Менеджар праектаў 4 месяцы шукаў працу ўсюды. Аналізуе стан рынку
«Рынак мёртвы, заробкі на дне, шмат фэйкавых вакансій».
Іван — сертыфікаваны (PMI PMP) праектны менеджар, у прафесіі 15 гадоў, называе сябе сеньёрам+ або нават лідом. Доўга працаваў на аўтсорс-кампанію спачатку ў Беларусі, потым у Еўропе. Дарос да пазіцыі Chief Information Officer і… трапіў пад скарачэнне.
— Павышэнне мне паклалі «пад ялінку» перад навагоднім карпаратывам, — расказвае ён. — Выдатная пазіцыя з выдатнай зп. А праз тыдзень у кампаніі пачаліся скарачэнні, і мяне звольнілі.
Пошук новай працы заняў амаль 4 месяцы. Атрымаўшы офер, Іван падзяліўся c dev.by сваёй гісторыяй і назіраннямі пра стан рынку працы.
Дзе шукаў
Спачатку я паспрабаваў пошук у еўрапейскіх кампаніях. Глядзеў Польшчу, Германію, Аўстрыю. Але сутыкнуўся са спецыфічным падыходам да падбору кадраў і зразумеў, што не пацягну. Немцы «павернутыя» на тэхналогіях. Нават калі ты PM, які кіруе працэсамі, ты мусіш быць глыбока занураны ў прадукт і добра знаць тэхналогіі. Мяркуецца, што калі СТА/лід/дэвопс чамусьці не будуць даваць рады, PM гэтыя пытанні закрые. У выпадку з Польшчай ключавой перашкодай стала мова. Унутраная камунікацыя вядзецца на польскай, у мяне няма жадання яе вучыць, таму не зраслося.
Будзь я распрацоўшчыкам, магчыма, мела б сэнс і далей шукаць працу ў еўрапейскіх/амерыканскіх кампаніях. Але на менеджарскай пазіцыі розніца менталітэтаў і падыходаў да наймання выявілася адчувальнай. Хоць у мяне і добрая англійская (С1), я гэтага не вывез. Разумеў, што нават калі прайду сумоўі і атрымаю офер, то буду моцна прайграваць мясцовым кандыдатам.
Таму я зрушыў пошук на рускамоўныя кампаніі, якія альбо знаходзяцца на ранейшых месцах, альбо рэлакаваліся — на Кіпр, у ААЭ, Еўропу, Арменію, Грузію, Казахстан, Узбекістан.
Храналогія і статыстыка пошукаў
Пачатак пошуку — пачатак студзеня 2023.
Офер — 21 красавіка 2023.
- Адпраўлена водгукаў — 393.
- Не прагледжана працадаўцам — 88.
- Прагледжана без рэакцыі — 17.
- Вакансія сышла ў архіў (была закрытая або знятая) без разгляду кандыдатаў — 98.
- Атрымаў адмову адразу толькі па скрынінгу рэзюмэ — 143 (некаторыя пісалі, што я overqualified, сеньёраў і лідоў яны проста не пацягнуць).
- Адрэагавалі на водгук і пачалі перапіску — 47.
- Запрасілі на зум-званок для знаёмства — 24.
- Правялі два і больш этапы сумоўя — 11.
- Атрымаў офераў — 5.
Ад двух адразу адмовіўся праз вельмі нізкую прапанову ў заробку.
Ад аднаго адмовіўся, бо хацелі плаціць крыптой.
Выбіраў з двух прыкладна з падобнымі ўмовамі, абраў лепшую прапанову.
Што за офер
Геймдэў-кампанія, 250+ чалавек, офіс на Кіпры, В2В кантракт з польскім ІП, магчымасць працаваць з офіса на Кіпры або аддалена, або ў гібрыдным фармаце. Зп ніжэйшая, ніж была і ніж я хацеў бы. Я хацеў 5K, мне прапанавалі 4K — я, натуральна, пагадзіўся.
Асноўныя назіранні
Вакансій для праектных менеджараў на рынку досыць шмат. Але (!) пры гэтым шматлікія кампаніі не праглядаюць водгукаў наогул. Я кажу не пра адказы кандыдатам, а менавіта пра прагляды. Чаму так, для мяне загадка.
Адзіная версія — фэйкавыя вакансіі. Каб не выклікаць паніку на рынку або паказаць удзельнікам рынку/акцыянерам/камусьці яшчэ, што ўсё добра, кампанія расце і наймае. Даволі дзіўна публікаваць вакансіі і не праглядаць іх.
Нізкія заробкавыя прапановы. Большасць кампаній на рынку, які падае, шукае «добрых спецыялістаў танна». Зп заніжаныя так, што проста смех. На dev.by некалькі месяцаў таму была вакансія для PM з англійскай мовай за 600 баксаў. І гэта рэаліі рынку. Раней спяцоў з такім скілсэтам шукалі на 2К, а цяпер — на 600 баксаў.
Практычна ўсе наймаюць на В2В, працоўных дамоў не прапаноўваюць. То-бок аплата адпачынку і бальнічнага — па дамоўленасці, а не па законе.
