У Польшчы расце колькасць ІТ-бізнэсаў. Пры канцы года іх можа стаць 200 тысяч

Сёлета на польскім ІТ-рынку з’явілася 11 тысяч новых гульцоў. Калі тэндэнцыя захаваецца, то пры канцы года ў Польшчы будзе працаваць больш за 200 тысяч суб’ектаў гэтай галіны, піша канал для айцішнікаў у Польшчы Dzik Pic са спасылкай на «Rzeczpospolita».

20 каментарыяў

Колькасць ІТ-кампаній у Польшчы расце як шалёная. Толькі за восем месяцаў 2024 года іх колькасць павялічылася на 6% у параўнанні з 2023 годам, а ад 2022 года прырост склаў амаль чвэрць.

Гэта ўжо абсалютны рэкорд па колькасці такіх суб’ектаў, але — паводле даных аналізу Dun & Bradstreet (D&B), падрыхтаванага для «Rzeczpospolita» — чакаецца, што статыстыка працягне паляпшацца.

Даныя паказваюць, што ад пачатку студзеня да верасня польскі ІТ-рынак дадаў больш за 11 тысяч фірмаў. Як падкрэслівае ў «Rzeczpospolita» эксперт D&B Томаш Стажык, гэта дазваляе заявіць, што Польшча з’яўляецца адным з самых хуткарослых ІТ-рынкаў у Еўропе.

— Па большай частцы гэта індывідуальныя прадпрымальнікі, ІТ-спецыялісты аказваюць свае паслугі як польскім, так і замежным глабальным карпарацыям. Большасць з іх працуе ў галіне, звязанай з праграмным забеспячэннем і паслугамі ў ІТ. Варта падкрэсліць, што менавіта гэтая галіна заняла першае месца ў Польшчы, з найбольшай колькасцю кампаній, унесеных у рэестр, — кажа эксперт D&B.

Усяго, як дадае выданне, у Польшчы сёлета зарэгістравана амаль 8,5 тыс. фірмаў, звязаных з софтам і ІТ-паслугамі.

На думку эксперта D&B, калі гэтая тэндэнцыя захаваецца ў найбліжэйшыя месяцы, то пры канцы года ў Польшчы будзе ўжо больш за 200 тысяч ІТ-фірмаў. 

«Гэта паставіць нашую краіну на адную з лідзіруючых пазіцый у Еўрапейскім Саюзе па іх колькасці», — падкрэслівае Томаш Стажык.


Читать на dev.by