Дапамажыце dev.by 🤍
Падтрымаць

Беларус напісаў класненькі посткіберпанк «Пентаквантар». ШІ заснуў на 17 гадоў, Мінск паглынуў усю Беларусь

Трыццаць секунд у ліфце. Што сказаць пра кнігу незнаёмцу?

«Першы беларускамоўны класненькі sci-fi посткіберпанк раман. І ўсё», — адказвае Арцём Шуканаў без вагання.

Два тамы. 600+ старонак. Дзесяць гадоў працы. Ніводнага радка, згенераванага ШІ.

Мінск — цэнтр тэхналагічнай рэвалюцыі. Усемагутныя штучныя асобы заснулі на 17 гадоў. Амішы жывуць у космасе.

3 каментарыя
Беларус напісаў класненькі посткіберпанк «Пентаквантар». ШІ заснуў на 17 гадоў, Мінск паглынуў усю Беларусь

Трыццаць секунд у ліфце. Што сказаць пра кнігу незнаёмцу?

«Першы беларускамоўны класненькі sci-fi посткіберпанк раман. І ўсё», — адказвае Арцём Шуканаў без вагання.

Два тамы. 600+ старонак. Дзесяць гадоў працы. Ніводнага радка, згенераванага ШІ.

Мінск — цэнтр тэхналагічнай рэвалюцыі. Усемагутныя штучныя асобы заснулі на 17 гадоў. Амішы жывуць у космасе.

15 секундаў змянілі лёс чалавецтва. Іэлы — штучныя асобы — прачнуліся пасля 17 гадоў комы і адразу заснулі зноў. Трое людзей з розных куткоў свету павінны зразумець, што адбылося: будыйскі манах з Лаоса, тэхнаэмпат з Мінска-3 і прафесійная шпіёнка-кібарг з Кіёта.

Гэта не чарговая дыстопія пра паўстанне машын. Гэта посткіберпанк-пазітыўчык пра тое, як людзі і ШІ могуць суіснаваць — і што адбываецца, калі балансу пагражае небяспека.

Размаўляем з аўтарам пра свет будучыні, дзе тэхналогіі змянілі ўсё — апроч чалавечай прыроды.

Посткіберпанк-пазітыўчык

— Пачнем са свету рамана. Хто такія іэлы і чаму не проста «штучны інтэлект»?

— Мне не падабаецца тэрмін «штучны інтэлект». Асоба складаецца не толькі з інтэлекту — у некаторых яго наогул не тое каб шмат. Я канцэнтраваўся на тым, што іэлы — гэта асобы. IL — individualis electronica, электронная індывідуальнасць. Зрабіў назву з латыні, каб пры перакладзе на іншыя мовы не было неадназначнасці. Яны не хочуць лічыць сябе толькі інтэлектамі, яны імкнуцца быць асобамі ў поўным сэнсе.

— Як яны ўзніклі?

— Створаныя з дапамогай генетычных алгарытмаў. У Мінску стартап загрузіў тоны даных і круціў іх, пакуль не стварылася нешта падобнае на асобу. Але каб персаналізаваць іх, выкарысталі не рандом, а танцы.

— Танцы?

— Так. На танцораў наляпілі датчыкі і знялі розныя танцавальныя стылі. Гэтыя патокі даных сталі базай для персаналізацыі. Выжылі пяць: Чарлстан, Бугі, Хасл, Факстрот, Джытэрбаг. Ад танцаў паходзяць і імёны іэлаў.

— Як іэлы змянілі грамадства?

— Эканамічны буст. Іэлы сталі дапаможнікамі для ўсіх — аптымізавалі працу, вырашалі задачы, кіравалі працэсамі. Перавялі грамадства на мадэль абанементаў: кожны мог падключыцца да іэла і атрымліваць яго дапамогу. Усёпранікальныя праграмныя сутнасці — як зараз LLM-кі і гітхабаўскія боты ў ідэшках, толькі ва ўсіх сферах жыцця.

Іх уплыў на сусвет я паказваю праз Мінск. Ён прайшоў тры кальцы развіцця. Ядро — стары горад. Першае кальцо — калі іэлы толькі пачалі свой шлях, грамадства адаптавалася. Другое — яны ўжо зарабляюць грошы для сябе і для іншых, перарабілі эканоміку. Трэцяе кальцо, Мінск-3 — пік развіцця, калі пачалася касмічная гісторыя.

— Што далей — паўстанне машын? 