Ёсць кампаніі, якія шукаюць супрацоўнікаў на канкрэтны праект без гарантыі падаўжэння кантракта пасля яго заканчэння. А некаторыя нават парт-тайм спецыялістаў на пагадзінную аплату, гэта тычыцца і прадукту, і аўтсорсераў (мяне здзівіла).
Тэрмін прыняцця рашэнняў — доўгі. У сярэднім да оферу трэба прайсці 3-4 сумоўі, ад знаёмства з эйчарам да інтэрв’ю з кіраўніком кампаніі.
Інтэрв’юеры, як правіла, добра падрыхтаваныя, у іх ёсць дакладнае разуменне, хто і пад якія задачы ім патрэбны. Сляпога наймання, як раней, больш няма.
Кампаніі больш прыдзірлівыя да скілоў, ніж год таму. Ім патрэбны гатовы спецыяліст з выразным трапляннем.
Калі фінтэх, патрэбны досвед працы з канкрэтнымі эквайрынгамі.
Калі геймдэў, то канкрэтна гіперкэжуал, не мідкор або штосьці іншае.
Калі кліенцкая распрацоўка, то менавіта кансалтынг і перамовы, а не проста аўтсорсінг.
Сумежны досвед амаль не разглядаецца. Даходзіць да запыту канкрэтных сертыфікатаў, прыкладаў патрэбных праектаў і г. д. А раней часта бралі проста людзей з досведам і ўжо заточвалі іх пад сябе. Пра найманне на бэнч можна наогул забыцца.
Прычыны адмоў: overqualified, высокі запыт па зп, нерэлевантны досвед (у мяне фінтэх і геймдэў), недастаткова софт-скілоў.
Кампаніі ў РФ працуюць выключна на ўнутраны рынак, ім яго больш ніж дастаткова. Буйныя кампаніі блакуюць доступ з-за мяжы да сваіх унутраным рэсурсаў. Таму калі аддаленая праца, то толькі з тэрыторыі РФ. Увогуле, гэта не рынак для беларусаў.
Што яшчэ цікавага
Тры кампаніі даслалі тэставае заданне, на выкананне кожнага сышло прыкладна па 30 хвілін. Усе тры даслалі адмову, ніводная не патлумачыла прычыны і не дала фідбэку па тэставым.
Адная кампанія папрасіла зняць відэа на англійскай мове з расповедам пра сябе і адказамі на пытанні. Відэа размясціў на ютубе, яно нават не было прагледжана, па спасылцы не было ніводнага пераходу. Ад кампаніі — чаканая адмова.
Дзве кампаніі знайшлі мяне самі, абедзве са сферы гемблінгу. Мабыць, гэта адзіная сфера, якая актыўна мае патрэбу ў кадрах і масава наймае. Але бюджэты не фантан.
Ключавая выснова
Рынак мёртвы, заробкі на дне, шмат фэйкавых вакансій.
Як вядома, самы нізкі парог уваходу ў ІТ — праз праектны менеджмент, тэсціраванне або бізнэс-аналіз.
Дык вось PM для джуноў цяпер дакладна не варыянт.
Месцы, дзе мае сэнс шукаць рускамоўныя вакансіі па-за Беларуссю
- hh.ru — гэты рэсурс можна выкарыстоўваць з пошукам па слове «аддалена»;
- dou.ua — шмат цікавага, калі заходзіць як кандыдат з Польшчы;
- career.habr.com — у асноўным кампаніі і праекты на расійскім рынку;
- getmatch.ru —вакансій мала, але месцамі па справе;
- linkedin.com —доўга і складана;
- іншыя дробныя галіновыя рэсурсы.
Як было год таму
А вось статыстыка студзеня 2022 года, калі я шукаў працу ў той жа пазіцыі і кандыдатуры. Мэты памяняць кампанію тады не было, хацеў праверыць свае навыкі і патрабаванні да кандыдатаў.
Адпраўлена водгукаў — 30.
Не прагледжана — 3.
Адмова адразу — 11.
Адказалі і пачалі перапіску — 17.
Запрасілі на зум — 8.
Зрабілі офер, у тым ліку адразу пасля першага званка — 5.
Оферы тады атрымаў на працягу 2-3 тыдняў ад старту пошуку. Рынак, хоць ужо і пачынаў падзенне, яшчэ быў вельмі гарачым. Верагодна, усё змянілася пасля 24.02.
Выдаткуйце яшчэ 15 секунд, калі ласка.
dev.by, як і іншым сумленным медыя, сёння вельмі складана: рэдакцыя працуе па-за межамі краіны, а нашыя рэкламныя даходы скараціліся ў некалькі разоў.
Але мы даем рады — з вашай дапамогай. Гэта вы дзеліцеся з намі інфанагодамі, думкамі, досведам, часам і ўвагай. А 170 чытачоў падтрымліваюць нас данатамі. У 2023 годзе мы хочам сабраць 1000 чытачоў-падпісчыкаў.
Дапамагчы нам можна праз Patreon.
І яшчэ крыптой, тут гаманцы.
Дзякуй, што прачыталі гэтае паведамленне.
Читать на dev.by