Польскія памежнікі затрымліваюць беларусаў, якія прыехалі «фальшывым транзітам», каб папрасіць міжнародную абарону
Беларускія медыя са спасылкай на праваабаронцаў паведамляюць пра затрыманне ў Польшчы беларусаў, якія трапілі ў краіну праз «несапраўдны транзіт» — калі людзі, не маючы шэнгенскіх віз, ляцяць з адной бязвізавай краіны ў іншую, і падчас перасадкі ў аэрапорце Польшчы звяртаюцца да памежнікаў па міжнародную абарону. Звычайна так робяць беларусы, якія спрабуюць выбрацца з Грузіі.
Часцей за ўсё да адчайнага прыёму звяртаюцца тыя, у каго заканчваецца тэрмін дзеяння пашпарта, а магчымасці атрымаць візу няма. Раней памежнікі прымалі заявы на МА у такіх беларусаў і звычайна адпускалі. Цяпер затрымліваюць усіх і дастаўляюць у суд, які вырашае, ці будуць яны чакаць рашэння па МА у закрытым лагеры для бежанцаў або на волі.
Новую практыку памежныя органы Польшчы ўвялі ў чэрвені. Некалькі чалавек ужо знаходзяцца ў такім лагеры — з 24 чэрвеня праваабаронцы налічылі 4 выпадкі затрымання. Два чалавекі знаходзяцца на волі па рашэнні суда, яшчэ два — у лагеры для мігрантаў. У дадатак да ўсяго польскія памежныя органы абвінавачваюць беларусаў у інструменталізацыі права на прытулак.
Читать на dev.by