу. А «сёння танней за 600 рублёў няма» ніводнай прапановы, — абураецца дзяўчына.
Каментары самыя розныя: ад «а чаго самі не запішацеся?» да «ўсе ўстановы Мінска на выходных занятыя… — а ў беларусаў усё грошай няма» і «не разумею, навошта ўсе туды пруцца».
Сама дзяўчына дадае ў каментарах, што магчымасці сядзець 24/7 на сайце VFS, абнаўляючы старонку, у яе няма.
— Раней хаця б даты давалі раз на тыдзень, і было як мінімум 4 спробы на месяц. Цяпер — адная. Плюс да ўсяго боты паспяваюць хутчэй забраць гэтыя даты, чым звычайны чалавек, уводзячы ўсё ўручную.
Ёсць і каментары па сутнасці. У іх скардзяцца, што італьянская яшчэ даражэйшая — «за 1000-1200 рублёў праз агенцтва» і дзеляцца сваім вопытам:
— За 700 рублёў запісваў чалавека на польскую. Пры гэтым ён сам меўся ўсталяваць праграму, праз якую будзе запісвацца. Калі выкідаюць даты, праграма звініць. Ён заходзіць [у яе] і праходзіць верыфікацыю тварам. То-бок проста аддаць грошы і атрымаць запіс ужо не атрымаецца. За 1800 рублёў бываюць слоты без верыфікацыі, але рэдка. Такіх я не купляў.
Самы цікавы каментар — ад чалавека, які назваўся кіраўніком візавага агенцтва (у ягоным профілі ёсць спасылка на тэлеграм-кантакт агенцтва «ІзіВіза»). Вось ягонае тлумачэнне:
- для кругласутачнага маніторынгу слотаў патрэбныя немалыя рэсурсы — вэб-сервер, сотні проксі, а таксама альбо свая нейрасетка, альбо платны сэрвіс па праходжанні капчаў;
- большасць агенцтваў не мае сваіх ботаў, а карыстаецца паслугамі ІТ-контрагентаў, адсюль нацэнка ў сярэднім у 40-50%, бо бізнэс не можа працаваць з маржой 0%, арандуючы офіс і плацячы з/п пяці-дзесяці супрацоўнікам;
- візавыя цэнтры пастаянна ўскладняюць працэдуру запісу, што дадае дзеянняў і чалавека-гадзін да гэтага працэсу, гэта павялічвае выдаткі, таму расце і кошт;
- у Беларусі традыцыйна неверагодны попыт на шэнгенскія візы, так склалася гістарычна. У працэнтных суадносінах гэта не параўнаецца нават са 140-мільённай Расіяй. Але прапускная здольнасць ВЦ і агенцтваў не такая высокая, адпаведна, каб задаволіць попыт, бясконца растуць цэны на паслугі, пакуль іх людзі яшчэ гатовыя купляць;
- на жаль не заўсёды запіс у сціснутыя тэрміны аказваецца магчымым, гэта не залежыць ад агенцтва. Большасць з іх у такіх выпадках робіць вяртанне сродкаў, што перашкаджае планаванню бюджэту такога бізнэсу. І толькі магчымасць вызначаць высокую маржынальнасць трымае прадпрымальнікаў у гэтай сферы, а заробак сярэдняга спецыяліста не перавышае 2500 рублёў у добры месяц. У агенцтваў няма залатых гор.
Каментатар агаворваецца, што канкрэтна яго агенцтва больш «з польскімі візамі не працуе». І дадае, што «гэта вельмі складаны і нестабільны бізнэс, які складана весці».
Читать на dev.by