— Не, у мяне такі посткіберпанк-пазітыўчык, а не чарнуха. У іэлаў былі маральныя абмежаванні — яны працавалі ў модусе «будзь сам паспяховым і рабі паспяховымі іншых». Не былі дэструктыўным фактарам, які нішчыць індустрыю. Плаўна паляпшалі жыццё людзей.

— І што ж пайшло не так?

— Яны заснулі на 17 гадоў. Чаму? Ніхто не ведае. Наступіў глабальны эканамічны крызіс: выбуховы рост Мінска-3, дзе іэлы нарадзіліся, раптоўна абарваўся, тэхналагічны рост спыніўся. А потым яны прачнуліся на 15 секундаў — і запусціліся працэсы, якія складаюць асноўны сюжэт кнігі.

Фрагмент рамана

Гарадскі слой, у якім гэта ўсё адбывалася, быў апошнім гадавым кальцом мёртвага дрэва пад назваю Мінск-3. Ён узносіўся ў неба ажурнымі структурамі бізнес-цэнтраў, пабудаваных з адлітых на арбіце звышлёгкіх сэндвіч-элементаў, зелянеў дызайнерскімі паркамі на дахах і ганарыўся матэматычна дасканалай транспартнай сістэмай. А потым раптоўна канчаўся, нібыта абсечаны сякераю, на абрыве — уяўнай лініі вакол гораду, па дасягненні якой урбаністычнае цунамі Мінску-3 разбілася аб харэастаз. Апошні шэраг хмарачосаў так і не здалі ў эксплуатацыю, ён глядзеў пустымі вокнамі на рудыя берагі закінутых катлаванаў, размытых дажджамі і зарослых асіннікам. Сям-там нават засталіся згнілыя бульдозеры і грузавікі, кінутыя 17 гадоў таму проста пасярод працоўнага дня.

Тэхнаэмпат з Мінску-3, будыйскі манах і самотная шпіёнка

— Героі ў цябе вельмі розныя і дзейнічаюць па ўсім свеце: Мінск, Лаос, Кіёта. І гэта толькі асноўныя лакацыі. Уражвальны размах для беларускай літаратуры. Як ты да гэтага прыйшоў?

— Калі ты пішаш пра штучныя асобы, якія дзейнічаюць глабальна — інтэрнэт не распаўся, глабалістычная мадэль яшчэ існуе — ты не можаш засяродзіцца толькі на адным месцы. Сканцэнтравацца ў адной кропцы — гэта бы проста не працавала.

Іэлы мелі фізічнае цела і хадзілі па ўсім свеце — ад Зямлі да космасу. Сустракалі розных людзей, і некаторыя падаліся ім прыдатнымі для сваіх мэтаў.

Юлій Філенка — тэхнаэмпат з Мінска-3. Ён інтуітыўна адчувае складаныя тэхнічныя сістэмы і «танцуе» з харэакагнітыўным ядром. Але галоўнае — яго бацькі калісьці зрабілі выбар за іэлаў. А калі за іх нехта робіць выбар, яны лічаць гэтага чалавека блізкім і ўключаюць у сваю сям’ю. Юлік проста папаў пад каток.

Кхам — будыйскі манах з Лаоса. Будызм з яго пытаннямі пра свядомасць, увасабленне і тое, што робіць асобу асобай, ідэальна падыходзіць для гісторыі пра штучныя асобы.

Одры — шпіёнка-кібарг з Кіёта, армяна-японка. Яна можа абыходзіць глабальныя налады прыватнасці і рабіцца «нябачнай» для сістэм назірання. Самотная, скрытная, таямнічая — жыве на два дамы, пад маскіроўкай пераязджае. У дзяцінстве засябравала з іэлам Факстротам у Мінску-3. Пасля ён заснуў — і яна засталася адна.

Фрагмент рамана

Жанчына ўскінула галаву. Яе ледзь не збіў рэактыўны струмень заплечніка дэсантніка, які пікіраваў проста на Одры, каб паваліць і знерухоміць. Яна з размаху запусціла ў байца пустою трубой ад «Stinger’а». Тая патрапіла ў сцягно, салдат страціў каардынацыю, перакуліўся, і рэактыўны струмень пацягнуў яго ўніз і ўбок. Аўтаматыка джэтпэка спрабавала выраўнаваць палёт і амаль здолела, але дэсантнік зачапіўся нагой аб распорку мацавання ракеты, закруціўся і зваліўся ў ваду з правага борта, падняўшы сноп пырскаў. Месца ягонага падзення хутка засталося за кармою трымарана.

— Е-е-е! — завішчала Одры. — Мінус адзін!

