Як перавесці грошы з Беларусі для куплі жылля ў Польшчы? Парады рыэлтара

Як лепш перавесці/прывезці грошы з Беларусі ў Польшчу — пра гэта канал для айцішнікаў у Польшчы Dzik паразмаўляў з Надзеяй Казакевіч, якая працуе рыэлтарам у Польшчы.

12 каментарыяў

Надзея Казакевіч скончыла юрыдычны факультэт БДУ, 18 гадоў працавала ў маркетынгу ў Беларусі. Пасля пераезду ў Польшчу ў 2021-м пачала працаваць у рыэлтарскай кампаніі Metrohouse. Цяпер працуе на сябе і пераважна супрацоўнічае з беларусамі.

Як зрабіць анлайн-перавод з Беларусі ў Польшчу?

— Яшчэ падчас працы ў Metrohouse я сутыкалася з тым, што ў чалавека ёсць грошы, напрыклад, ад продажу нерухомасці ў Беларусі. Але іх яшчэ трэба легалізаваць у Польшчы.

На мой погляд, анлайн-перавод — самы просты і бяспечны метад. Адзінае, што тут мы абмежаваныя ў колькасці банкаў.

У Беларусі застаецца «Пріорбанк»: вы можаце перавесці з яго грошы (менавіта ў еўра!) на рахунак польскага PKO BP. Прычым лепш пераводзіць сумы менш за 100 тысяч еўра, каб не ўзнікла праблем з плацяжом (у каментарыях нагадваюць, што з польскім ВНЖ гэтыя абмежаванні можна абысці).

Важна, каб гэта былі «афіцыйныя грошы» — з пацвярджэннем, што вы нешта прадалі або назапасілі з канкрэтных крыніц. Захоўвайце пацверджанне паходжання сродкаў.

У назве пераводу напішыце на англійскай (на польскай беларуская сістэма не прапусціць) нешта кшталту «асабістыя сродкі, продаж нерухомасці, дамова такая-та і ад такой-та даты». Калі перавод з такой назвай прыйдзе і банк яго пацвердзіць, то ў падатковай пытанняў ужо не ўзнікне. Бо ў банку добрая служба бяспекі.

Гэтым метадам, дарэчы, карыстаюцца людзі, якія прадаюць кватэры ў Беларусі праз бацькоў (па даверанасці). Умоўна, маме прасцей адправіць грошы пераводам, чым везці асабіста праз мяжу.

Як афармляецца такі перавод ад бацькоў? У маёй практыцы мы афармлялі яго як дарэнне ад бацькоў, г. зн. праз форму SD-Z2. Галоўнае, каб бацька або маці пацвердзілі (а) факт дарэння ў пісьмовай форме: праз натарыуса або хаця б на аркушы ў сябе на кухні. Заканадаўства РБ гэта дазваляе, і польскія ўлады пра гэта ведаюць (паводле законаў РБ натарыяльная форма дагавору не з’яўляецца абавязковай для дарэння — заўвага рэдакцыі). Далей трэба падаць SD-Z2 на працягу паўгода.

Не, я не сутыкалася з тым, каб гэтыя грошы патрабавалі аформіць як даход і заплаціць падатак. Але я пераважна працую па варшаўскіх раёнах Воля, Охота, Таргувек, дзе шмат прыезджых. Магчыма, у тых ужондах лепш ведаюць, як працаваць з замежнікамі-падатковымі рэзідэнтамі Польшчы.

— Як пацвердзіць паходжанне сродкаў, калі яны не ад продажу кватэры, а, напрыклад, назапашаныя? Калі чалавек працаваў як ІП з Беларусі на замежнага замоўцу, то мы бралі пераклад працоўных дамоваў, падатковыя дэкларацыі за апошнія 10 гадоў, выпіску з рахунку і такім чынам пацвярджалі паходжанне грошай.

Што (не) рабіць, калі везяце грошы з Беларусі ў Польшчу наяўнымі?

— Галоўнае, не рабіце глупстваў з катэгорыі: «едзем утрох, я пакладу сабе ў кішэню 10 тысяч, сыну столькі ж і свякрусе». Бо потым вы не давядзеце легальнае паходжанне гэтых грошай. А вось калі ў вас будзе квітанцыя з мытні, што вы задэкларавалі такую суму — іншая справа.

Важна: калі везяце праз мяжу, напрыклад, 50 тысяч далараў, трэба дэклараваць усю суму, а не толькі тое, што звыш 10 тысяч. У тым ліку і 150 злотых, што ляжаць у вас у бардачку на бензін. Інакш забяруць незадэклараваныя грошы і выпішуць адміністратыўку.

