Платнікаў прымусіць адпрацоўваць, тэрмін адпрацоўкі павялічыць. У Лукашэнкі — нарада пра адукацыю

Яшчэ там вялася гаворка пра кошт навучання.

78 каментарыяў

На нарадзе ў Лукашэнкі сёння абмяркоўвалі ад’езд каштоўных спецыялістаў і тое, як гэтаму процідзейнічаць. Вырашылі падоўжыць тэрмін адпрацоўкі па размеркаванні для выпускнікоў ВНУ, а яшчэ зрабіць адпрацоўку абавязковай не толькі для бюджэтнікаў, але і студэнтаў-платнікаў. Бо платнай адукацыі ў краіне няма, ёсць «паўплатная».

Вось галоўныя цытаты з БЕЛТА.

— Вы не сказалі пра галоўнае, — сказаў Лукашэнка пасля дакладу міністра адукацыі Андрэя Іванца.  Што хвалюе сёння дзяржаву. Мяне інфармуюць, што самыя-самыя прасунутыя, класныя спецыялісты з краіны з’язджаюць. Больш за тое, нейкая ў нас сістэма: скончыў ВНУ, не адпрацаваў і сышоў. Мы ж навучаем і рыхтуем у ССНУ, ВНУ спецыялістаў для сябе.

— Сёння і бюджэтнік, і платнік, на нашую думку, мусіць адпрацоўваць, — прапанаваў Іванец.

— Сёння платнік пакрывае не больш за 50-70% ад кошту свайго навучання. Фактычна ў рэспубліцы няма платнай вышэйшай адукацыі — гэта паўплатная адукацыя, якую субсідуе альбо ўніверсітэт, альбо дзяржава. Мы гэтую праблему бачым, яе нам неабходна вырашаць. Да гэтага ўжо прыступілі, — дадаў міністр.

Лукашэнка прапанаваў павялічыць тэрмін адпрацоўкі і ўвесці «забаронныя меры».

— Хоць бы паўзабаронныя: дапусцім, 5 гадоў. Правільна, мэтавік — не менш за 5 гадоў. А можа быць, яшчэ і арыентаваць дзесьці акуратна да 7 гадоў. У адваротным выпадку — не хадзі ў мэтавікі.

— Па адпрацоўцы мы вызначыліся, — рэзюмаваў Лукашэнка. — Тэрміны (ужо цяпер трэба насельніцтва акуратна інфармаваць пра гэта) мы павялічваем. Мы рыхтуем для сябе спецыялістаў. Мы падрыхтавалі, даем табе першае працоўнае месца — ідзі і працуй. Вось туды трэба, мы цябе туды накіроўваем. Я таксама праходзіў праз размеркаванне, дый многія тут сядзяць, і нічога.


Читать на dev.by