— У кнізе столькі дэталяў пра Японію, Лаос, будызм. Ты быў там сам? Цікавішся гэтымі культурамі?

— Google Maps, шмат чытання і моцная матывацыя. Для Японіі — палазіў па картах, паглядзеў, дзе Одры жыве, які раён.

З Лаосам смешная гісторыя. Калі працаваў над персанажамі, хтосьці ляпнуў — мо жонка — «ну няхай ён у Лаосе жыве». Я такі: о, там будыйскія манастыры, няхай будзе будыйскі манах. І Кхам адразу ўплёўся ў сюжэт, ўрос туды — я ўжо не змог яго адтуль выдраць. Прыйшлося пракачвацца, вывучаць будызм з нуля.

Гэта былі самыя цяжкія главы. Але менавіта ў будызме знайшліся моцныя рэферэнсы да тэмы штучных асобаў — пытанні пра свядомасць, што робіць асобу асобай.

Фатограф: Іна Рэвяка

Вадкія працэсары, квантавыя граматыкі і «хворая фантазія»

— У кнізе вельмі падрабязна апісаны тэхналогіі. Адкуль бярэш ідэі?

— Гэта мая любімая частка — тэхналагічныя канцэпты. Самы сок.

Гляджу навуковыя перадачы, чытаю артыкулы ў Quanta Magazine. Там процьма матэрыялу — толькі падбірай пад сваё і мадыфікуй пад свет кнігі. Працэс як тэтрыс: нешта падае зверху — факты, з’явы з рэальнасці. Я іх лаўлю, гляджу: ой, гэта класнае. Потым: ой, яны адно да аднаго падыходзяць. І нешта новае нарастае.

Такі пэтэрн-мэтчынг з навакольным асяроддзем. Я выкалупваю з сусвету тое, што мне падабаецца, прымяраю на ўласную эстэтыку. Што падыходзіць — бяру. Потым хворая фантазія падключаецца, і я развіваю тэму, прыкручваю розныя фічы на свой канцэпт.

— Расшыфруй коблеры. Адно з самых незвычайных.

— Коблеры — гэта вадкія працэсары. Асцыляторная хімічная рэакцыя ў колбе, частату якой выкарысталі для алгарытмічных вылічэнняў.

Але гісторыя іх стварэння — вось што цікава. Гэта было раней паэтычнай формай, а не хімічнай рэакцыяй. Чарлстан прыдумаў пісаць вершы адначасова на некалькіх мовах — у складанай мультымоўнай прасторы. Верш атрымаўся суперскладаны, чалавек ужо не можа прачытаць. І ён выразіўся ў асцыляцыйнай хімічнай рэакцыі, якую потым выкарысталі для вылічэнняў.

Фрагмент рамана

— Якое дачыненне паэзія мае да коблерных працэсараў? — спытаў USER004.

— Адзін з вянкоў санетаў Чарлстан назваў «Коблер». Ён выразіў яго ў вельмі своеасаблівай форме. Гэта была асцыляцыйная хімічная рэакцыя з сямі арганічных кампанентаў у колбе пад высокім ціскам. Як верш «Коблер» не быў вельмі папулярны, пакуль хтосьці з іэлаў не ўжыў аналагічную асцыляцыйную рэакцыю для алгарытмічных вылічэнняў.

Сіднэй драматычна памаўчаў.

— Кожны коблер — твор мастацтва, — падсумаваў ён. — Складанасць канфігурацыі коблераў нарастае экспаненцыйна з ростам абʼёму сумесі, а ў Кхама гэты абʼём проста жахлівы.

— У кнізе ты яшчэ згадваеш квантавыя граматыкі. Яны таксама частка гэтай сістэмы?

— Так! Самы цьмяны і незразумелы канцэпт у кнізе. Там усё ўзаемавязана — гэтыя канцэпты адзін за адным вісяць, фармуюць сетачку. Вось гэта мне асобна падабаецца — што я іх так увязаў адзін за адзін. Паэзія, хімія, вылічэнні — усё разам.

— Амішы ў космасе — адкуль такая ідэя?

— Проста спадабаўся такі канцэпт! Людзі жывуць на баржах у адрыве ад Зямлі, без усіх непакоючых фактараў. Могуць жыць сваім сялянскім жыццём — працуюць і фізічна, і інтэлектуальна. Цэглу насіць час ад часу трэба. Здаравейшы робішся. Спакойная атмасфера.

«Мінск — даволі кіберпанкавы горад»

— У кнізе пра будучыню, штучны інтэлект, глабальныя падзеі. А дзе тут Беларусь? Што «беларускага» ў рамане?

