$140+ млн толькі падаткаў. Палічылі страты праз адток айцішнікаў
Ад вясны 2022 года беларускі ІТ-сектар толькі паводле афіцыйных звестак скараціўся на 22+ тысячы спецыялістаў. З ПВТ сышло больш за 170 кампаній.
Праз адток айцішнікаў ІТ-галіна страціла кваліфікаваныя кадры, а бюджэт недаатрымаў падаткі. Паспрабавалі прыкладна палічыць, пра якія страты можа весціся гаворка.
Колькі падаткаў плацяць айцішнікі
Многія айцішнікі працуюць/працавалі ў кампаніях ПВТ. За мінулы год рэзідэнты ПВТ заплацілі ў бюджэт 750 мільёнаў рублёў падаткаў. Гэта крыху больш, ніж у 2021 годзе.
Здавалася б, новы рэкорд. Але — калі б не маштабны сыход кампаній і спецыялістаў пасля 24.02, сумарныя падатковыя адлічэнні рэзідэнтаў Парка па выніках 2022 года цалкам маглі перавысіць 1 мільярд рублёў.
З чым звязаны «выбухны» рост падатковых адлічэнняў у 2021
Па выніках 2021 года падатковыя адлічэнні ПВТ выраслі на 76%. Але такі рост шмат у чым звязаны з павелічэннем для айцішнікаў у ПВТ стаўкі падаходнага падатку з 9 да 13%. Для параўнання: у 2020 годзе падатковыя адлічэнні рэзідэнтаў ПВТ выраслі на 38%.
Колькі падаткаў плаціць «сярэдні» айцішнік за год
Мы ўзялі звесткі пра сярэдні заробак у ІТ ад студзеня 2022 да жніўня 2023 года (паводле звестак Белстата). Палічылі прыкладную суму падаходнага падатку (13%) за кожны месяц і ўсё сумавалі.
Атрымалася, што:
- За 2022 агульная сума падаходнага з аднаго ІТ-спецыяліста перавысіла 10 тысяч рублёў, або 3,8 тысячы долараў (па сярэднім курсе Нацбанка за 2022).
- За студзень-жнівень гэтага года — 6,8 тысячы рублёў, або 2,3+ тысячы долараў (па сярэднім курсе Нацбанка за 8 месяцаў).
Пры захаванні бягучай дынамікі сярэдняга заробку ў ІТ агульная сума падаходнага падатку сёлета з аднаго айцішніка складзе 10+ тысяч рублёў, як і ў 2022 годзе. Пры бягучай дынаміцы курса гэта 3+ тысячы долараў.
Менавіта столькі можа страчваць на год бюджэт РБ з аднаго айцішніка, які з’ехаў у 2023.
Страты бюджэту
Каб ацаніць агульныя страты бюджэту ад вясны 2022, мы паглядзелі на афіцыйныя лічбы адтоку айцішнікаў (яны часткова схаваныя, таму гэта хутчэй нашая ацэнка на базе даных Белстата). Адток рэзка ўзмацніўся ад сакавіка 2022 года. Увосень 2023 агульныя страты ІТ-сектара перавысілі 22 тысячы спецыялістаў.
Варта памятаць, што не ўсе айцішнікі, якія трапілі ў статыстыку адтоку кадраў, страчаныя для бюджэту: хтосьці мог перайсці на НПД, хтосьці змяніць сферу дзейнасці. Аднак скарэктаваць гэты лік мы не можам, таму зыходзім з таго, што бюджэт недалічыўся плацяжоў ад 22 тысяч+ чалавек.
Падатковыя страты мы лічылі так: чысты адток спецыялістаў у ІТ за перыяд (пачынаючы ад сакавіка) * суму падаходнага падатку.
Напрыклад, у маі 2022 года чысты адток спецыялістаў (з улікам страт ІТ-сектара за сакавік–красавік) склаў 6128 чалавек, а сума падатку за май 2022 (зыходзячы з сярэдняга заробку) склала 802,8 рубля. Агульныя падатковыя страты: 6128 * 802,8 = 4,9 мільёна рублёў.
Паводле нашых (грубых) разлікаў, усяго ад сакавіка 2022 года бюджэт недаатрымаў больш як 222 мільёны рублёў падаходнага падатку, або 78 мільёнаў долараў (па сярэднім курсе Нацбанка ў 2022–2023 гадах).
Відавочна, што гэта толькі арыенціровачныя лічбы праз недахоп даных і шэраг непазбежных хібнасцяў у разліках.
