Польшча закрые мяжу з Беларуссю ў чацвер

Польскі ўрад вырашыў цалкам закрыць мяжу з Беларуссю. Пра гэта паведаміў сёння прэм’ер-міністр краіны Дональд Туск.

54 каментарыя

Такі крок звязаны з беларуска-расійскімі вучэннямі «Захад 2025». Мяжу закрыюць у ноч на пятніцу 12 верасня, у тым ліку чыгуначныя пераходы. А калі адчыняць, невядома.

«Як вы ведаеце, у пятніцу пачынаюцца вельмі агрэсіўныя расійска-беларускія манёўры, вельмі блізка да польскай мяжы. Гэта мае свае наступствы. Адказам з’яўляюцца манёўры з нашага боку. Мэтай гэтых манёўраў з’яўляецца, у тым ліку, Сувалкскі калідор, мэта пакуль — сімуляцыя дзеянняў. Мы маем справу з узрастаючым лікам правакацый з боку Расіі і Беларусі. У сувязі з гэтым мы закрыем мяжу з Беларуссю, уключаючы чыгуначныя пераходы, у сувязі з манёўрамі „Захад“, у поўнач з чацвярга на пятніцу», — сказаў Туск перад пачаткам пасяджэння ўрада.

Як піша DzikPic, ён таксама згадаў нядаўняе затрыманне польскага манаха ў Лепелі, пасля якога МЗС Польшчы параіў сваім грамадзянам устрымацца ад паездак у РБ.

Вучэнні «Захад-2025» пройдуць з 12 па 16 верасня. Асноўная частка пройдзе на тэрыторыі цэнтральнай Беларусі. Афіцыйна ў іх удзельнічае каля 13 тысяч салдат, але па розных заходніх крыніцах, у рэчаіснасці можа быць да 150 тысяч.

У боце Telegram-канала Пагранічнага камітэта РБ адказалі, што афіцыйнай інфармацыі ад польскага боку па гэтай нагодзе пакуль не паступала. Прэс-сакратар пагранічнай службы Польшчы пакуль не мае інфармацыі, калі мяжу адчыняць. Сказаў толькі, што сёння пройдзе прэс-канферэнцыя на гэтую тэму. У беларускіх прыгранічных чатах зараз актыўна абмяркоўваюць магчымыя наступствы такога рашэння.

Дарэчы, Літва таксама плануе ўзмацніць ахову мяжы з-за расійска-беларускіх вучэнняў, але пра закрыццё гаворка пакуль не ідзе.

У Польшчы перагледзяць правілы выдачы карты паляка
Па тэме
У Польшчы перагледзяць правілы выдачы карты паляка
Беларусам у Варшаве ўскладнілі атрыманне пасведчанняў на вяртанне
Па тэме
Беларусам у Варшаве ўскладнілі атрыманне пасведчанняў на вяртанне

Читать на dev.by