Ці памятаеце, беларуса не выпусцілі з краіны праз ДНЖ? Даведаліся, ці масавы кейс
Спойлер: відаць, не.
Пры канцы лістапада сярод рэлакантаў распаўсюдзілася гісторыя пра тое, як грамадзяніна Беларусі не выпусцілі з краіны, бо ён не меў ані візы, ані паведамлення з АГіМ аб тым, што апавясціў улады аб замежным ДНЖ.
Расказаў яе ў TikTok візавы пасярэднік — агенцтва Tutvisa — нібыта пра свайго кліента. Алгарытм агенцтву быццам бы пацвердзілі ў першым-лепшым АГіМ: няма апавяшчэння — няма выезду.
Сам сабою кейс выглядае цалкам у духу часу — дзіўным яго робіць толькі адзінкавасць. DzikPic спытаў чытачоў, як яны праходзілі мяжу з «утоенымі» ад дзяржавы ДНЖ апошнім часам — адгукнулася з дзясятак чалавек.
У аніводным выпадку адсутнасць візы + наяўнасць ДНЖ без апавяшчэння не стала прычынай адмовы ў выездзе з РБ.
«Памежнік паглядзеў карту пад сваёй лямпай магічнай і пазычыў шчаслівай дарогі»
- «Муж ехаў на мінулым тыдні з Беларусі праз літоўскую мяжу, ніякіх пытанняў не было. У яго візы даўно няма, але ёсць ДНЖ, пра які ён нікога не апавяшчаў».
- «З 2 на 3 снежня праходзілі польскую мяжу. У аўтобусе было шмат людзей з ДНЖ, больш за дзесяць дакладна. Але ні ў кога нічога не спыталі, хоць хваляванні былі пасля навіны ў ціктоку. У нас з мужам не было віз, у мяне наогул пашпарт без віз, толькі з адзнакамі ад мінулых перасячэнняў — ніхто нічога не сказаў».
- «Я выязджаў у Польшчу з Беларусі ў суботу, ані пра які ДНЖ нікога не апавяшчаў. Памежнік толькі папрасіў карту побыту (віза пратэрмінаваная), даведак ніякіх не прасіў. Паглядзеў карту пад сваёй лямпай магічнай, нешта хутка націснуў у камп’ютары (можа, чэкбокс які клацнуў), пазычыў шчаслівай дарогі. Вось і ўсё».
- «Выязджала тыдзень таму, ніякіх пытанняў не ўзнікала, карту побыту ў мінулым месяцы атрымала».
- «Ездзіла на тыдзень у Беларусь з Польшчы, не выязджаючы датуль больш за год. Выязджала з ДНЖ, які атрымала за два тыдні да паездкі. Пытанняў на мяжы ні ў адзін, ні ў другі бок не задавалі».
- «Я ездзіла 20 лістапада ў Беларусь з Польшчы і 1 снежня назад, з польскім ДНЖ без візы. МУС пра наяўнасць ДНЖ я не апавяшчала. Усё было спакойна: ні ў кога не правяралі прычыны паездкі, хоць у аўтобусе было яшчэ некалькі чалавек, якія ездзілі з ДНЖ, і яны таксама паспяхова прайшлі мяжу».
- «У Польшчы мы ад вясны 2022 года, у абаіх ДНЖ. 19 лістапада выязджалі з жонкай з Беларусі ў Польшчу аўтобусам. У жонкі быў абсалютна чысты пашпарт (ездзілі мяняць) — у выніку выехалі без пытанняў, у мяне таксама не пыталіся пра візу».
- «Жонка нядаўна прыехала з Беларусі ў Польшчу. Усё ціха, беларусы не пыталіся нават пра карту побыту. Гэта ўжо палякі глядзяць падставы для ўезду».
Калі раптам у вашым выпадку / з вашымі знаёмымі ўсё было не так гладка, пішыце нам у бот, гэта ананімна.
Нагадаем, грамадзян РБ абавязалі апавяшчаць аб замежным ДНЖ / грамадзянстве / карце паляка ў трохмесячны тэрмін ад дня атрымання. Такая норма месціцца ў абноўленым законе аб грамадзянстве, які набыў моц 11 ліпеня 2023 года. Паводле інфармацыі Дэпартамента грамадзянства і міграцыі МУС РБ, ад таго часу ўлады атрымалі ўжо 58 тысяч такіх паведамленняў: 36,5 тысяч даслалі ў органы ўнутраных спраў і 22 тысячы — у дыппрадстаўніцтвы і консульскія ўстановы. Адказнасці за неапавяшчэнне пакуль няма, але ў МУС кажуць, што думаюць над гэтым.
dev.by, як і іншым сумленным медыя, сёння вельмі складана: рэдакцыя працуе па-за межамі краіны, а нашыя рэкламныя даходы скараціліся ў некалькі разоў. Але мы даем рады — з вашай дапамогай. Гэта вы дзеліцеся з намі інфанагодамі, думкамі, досведам, часам, увагай і данатамі.
І яшчэ крыптой, тут кашалькі.
Дзякуй, што прачыталі гэтае паведамленне.
Читать на dev.by