— Беларусь тут ёсць — проста яна ўжо не як Беларусь. Гэта гіганцкі Мінск, які разросся на ўсю тэрыторыю. Як калісьці паглынуў Уручча — так цяпер і ўсю краіну. Адна з главаў адбываецца ў санаторыі «Сянно» — там, можа быць, ужо проста забудова Мінска-3.

— Чаму менавіта Мінск стаў цэнтрам тэхрэвалюцыі?

— Мінск у маіх вачах — даволі кіберпанкавы горад. Увесь гэты ПВТ-шны бум стварыў пэўную касту людзей, якія жывуць у айцішным сэтынгу, інфармацыйным, нябачным асноўнай колькасці жыхароў. Хайтэк і лоўлайф — гэта ж кіберпанк. 

Ну, і я доўгі час жыў у Мінску, нешта сваё трэба было дадаць.

— Ці згадваеш ты нейкія рэальныя аб’екты?

— Так, ёсць рэальныя месцы — ГЦ «Сталіца», фантан на плошчы Незалежнасці, бар «Бяссонніца», Чырвоны касцёл. Але многае выдумана.

— А што такое Інтэрмарыум?

— Інтэграцыйны праект — нешта накшталт канфедэрацыі ці федэрацыі. Мне падабаецца гэты канцэпт, чыста мой эстэтычны выбар. Мінск-3 — усходняя мяжа Інтэрмарыума, а Юлік — яго грамадзянін. Можа, гэта адбітак майго жыцця: Беларусь, Украіна, Польшча — нейкі арэал, у якім я абітаў.

Свет не дэталізаваны на 100%. Я прадумаў толькі тое, што трэба было для сюжэту. Калі б пачаў увесь свет прапрацоўваць, я б дагэтуль яшчэ пісаў і моцна закалябаўся бы.

«Праектаваў дзесяць гадоў, апошнія два — рэндэрыў у тэкст»

— Распавядзі пра сябе. Хто ты па прафесіі?

— Я з Мазыра. Скончыў энергафак БНТУ, на размеркаванне трапіў выкладаць у каледж, але хутка зразумеў, што гэта не маё — уцёк у армію. Пасля вярнуўся ў iTransition. А ў 2021-м з’ехаў у Львоў, адтуль пасля пачатку вайны — у Польшчу. Цяпер жыву ў Варшаве, працую .NET-праграмістам.

— Калі ўзнікла ідэя напісаць кнігу?

— Усё пачалося ў 2016-м, калі я выйшаў з кінатэатра «Кастрычнік» пасля «La La Land». Чаму «La La Land», а не «Blade Runner 2049»? Не ведаю. Нешта там пстрыкнула — і з таго моменту я пачаў збіраць ідэі.

— Дзесяць гадоў ад ідэі да кнігі. Як гэта было?

— Не ўвесь гэты час я пісаў. Першыя пяць гадоў — гэта быў хаос: Гугл док з нататкамі, ідэі, канцэпты. Я працаваў «ад плямы», як мастакі — яны проста ляпаюць фарбу на палатно, а потым пачынаюць з гэтай плямы фармаваць нешта зразумелае. Была нейкая ідэйная пляма, ад якой усё пайшло.

Другія пяць гадоў — ужо асэнсаваная праца. Апошнія паўтара года з іх — найінтэнсіўнейшы перыяд, калі я ўжо непасрэдна рэндэрыў тэкст. Даводзілася маляваць схемы ў Figma, структураваць масіў інфармацыі.

Кніга была як стары Citroen, які стаіць пасярод пакоя — не на хаду, перашкаджае жыць. Трэба было яго дарабіць, каб ён нарэшце з’ехаў. Заварыў днішча, перабраў рухавік, пафарбаваў — і адправіў на вуліцу.

Пісаў у перапынках на працы, пасля працы. Ідзеш па вуліцы — запісваеш думкі на дыктафон. Дома — адкладаеш усе справы, выганяеш блізкіх, і паўтары гадзіны — твае.

— Хацелася калі-небудзь усё кінуць?

— Не. Я пісаў таму, што мне падабалася. Калі б не падабалася — кінуў бы. Арыентаваўся толькі на свой густ, бо хто яшчэ ўсё гэта бачыў? Таму сваю кнігу я г**ном не лічу — яна мне нармальная. Як мінімум — мне. Ці спадабаецца яшчэ каму — пабачым.

Студыя instagram.com/krotko.eu/

Напісана чалавекам для людзей

— Чаму выбраў беларускую мову?