Нават калі прывезлі суму наяўнымі, раю адразу пакласці яе у банк. Замежнікі з-за межаў ЕС могуць захоўваць без праблем да 100 тысяч еўра (але калі банк раптам збанкрутуе, вернуць толькі 100 тысяч еўра).

Заўвага ад Dzik: не забывайцеся, польскія банкі не могуць прымаць уклады ад грамадзян Расіі і Беларусі на суму больш за 100 тысяч еўра без еўрапейскага ВНЖ.

Чаму варта адразу пакласці наяўныя на рахунак?

— Мая парада: калі вы прывезлі вялікую суму грошай, нікому пра гэта не расказвайце. У мяне быў выпадак: дзяўчына збіралася купіць у Польшчы жыллё і трымала дома буйную суму грошай. Я ўгаварыла яе пакласці іх у банк. Мы пайшлі ў панядзелак, занеслі прысяжны пераклад дакументаў. А ў сераду яе кватэру абрабавалі. Відаць, яна некаму распавяла, і гэты нехта даў наводку.

Але банк можа не прыняць наяўныя адразу. Спачатку ён правярае вашы дакументы (іх прысяжны пераклад), а потым на працягу двух тыдняў альбо пацвярджае, альбо адмаўляе ў прыняцці.

Але нават калі вам адмовілі, паспрабуйце звярнуцца ў іншы філіял таго ж банка. Можа быць такое, што прычына — у хацелках канкрэтнага супрацоўніка. Быў выпадак, калі бацькі падаравалі хлопцу грошы, і кожны раз яму ў банку адмаўлялі і прасілі прысяжны пераклад па розных нагодах. За год ён змарнаваў на пераклады каля 20 тысяч. У выніку мы паехалі ў іншы офіс, і там усё адразу прынялі.

Што рабіць з гэтымі грашыма далей?

— Калі вы вырашылі набыць кватэру, трэба будзе абмяняць валюту на злотыя. Першы варыянт — анлайн-абмен. Але так можна страціць на розніцы курсаў некалькі тысяч.

Іншы варыянт — зняць грошы з рахунку, пайсці ў абменнік, абмяняць па выгадным курсе на злотыя, вярнуцца з квітком з абменніка і пакласці наяўныя зноўку на рахунак. Але вырашаць вам, ці варта гэта вашых нерваў і часу.

Нікому не кажыце, што едзеце мяняць вялікую суму грошай, і лепш не ехаць у адзіноце. Шмат выпадкаў, калі людзей абкрадалі проста каля абменнікаў.

— Не, наўрад ці вы зможаце набыць жыллё ў Польшчы за наяўныя. Па-першае, уласнік нерухомасці адмовіцца прымаць наяўныя. Па-другое, патрэбна будзе квітанцыя аб перадачы грошай. Гэта можна зрабіць у натарыуса. Але ў такім разе менавіта натарыус, а не банк, будзе адказваць галавой і ліцэнзіяй, што гэтыя грошы «легальныя». Не ўсе на гэта пойдуць.

Што яшчэ (не) варта рабіць?

— Не раю закідваць па 5 тысяч сабе на рахунак кожны тыдзень. Таму што рана ці позна служба бяспекі вамі зацікавіцца і папросіць пацверджанне крыніцы сродкаў. Таксама не забывайце, што падатковая можа прыйсці да вас на працягу 5 гадоў з моманту паступлення сродкаў.

Наконт зняцця грошай: многія ведаюць, што PKO бярэ працэнт за залічэнне наяўных у валюце на рахунак. Аднак мала хто кажа, што толькі першае зняццё ў месяц «бясплатнае», а кожнае наступнае — ужо 0,5%. Таму ў той месяц, калі плануеце зняць вялікую суму, ні ў якім разе не здымайце нават $10.

Акрамя гэтага, загадзя замаўляце зняцце з рахунку і рэгулярна нагадвайце пра сябе аж да дня выплаты, каб не было такога, што вы прыйдзеце, а вам скажуць: «Ой, а мы забылі».

У кожнага філіяла — свой дзень інкасацыі. Пахадзіце па розных абменніках, папытайце, калі і колькі вам могуць выплаціць. Таму што, напрыклад, у ГЦ вам могуць выдаць не больш за 10-15 тысяч. Лепш пачынайце за пару тыдняў да запланаванай выплаты.

І не забывайце, што паслугі крэдытнага кансультанта, які дапамагае знайсці найбольш выгадную прапанову па іпатэцы, для крэдытаатрымальніка бясплатныя. А то, як аказалася, ёсць такія майстры, якія бяруць па 10 тысяч за кансультацыю, а ў выніку могуць нават пагоршыць вам крэдытную гісторыю.


Читать на dev.by