Польская мытня патлумачыла за ўвоз тавараў у Беларусь
Dzik Pic атрымаў адказ ад Нацыянальнай падатковай адміністрацыі Польшчы, чаму беларусы не могуць вывезці некаторыя тавары.
Днямі ў беларускіх чатах сталі пісаць, што польскія памежнікі перасталі афармляць вяртанне Tax Free і нават не прапускаюць пэўныя тавары з Польшчы ў Беларусь. Тады ў якасці абгрунтавання спасылаліся на рэгламент ЕЗ 2024/1865 ад 29 чэрвеня 2024-га.
У адказе каналу Dzik Pic Нацыянальная падатковая адміністрацыя Польшчы (у яе ўваходзіць і мытная служба) пацвярджае, што новы пакет санкцый закранае і тавары, набытыя фізічнымі асобамі ў розніцу.
У лісце за подпісам прэс-сакратара Люблінскага аддзела службы (да яго адносіцца пункт пропуску «Тэрэспаль») Міхала Дзеруся, гаворыцца, што Нацыянальная падатковая адміністрацыя праводзіць праверкі ў адпаведнасці з дзейнымі нормамі законаў: «У прыватнасці, мы кантралюем захаванне забарон на экспарт з Польшчы і імпарт у Польшчу тавараў, якія падпадаюць пад санкцыі ЕС. Мытныя дэкларацыі правяраюцца ў дачыненні да фізічных і юрыдычных асоб, якія падпадаюць пад санкцыі ў адпаведнасці з правіламі ЕС».
Затым прадстаўнік службы спасылаецца на шэраг рэгламентаў, на падставе якіх і ажыццяўляецца кантроль:
— Рэгламент Рады (ЕС) № 8333/2014 ад 31 ліпеня 2014 года;
— Рэгламент (ЕС) № 765/2006;
— Рэгламент Рады (ЕС) № 269/2014 ад 17 сакавіка 2014 года.
Прэс-сакратар дадае, што супрацоўнікі мытні і падатковай на польскай мяжы таксама маюць сачыць, каб «санкцыі, уведзеныя ў дачыненні да Расіі і Беларусі, не парушаліся». І таму часам службоўцы абавязаныя не проста правяраць падатковыя дэкларацыі, але і пры неабходнасці ладзіць «фізічны агляд тавараў, якія перавозяцца».
Але самае галоўнае ў гэтым адказе — што ўжо згаданая пастанова ЕС 2024/1865 «пашырыла сферу дзеяння існых санкцый супраць Беларусі і павялічыла пералік суб’ектаў, да якіх маюць прымяняцца змененыя палажэнні».
«Гэта азначае, што адрасатамі правілаў аб забароне на ўвоз і вываз таксама з’яўляюцца фізічныя асобы, якія перамяшчаюць тавары, набытыя ў розніцу», — гаворыцца ў лісце.
Поўны пералік санкцыйных тавараў шукайце тут, пачынаючы ад 181-й старонкі. Згодна з дакументам, забарона не тычыцца рэчаў для асабістага карыстання, такіх як адзенне або прадметы асабістай гігіены (п. 19).
Читать на dev.by