Страты ФСАН
Масавы зыход айцішнікаў і ІТ-кампаній адбіўся не толькі на паступленнях падаходнага падатку, але і на адлічэннях у Фонд сацыяльнай абароны.
Палічылі страты на прыкладзе рэзідэнтаў ПВТ. Кампаніі Парка пералічваюць абавязковыя страхавыя ўзносы ў памеры 34% ад сярэдняга заробку па краіне, 1% ад заробку плацяць працаўнікі.
Для разліку страт мы выкарыстоўвалі сярэдні заробак па краіне за кожны месяц. Напрыклад, у жніўні гэтага года сярэдні заробак па краіне склаў 1962,4 рубля. Унёскі за аднаго супрацоўніка склалі 686,8 рубля: 1962,4 * 34% (унёсак кампаніі) + 1962,4 * 1% (унёсак з супрацоўніка).
Калі выказаць здагадку, што ўсе 22 тысячы ІТ-спецыялістаў, якія трапілі ў статыстыку адтоку, працавалі ў кампаніях ПВТ, то атрымаецца, што ФСАН недаатрымаў узносаў ад сакавіка 2022 года на 166,8 мільёна рублёў, або на 60 мільёнаў долараў (зыходзячы з сярэдняга курса Нацбанка ў 2022–2023 гадах).
Усяго
Такім чынам, з вясны 2022 года праз адток айцішнікаў бюджэт Беларусі страціў 388+ мільёнаў рублёў (або каля 140 мільёнаў долараў) падаходнага падатку + адлічэнняў у ФСАН.
І гэта толькі падаткі.
Што кажуць эксперты
Вядомы бізнэсовец Аляксандр Кныровіч толькі падатковыя страты праз адток айцішнікаў ацэньвае ў 72 мільёны долараў за год.
Таксама ён звярнуў увагу на рост адмоўнага ўплыву ІТ-сектара на дынаміку ВУП. Паводле звестак афіцыйнай статыстыкі, за восем месяцаў гэтага года ўклад ІТ у ВУП — мінус 1,1%. Аляксандр Кныровіч ацэньвае адмоўны ўплыў ІТ-сектара на тэмпы ВУП у мінус 1,5%.
— Кожны працэнт — гэта істотна ў маштабах эканомікі. Раней ІТ-сектар выконваў ролю лакаматыва, шмат у чым за кошт яго рос ВУП. Нават былі планы, што ІТ можа заняць да 10% эканомікі. Але цяпер яго доля меншая за 5%.
І дзяржаве не пад сілу паўплываць на гэтую сітуацыю. Нельга стварыць дзяржзаказ на працу ІТ-галіны і няма магчымасці кампенсаваць страты. Больш за тое, улады робяць выгляд, што ўсё нармальна і нічога не адбываецца.
Эканамістка даследчага праекта BEROC Анастасія Лузгіна нагадвае, што да 2022 года ўнёсак ІТ-сектара ў ВУП Беларусі павялічваўся. Калі ў 2015 годзе доля сектара «інфармацыя і сувязь» склала 4,1% у ВУП, то ў 2021 годзе — 7,3%, што больш за ўнёсак у ВУП такіх сектараў, як будаўніцтва або сельская гаспадарка.
— Летась ІТ пачало сціскацца. Доля сектара «інфармацыя і сувязь» у ВУП склала 6,6% па выніках 2022 года і 4,5% — у студзені–жніўні 2023 года. У выніку ўнёсак сектара ў рост ВУП выявіўся адмоўным у памеры 1,1%.
Што датычыцца вонкавага гандлю, то, зыходзячы з заяў чыноўнікаў, вядома, што толькі за 2022 год экспарт ПВТ скараціўся на 700 мільёнаў долараў (ад $3,2 млрд да $2,5 млрд). У 2023 годзе магчымае падзенне экспарту будзе яшчэ большым. Гэта сур’ёзная праблема для беларускай эканомікі, бо доля экспарту ІТ-паслуг у 2021 годзе ў агульным аб’ёме экспарту складала каля 30%, а ў агульным аб’ёме ўсяго экспарту краіны ІТ-сектар займаў больш за 6%.
dev.by, як і іншым сумленным медыя, сёння вельмі складана: рэдакцыя працуе па-за межамі краіны, а нашыя рэкламныя даходы скараціліся ў некалькі разоў. Але мы даем рады — з вашай дапамогай. Гэта вы дзеліцеся з намі інфанагодамі, думкамі, досведам, часам, увагай і данатамі.
І яшчэ крыптой, тут кашалькі.
Дзякуй, што прачыталі гэтае паведамленне.
Читать на dev.by