Польскі банк разаслаў СМС на рускай — просіць прынесці ДНЖ да 26 чэрвеня
Тым, хто не зробіць, адключаць праграму.
Многія беларусы, кліенты Santander у Польшчы, атрымалі эсэмэскі банка, у якіх той просіць іх прынесці да 26 чэрвеня ДНЖ — часовы або сталы, піша Dzik Pic.
Адзін з іх звязаўся з банкам. Вось што ён расказаў:
— Патэлефанаваў, <спытаў, што будзе, калі не прынесці пластыку>. Сказалі, праграма будзе заблакаваная, але можна будзе карыстацца картай, BLIK. Карацей, даступнае тое, што вы і пісалі. <> Для сябе прыняў рашэнне больш не карыстацца Santander, і найбліжэйшым часам выведу ўсе грошы і закрыю рахункі.
У якасці прававога абгрунтавання банк спасылаецца на арт. 1u Рэгламента Рады (ЕС) 765/2006 ад 18 мая 2006 года «Пра абмежавальныя меры ў сувязі з сітуацыяй у Беларусі і датычнасцю Беларусі да агрэсіі Расіі супраць Украіны» (там, дзе гаворыцца, што грамадзяніну РБ няможна мець больш за 100 тысяч еўра на рахунку без еўрапейскага ДНЖ). І яшчэ на арт. 5b Рэгламента Рады (ЕС) 833/2014 ад 31 ліпеня 2014 «Пра абмежавальныя меры ў сувязі з дзеяннямі Расіі, што дэстабілізуюць сітуацыю ва Украіне» (дзе, у прыватнасці, згадваецца забарона на фінансавыя аперацыі расійскім юрыдычным асобам).
Што адбываецца з Santander
Абмежаванні з боку банка для грамадзян Беларусі без карты побыту пачаліся ў 20-х чыслах мая. Людзям без ДНЖ блакавалі доступ у рахунак і праграму. То-бок яны маглі плаціць картай, але не маглі, напрыклад, мяняць валюту анлайн. У неафіцыйнай гутарцы кліентам казалі, што гэтае распараджэнне «спусцілі зверху», верагодна, з KNF.
Аднак кіраўнік дэпартамента сувязяў з грамадскасцю банка Santander Яцэк Баршчэўскі гэта адмаўляе. Паводле яго слоў, камісія па фінансавым наглядзе не выстаўляла такога патрабавання. Але банкі могуць запатрабаваць дадатковыя дакументы ў сваіх кліентаў, каб не парушыць законаў пра супрацьдзеянне адмыванню грошай і фінансаванню тэрарызму.
Dzik напісаў у Камітэт па фінансавым наглядзе, але адказу так і не атрымаў. З тэхпадтрымкі Santander даслалі ліст, што «банк мае права абмежаваць доступ да анлайн-сэрвісаў Santander або інструменту аўтарызацыі, калі банк абавязаны зрабіць гэта ў адпаведнасці з агульнапрымянімым заканадаўствам».
Читать на dev.by