Paysera патлумачыла, чаму заблакавала рахункі беларусаў з візамі D

18 красавіка літоўскі анлайн-банк Paysera даслаў карыстальнікам з грамадзянствам Беларусі і Расіі, якія маюць шэнгенскую візу катэгорыі D, папярэджанні пра закрыццё рахункаў у выпадку, калі яны не прадставяць еўрапейскі від на жыхарства. Партал «Новая газета Еўропа» даведаўся, у чым прычына.

6 каментарыяў

Як патлумачылі ў прэс-службе кампаніі, рахункі былі заблакаваныя ў сувязі з дадатковымі патрабаваннямі з боку Банка Літвы. Адна з галоўных умоў рэгулятара — правядзенне ўзмоцненай праверкі кліентаў, якія не з’яўляюцца грамадзянамі Еўрасаюза і не маюць сталага месца жыхарства ў ЕС.

«Гэтыя меры дапамагаюць забяспечыць абарону фінансавай сістэмы Літвы ад магчымых злоўжыванняў, звязаных з міжнароднымі санкцыямі. Важна падкрэсліць, што гэтыя абмежаванні не скіраваныя супраць якіх-небудзь канкрэтных груп асобаў або прафесій, такіх як незалежныя журналісты або прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці», — заявіў прадстаўнік сэрвісу.

Атрымаць каментар у Банку Літвы выданню не ўдалося.

У лістах, якія Paysera разаслала кліентам з Беларусі і Расіі, указана, што згодна з санкцыйнай пастановай ад 24 лютага еўрапейскія банкі і іншыя фінансавыя ўстановы абавязаныя абмежаваць наданне паслуг тым з іх, хто не мае ВНЖ ў еўрапейскай эканамічнай зоне або Швейцарыі. Іншыя еўрапейскія анлайн-банкі, якія ўсё яшчэ адкрываюць рахункі па візах, пакуль падобных паведамленняў не рассылалі.

Карыстальнікі Paysera не могуць аплачваць пакупкі ў беларускіх інтэрнэт-крамах
Па тэме
Карыстальнікі Paysera не могуць аплачваць пакупкі ў беларускіх інтэрнэт-крамах

Читать на dev.by