— Я беларус, у мяне пашпарт беларускі. Не хачу, каб казалі, што я расійскі ці польскі пісьменнік. Вырашыў праблему так: напісаў па-беларуску, і ўжо людзі не скажуць, што я нейкі небеларускі дзеяч.

Беларуская мова здавалася мне не тое каб кіберпанкавай, але па-прыколе было яе задзейнічаць. Мне заўсёды хацелася, каб людзі заўважылі: мы не толькі «Дзяльбу кабанчыка» пішам па-беларуску, такі адсажаны кіберпанк таксама можам.

— Былі цяжкасці з мовай?

— Тэхнічныя тэрміны — усё англіцызмы, яны аднолькава гучаць на ўсіх мовах. Аптавалакно, коблеры — не перакладаецца. Але прыйшлося падцягнуць агульны ўзровень беларускай, папісаць скетчы. Моцна спадзяваўся на рэдактара і карэктара — ведаў, што прыйду да прафесіяналаў.

— Кніга пачынаецца з фразы «Напісана чалавекам для людзей». Гэта прынцыповая пазіцыя?

— Так. Я не выкарыстоўваў ШІ для генерацыі тэксту. Трошкі непавага да пакупніка — прадаваць за грошы тое, што згенеравана на крадзеных чужых працах. Гугліў часам, рабіў рэсёрч з LLM-кай — «ці існуе нешта такое?» Але ні радка не згенеравана.

— Будзе працяг?

— Так, але не адразу. Працяг Пентаквантара — працоўная назва Гексаквантар ці 6Q — вельмі маштабны, цяжкі ідэйна і тэхнічна. Я збіраю матэрыялы, канцэпты. Гэта справа некалькіх гадоў.

Паралельна пішу больш кароткі раман пад кодавай назвай G8. У іншым свеце, менш маштабны. Дзве лакацыі, больш сканцэнтравана на ўнутраным свеце персанажа. Для мяне больш асабісты і востры.


Для каго гэта кніга

Калі вы чыталі Ніла Стывенсана, любіце «Blade Runner» і «Ghost in the Shell», калі хочаце ўбачыць Мінск будучыні і разабрацца, як могуць суіснаваць людзі і штучныя асобы — гэта ваша кніга.

«Пентаквантар» — для тых, хто любіць тэхнічныя дэталі, філасофскія пытанні пра свядомасць і маштабныя прыгодніцкія гісторыі. Для тых, каму цікава, як будызм спалучаецца з кіберпанкам, а касмічныя баржы — з амішамі.

Гэта не «беларуская літаратура» ў традыцыйным сэнсе. Гэта сусветная навуковая фантастыка, якая напісана па-беларуску.

Купіць можна на сайце выдавецтва.

Купіць «Пентаквантар»

Сачыце за навінамі: выдавецтва Gutenberg Publisher у Instagram і TikTok.


Гутарка атрымалася доўгая і цікавая — шмат засталося за кадрам. Хочаце працягу? Прыходзьце на VII Міжнародны фестываль інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA 2025 у Варшаве (21–24 лістапада). Сустрэнецеся з Арцёмам Шуканавым, купіце кнігу з аўтографам і паразмаўляеце ўжывую.

Чытайце таксама
6 кніг, якія паўплывалі на кіраўніка Apple Ціма Кука
6 кніг, якія паўплывалі на кіраўніка Apple Ціма Кука
6 кніг, якія паўплывалі на кіраўніка Apple Ціма Кука
2 каментарыя
5 натхняльных біяграфій ад Біла Гейтса для летняга чытання
5 натхняльных біяграфій ад Біла Гейтса для летняга чытання
5 натхняльных біяграфій ад Біла Гейтса для летняга чытання
10 книг по визуализации данных, которые стоит прочитать
10 книг по визуализации данных, которые стоит прочитать
Bubble
10 книг по визуализации данных, которые стоит прочитать
1 млн книг на 13 языках мира: слушайте и читайте книги на Bookmate
1 млн книг на 13 языках мира: слушайте и читайте книги на Bookmate
1 млн книг на 13 языках мира: слушайте и читайте книги на Bookmate

Хочаце паведаміць важную навіну? Пішыце ў Telegram-бот

Галоўныя падзеі і карысныя спасылкі ў нашым Telegram-канале

Обсуждение
Комментируйте без ограничений

Релоцировались? Теперь вы можете комментировать без верификации аккаунта.

hottaby422
hottaby422 Консультант в Сам себе буратино
1

Топчык, дзякуй!

0

Ужо прачытана! Рэкамендасьён!

slacker
slacker DevOops в dev/null
0

падабайка