Улады ў Польшчы праверылі тэрміны выдачы ДНЖ. Рэкорд — 7,5 гадоў

Праверка паказала паўсюднае зацягванне разгляду спраў і іншыя парушэнні.

14 каментарыяў

Вярхоўная кантрольная палата праверыла пяць рандамных ваяводскіх ужондаў і выявіла парушэнні ў 60% спраў замежнікаў (усяго — 231 кейс), піша Dzik Pic.

Яны датычыліся перш за ўсё тэрмінаў. Напрыклад, сярэдні час разгляду заяў на атрыманне ДНЖ склаў:

— У ваяводскім упраўленні ў Лодзі — 384 дні ў 2021 годзе і 171 дзень у 2022 годзе;

— У Сілезскім — 381 дзень у 2021 годзе і 365 дзён у 2022 годзе.

«Бясслаўным рэкардсменам стала Сілезскае ваяводскае ўпраўленне, дзе чыноўнікам спатрэбілася амаль сем гадоў і пяць месяцаў на разгляд заявы замежніка на часовае пражыванне», — гаворыцца ў прэс-рэлізе.

Праверка выявіла і іншыя парушэнні. Напрыклад, некаторым людзям не ўдавалася здаць адбіткі пальцаў. Часам у заяўнікаў патрабавалі непатрэбныя дакументы або прасілі прынесці тыя, што ўжо і так ляжалі ў ужонде. 

На думку Вярхоўнай кантрольнай палаты, асноўнымі прычынамі зацягвання тэрмінаў з’яўляюцца недахоп кадраў, высокая цякучка і нізкі ўзровень аплаты працы ў ужондах. Так, у 2022 годзе кандыдатам на працу ў ваяводскае ўпраўленне прапаноўвалася ад 3011 да 4582 злотых брута.

Акрамя таго, вырасла нагрузка: так, у 2018 годзе было пададзена 228,5 тыс. заяў на ДНЖ, а ў 2022-м — амаль 542 тысячы.

Усяго за 2018–2022 гады замежнікі падалі 1,71+ млн такіх заяў, канчатковыя пастановы вынесеныя па 1,26 млн кейсаў.


Читать на dev.by