Паўгода чакання і адмова. Гісторыя, як беларусы звярнуліся да візавых пасярэднікаў
Канал Dzik Pic расказвае гісторыю чытача, які застаўся, мякка кажучы, незадаволены паслугамі візавага пасярэдніка ў Мінску.
«Хацелася б надаць агалоскі сітуацыі з тым, як працуюць візавыя агенцтвы на атрыманне „запрашэнняў“, каб менш людзей у гэта ўляпалася, — кажа беларус. — У студзені звярнуліся па дапамогу ў афармленні візы да аднаго агенцтва. Хацелі, каб маці жонкі прыехала да нас у Польшчу — прычым да мая, то-бок да даты родаў, і паспела дапамагчы з малым. У выніку малому ўжо амаль 2 месяцы, а цешча сутыкнулася з адмовай па візе».
Чаканне запрашэння і адмова па трох пунктах
Жонка чытача расказала Dzik-у, што спачатку дамова была такая: фірма робіць запрашэнне для яе маці, а затым, калі ўсё атрымаецца, дапамагае з рэгістрацыяй. Пара ўнесла крыху больш за 795 рублёў за афармленне запрашэння і стала чакаць.
Першапачаткова меркавалася, што запрашэнне зробяць за 6 тыдняў. Але ў сакавіку, кажа беларуска, супрацоўнікі агенцтва перасталі ёй адказваць. Адклікаліся толькі на званкі яе маці і абяцалі, што «на наступным тыдні будзе гатова».
Так прайшоў месяц. Беларуска зразумела, што з гэтым трэба нешта рабіць, і звязалася напрамую з кіраўніком агенцтва ў сацсетках. Той растлумачыў, што старыя партнёры, з якімі фірма раней супрацоўнічала па гасцявых візах, спынілі працу на працягу лютага-сакавіка.
«Ён пачаў прапаноўваць, каб я аформіла запрашэнне сваёй маці (а фірма потым запісала яе на падачу). Але сказаў, што ўдакладніць — можна так ці не. Выявілася, што няможна: гродзенскі візавы цэнтр не прымае запрашэнняў ад сваякоў з ДНЖ — толькі з ПМЖ або грамадзянствам», — дадае суразмоўца.
Пасля гэтага кіраўнік агенцтва прапанаваў аформіць запрашэнне ад іншага «партнёра». Беларуска пагадзілася, тым больш што тэрміны ўжо падціскалі.
Праз месяц-паўтара запрашэнне нарэшце было гатова. Але ў выніку маці беларускі усё роўна сутыкнулася з адмовай — прычым па некалькіх пунктах:
- 2-ім («не абгрунтавалі мэты або ўмоў візіту»),
- 10-м («інфармацыя, пададзеная для вызначэння мэт і ўмоў меркаванага знаходжання, не з’яўляецца дакладнай»)
- і 12-м — «ёсць абгрунтаваныя сумневы адносна дакладнасці прадстаўленых дакументаў пацвярджэння або дакладнасці іх зместу».
Засмучаная беларуска тут жа напісала кіраўніку агенцтва. Пасля гэтага з ёй звязалася ўжо іншая супрацоўніца кампаніі.
Беларуска задала ёй пытанне: ці існуе наогул чалавек, які аформіў запрашэнне? На што супрацоўніца сказала наступнае: «Адказваючы на вашае пытанне, існуе такі чалавек ці не існуе, шчыра скажу: я не магу вам дакладна адказаць. Проста з адной прычыны — што гэтага адказу мне нават не дасць партнёр» (гісторыя переписок ёсць у рэдакцыі Dzika). А затым дадала, што частка людзей усё ж атрымала ўхваленне па запрашэннях ад дадзенага партнёра.
«Аднак я тэлефанаваў па нумары з запрашэння, і адказаў наогул не той чалавек, чыё імя там пазначана», — сцвярджае муж беларускі.
У нейкі момант пара падняла пытанне аб вяртанні сродкаў — тых самых 795 рублёў (за рэгістрацыю яны не плацілі, бо змаглі самастойна аформіць запіс праз консула). Але супрацоўніца агенцтва сказала, што «вяртання дакладна не будзе, бо другой часткі аплаты ў вас і так не было, мы закрывалі ўгоду толькі па перадаплаце. <.> І запрашэнне каштавала 250 еўра, гэта нават больш, чым была ўнесеная перадаплата. Па ўгодзе мы сышлі ў мінус, і праца была праведзеная».
«Але ў мінус па ўгодзе яны сышлі толькі па сваёй віне, — абураецца беларуска. — І 795 рублёў на 17 студзеня было больш, чым 250 еўра! Мы разлічвалі падацца на апеляцыю, бо, ведаеце, бываюць памылкі. Але калі яна абсалютна спакойным голасам сказала, што не ведае, ці існуе гэты чалавек, партнёр нам ніяк не дапаможа, і рэфанду ніякага не чакайце… Я далей не стала працягваць з ёй дыялог».
«Польскі бок. Узнікаюць пытанні з запрашэннем»
На параду чытача Dzik пакапаўся ў Google-водгуках на гэтую фірму. Там шмат пазітыўных паведамленняў. Але ёсць і некалькі з апісаннем падобных сітуацый. Напрыклад, «у візе мне адмовілі, бо дакументы ад агенцтва не прайшлі праверкі»; «рабілі мужу дзелавую візу, прыйшла адмова праз недакладную інфармацыю».
Альбо: «Люты, еду на мяжу, пакуль адзін. 5 гадзін за рулём, Брэст. 13 гадзін у чарзе, праходжу беларусаў. Польскі бок. Узнікаюць пытанні з запрашэннем. Як выявілася, кампанія-махлярка выдае на імя іншай кампаніі запрашэнні без яе ведама, якая ні сном, ні духам» (дзеля справядлівасці, згодна з прымацаванымі дакументамі, фірма, якая выдала запрашэнне для рабочай візы, аформіла занадта шмат запрашэнняў людзям, якія ў ёй не працуюць. Праз гэта ў памежнікаў і ўзніклі асцярогі, што кампанія выдае запрашэнні выключна дзеля запрашэнняў — заўв. Dzika).
Дарэчы, раней у беларускіх СМІ расказвалі пра жыхарку Ліды, якая спрабавала вярнуць грошы за неатрыманую візу (ёй адмовілі праз неабгрунтаванне мэты або ўмоў знаходжання).
Лідчанка палічыла, што вінаваты візавы цэнтр, бо ёй «няякасна аформілі дакументы». Запатрабавала вяртанне, візавы цэнтр адмовіў. Жанчына пайшла ў суд. Аднак там пазову вырашылі не задавальняць, паколькі спажывец мае права запатрабаваць поўнага пакрыцця страт, калі прычынай была недастаткова добра выкананая праца. А факт недахопаў у працы візавага цэнтра пацверджаны не быў — ёсць толькі сцвярджэнне пазоўніцы.
Читать на dev.by