Падросткі сталі горш чытаць праз экраны — вынікі ўпалі да мінімуму за 25 гадоў
Узровень чытання сярод 15-гадовых падлеткаў упаў да мінімуму з 2000 года. Новае даследаванне выявіла сувязь паміж выкарыстаннем ШІ-чатботаў для вучобы і больш нізкімі вынікамі ў прыродазнаўчых навуках.
Узровень чытання сярод 15-гадовых падлеткаў упаў да мінімуму з 2000 года. Новае даследаванне выявіла сувязь паміж выкарыстаннем ШІ-чатботаў для вучобы і больш нізкімі вынікамі ў прыродазнаўчых навуках.
У даследаванні PISA 2025 прынялі ўдзел 760 тысяч школьнікаў з 91 краіны. Сярэдні вынік ў чытанні знізіўся з 501 балу ў 2012 годзе да 466 балаў. Паводле ацэнкі АЭСР, цяперашнія 15-гадовыя чытаюць прыкладна на ўзроўні вучняў, якія раней былі на год маладзейшыя.
«Больш працяглы час перад экранамі і скарачэнне чытання для задавальнення звязаныя з пагаршэннем вынікаў у чытанні», — заявіў генеральны сакратар АЭСР Матыяс Корман. Паводле яго, школьнікі таксама сталі часцей чытаць паспешліва, хутка праглядаць тэкст і даваць няправільны адказ.
Падлеткі ў краінах АЭСР праводзяць за лічбавымі прыладамі ў сярэднім 3,4 гадзіны ў будні дзень дзеля забаваў і яшчэ тры гадзіны — для вучобы ў школе і дома. Больш чвэрці школьнікаў паведамляюць, што прылады адцягваюць іх аднакласнікаў на ўроках прыродазнаўчых навук. Сувязь лічбавага адцягнення з больш нізкімі вынікамі выяўлена ў 59 з 82 даследаваных адукацыйных сістэм.
Асобна АЭСР вывучыла выкарыстанне ШІ. Амаль палова школьнікаў рэгулярна звяртаецца да чат-ботаў для вучобы. Тыя, хто выкарыстоўвае іх для напісання эсэ, пераказу тэкстаў і пошуку інфармацыі, у сярэднім набіраюць прыкладна на 20 балаў менш у прыродазнаўчых навуках — гэта эквівалентна аднаму году навучання. Даследаванне фіксуе сувязь, але не даводзіць, што менавіта ШІ стаў прычынай адставання.
Вынікі ў матэматыцы і прыродазнаўчых навуках таксама аказаліся самымі нізкімі за перыяд назіранняў. Сярэдні бал па матэматыцы знізіўся з пікавых 502 да 469, а па прыродазнаўчых навуках — з 506 да 486. Пры гэтым АЭСР не заклікае цалкам забараняць смартфоны ў школах. Арганізацыя адзначае, што лічбавыя тэхналогіі могуць дапамагаць навучанню, аднак пры выкарыстанні больш за пяць гадзін у дзень вынікі пачынаюць пагаршацца.
Рэлацыраваліся? Цяпер вы можаце каментаваць без верыфікацыі акаўнта.