Польскія ІТ-кампаніі просяць вярнуць PBH. Назвалі колькасць айцішнікаў з Беларусі

Асацыяцыя распрацоўшчыкаў праграмнага забеспячэння (SoDA) рыхтуе ліст у МЗС.

100 каментарыя

Раптоўнае прыпыненне праграмы «Poland.Business Harbour» ударыла па польскіх ІТ-кампаніях. Асацыяцыя распрацоўшчыкаў софту (SoDA), якая ўключае амаль 200 ІТ-кампаній, рыхтуе зварот у МЗС з заклікам аднавіць PBH, піша канал DzikPic са спасылкай на выданне Rzeczpospolita.

— Спыненне праграмы «Poland.Business Harbour», прычым аднамомантавае, без узгаднення з ІТ-галіной, стала балючым ударам для нашых кампаній, — заявіла кіроўная дырэктарка SoDA Марцаліна Хайнацка. — Нам не далі магчымасці падрыхтавацца да гэтага сцэнара.

SoDA паспрабуе пераканаць МЗС аднавіць дзеянне PBH. У сваім звароце асацыяцыя мае намер падкрэсліць пазітыўныя бакі праграмы. Напрыклад, тое, што ў рамках PBH найбуйнейшыя кампаніі-сябры асацыяцыі змаглі наняць амаль 5000 супрацоўнікаў з-за мяжы. 

Паводле слоў Марцаліны Хайнацкай, кожны айцішнік, які пераехаў у Польшчу працаваць па PBH, прайшоў праверку. Паводле яе слоў, яшчэ не было такіх сітуацый, калі б візу PBH выкарыстоўвалі не па прызначэнні.

У якасці пацверджання Хайнацка прыводзіць статыстыку ZUS, згодна з якой з кожным годам павялічваецца доля замежнікаў, якія працуюць у сферы ІТ.

Пры канцы 2021 года іх было 28,3 тысячы (у тым ліку 4,5 тысячы беларусаў), а пры канцы 2023-га — ужо 55 тысяч. Найбольшую колькасць тады склалі беларусы (18,1 тыс.), украінцы (17,3 тыс.) і індыйцы (2800).

Дырэктарка SoDA кажа, што, хоць эканамічны спад знізіў попыт на ІТ-спецыялістаў у Польшчы, попыт на высокакваліфікаваных супрацоўнікаў са спецыялізаванымі ведамі па-ранейшаму вельмі высокі.

Але пасля прыпынення PBH у ІТ-кампаній павялічыліся выдаткі на найманне персаналу.

Так, праз запрашэнне на працоўную візу складана наймаць людзей па B2B-кантрактах, папулярных у ІТ.

 У польскім агенцтве па інвестыцыях і гандлі (PAIH), які каардынаваў праграму (яно абслугоўвала 800+ ІТ-кампаній), таксама яе хваляць. 

— Праграма была вельмі добра ацэненая не толькі яе ўдзельнікамі, але і ІТ-асацыяцыямі Польшчы, уключаючы SoDA, — падкрэсліла прэс-служба PAIH. — Некаторыя кампаніі паведамілі пра 10+ [нанятых] супрацоўнікаў, але былі таксама тыя, якія паведамілі пра сотні. Сярод кампаній, якім агенцтва дапамагло рэлакаваць спецыялістаў з Беларусі, было шмат замежных, у тым ліку з амерыканскім, ізраільскім, нямецкім або швейцарскім капіталам.

Польскі бізнэс спадзяецца, што МЗС разблакуе праграму або аператыўна распрацуе іншае рашэнне, якое дазволіць замежнікам хутка легалізавацца і працаваць у Польшчы.

PBH не апраўдала спадзеваў — чыіх? Разбор пра самую вялікую рэлакейт-праграму
Па тэме
PBH не апраўдала спадзеваў — чыіх? Разбор пра самую вялікую рэлакейт-праграму

Читать на dev.by