Айцішнік набыў кватэру ў польскай вёсцы пад Уроцлавам. Расказвае, колькі заплаціў і як жывецца
Айцішнік пераехаў з Уроцлава ў прыгарад і пакуль у цэлым задаволены (хоць пытанні ёсць). Пра прычыны пераезду, умовы жыцця і працы ў вёсцы на тысячу жыхароў ён распавёў каналу Dzik Pic.
Што за вёска?
— Вёска называецца Krzeptów, яна знаходзіцца на паўднёвым захадзе ад Уроцлава, побач з аэрапортам. Насельніцтва каля тысячы чалавек, але ўжо будуюцца новыя дамы ад дэвелапераў.
Пераехаў крыху больш за паўгода таму. Узяў сваё жыллё ў шматкватэрным доме сярод прыватнага сектара ў іпатэку. Дазволу ад МУС не патрабавалася, бо гэта лічыцца <жылой> кватэрай.
Папярэднюю кватэру я здымаў, але ў нейкі момант зразумеў, што трэба шукаць сваё жыллё. Спачатку шукаў ва Уроцлаве, але там альбо па кошце не сыходзіліся, альбо былі патрэбныя дазволы, альбо кватэра была пад чыншам на 1К+ злотых, альбо проста не задавальняла абстаноўка. У выніку вырашыў з’ездзіць за горад, і гэтая вёска і кватэра мяне зачаравалі.
Тут лес, прырода, машыны ездзяць раз на 5 хвілін. Прыгожыя дамкі, усюды яловыя дрэвы, птушкі спяваюць.
Адсюль ходзяць аўтобусы, усяго 20 хвілін і прывітанне, Уроцлаў, а адна перасадка — і вось ўжо Rynek (цэнтр).
«Крэдыт у месяц — каля $1К»
— Працую па UoP (умова о праце), іпатэку ўзяў у банку Pekao. ING і Santander адмовілі. З mBank ужо была падпісана дамова, але там быў не вельмі добры працэнт, а Pekao у апошні момант даў сваё «так».
Кватэра — другасны рынак, то-бок усё ўжо было падрыхтавана для камфортнага жыцця. Так, трэба было нешта перарабіць ці дадаць дэталі (гэтым і займаюся паступова), але, на шчасце, не давялося рабіць паўнавартасны рамонт. Мне была патрэбна кватэра, у якую можна было адразу засяліцца (кантракт на арэнду ўжо заканчваўся).
Гэта двухпакаёвая кватэра, але прасторная. Штомесячны плацёж па крэдыце — каля $1К (агульная сума іпатэкі — прыкладна мільён злотых з улікам працэнтаў).
Афармлялі на 25 гадоў, але я падлічыў, што павінен закрыць раней (банк проста не хацеў даваць на 15 ці 20 гадоў). Галоўнае, не выплаціць усё за першыя 4 гады, інакш, так, будуць санкцыі. А так, умоўна за 5-10 гадоў — можна.
Дарэчы, для банка важна, каб зарплата была ў злотых. Валюты, нават даляры, яны абыходзяць, нібыта гэта беларускі рубель.
Стаўка па іпатэцы спачатку была каля 7,6%, але яна плаваючая. Напрыклад, у мінулы раз штомесячны плацёж паменшыўся на 200 злотых проста з-за змяншэння працэнта.
Ці зручна жыць і працаваць?
— Працую аддалена, таму з гэтым ніякіх праблем няма. І, шчыра кажучы, інтэрнэт тут часам хутчэйшы, чым у горадзе, хоць і даражэйшы на 5-10 злотых (1,25-2,56 даляра).
Światłowód (аптавалакно) тут ёсць, у прыватных дамах, мяркую, таксама. Ёсць выбар паміж 3-4 правайдарамі. Гэта, напэўна, адна з рэчаў, што найбольш мяне здзівіла пасля пераезду. Больш за тое, яны канкуруюць паміж сабой і прапануюць тарыфы з 3-4 месяцамі бясплатнага абслугоўвання.
З крамамі напружана. Але калі жыць на дастаўках прадуктаў кшталту Carrefour/Auchan, то вельмі нават нічога. Ну і ў нас ёсць Żabka, заўсёды выратуе, база.
Ад гэтай вёскі літаральна ў 600-700 метрах знаходзіцца іншая, Smolec, яна большая. Там ёсць і крамы, і яшчэ «Жабкі» і выдатны спорт-цэнтр.
Калі трэба нешта вырашыць з дакументамі, наведаць ужонд-банкі ці хочацца у рэстаран, то, вядома, трэба збірацца з думкамі і ехаць у горад. Але, на шчасце, я дамасед, таму не так часта гэтым займаюся.
«Цішыня, прыгожа ў любую пару года»
— Тут з гэтым сапраўды супер добра, але, як заўсёды бывае, зімой можа быць смог. У прыватных дамах топяць вуглём або дрэвам, таму ў моцныя маразы можа смярдзець.
У цёплы час года, вядома, пахне дрэвамі, шашлыкамі і кветкамі. Лясы тут ёсць, калі хочацца, то можна паглядзець дзікоў і вожыкаў. Часта можна заўважыць, як па вёсцы ходзяць каты, хоць і хатнія, але гуляюць свабодна.
Адзіныя жывёлы, якія не прыносяць шчасця — галубы. З пачаткам вясны і да позняй восені яны тэрарызуюць балконы, будзяць сваімі гукамі, прыносяць мурашак, робяць гнёзды. У мінулым годзе нават пакінулі яйка.
Ці перашкаджаюць самалёты з аэрапорта? Не, у кватэры іх зусім не чуваць. Але калі на вуліцы, то ўзлёт, вядома, можна пачуць, але не сказаў бы, што гэта неяк замінае.
Што вельмі падабаецца: цішыня, прыгожа ў любую пару года, часта пахне шашлыкамі. Ёсць грамадскі грыль, дзе можна развесці вогнішча, пакапціць або падсмажыць мяса.
Што не падабаецца: пах у ацяпляльны сезон. І з-за навальніц улетку ці моцнага дажджу можа адключыцца электрычнасць. У першыя два месяцы жыцця тут адключэнні былі настолькі частымі, што ўжо не хапала слоў аператару.
Палякі, дарэчы, аказаліся супер не ініцыятыўнымі. Калі я тэлефанаваў падчас адключэння святла, мне казалі, што я адзіны, хто пакінуў заяўку, а значыць, толькі ў мяне праблемы і наогул, «разбірайцеся самі, што ў вас там з праводкай». Хаця не тое што ў хаце, а на цэлай вуліцы не было святла.
Такое здаралася і з інтэрнэтам некалькі разоў. Проста адключалі на 1-2 гадзіны. Не настолькі часта, каб вывесці з сябе, але было. Кожны раз я пісаў правайдару. Часам мне нават давалі зніжку на аплату на наступны месяц.
Так, можа, я зануда, але калі працуеш з дома, гэта вельмі напружвае.
Читать на dev.by