«Пасля Беларусі нічога не страшна». Як экспаты ўдзельнічаюць у пратэстах у Грузіі
Ад 7 сакавіка тысячы людзей у Грузіі пратэстуюць супраць намераў кіруючай партыі прыняць закон пра замежных агентаў. Першыя два дні пратэстоўцаў разганялі сілавікі. 10 сакавіка — пасля трох дзён пратэсту — праект закона быў адкліканы з парламента. Аднак грузінская апазіцыя анансавала новыя мітынгі.
Тэлеграм-канала «Ты таксама ў Грузіі?» спытаўся ў экспатаў з Беларусі і Расіі, чаму яны лічаць важным удзельнічаць у пратэстах.
Пры канцы лютага Грузінскі рух «Сіла народа» ініцыяваў законапраекты «Пра празрыстасць замежнага ўплыву» і «Пра рэгістрацыю замежных агентаў». Першы законапраект тычыўся толькі НДА і СМІ, а другі — як фізічных, так і юрыдычных асоб (за некаторымі выключэннямі).
У праекце закона «Пра празрыстасць замежнага ўплыву» агентамі замежнага ўплыву лічыліся некамерцыйныя арганізацыі і СМІ, у якіх больш за 20% гадавога даходу складае замежнае фінансаванне. Арганізацыі былі абавязаныя зарэгістравацца як агенты і штогод падаваць фінансавую дэкларацыю.
Другі дакумент, «Пра рэгістрацыю замежных агентаў», прадугледжваў не толькі адміністрацыйную, але і крымінальную адказнасць. Любая фізічная і юрыдычная асоба з замежным фінансаваннем, згодна з праектам, была абавязаная зарэгістравацца ў якасці «замежнага агента». За невыкананне закона — штраф або пазбаўленне волі на тэрмін да 5 гадоў.
Партыя «Адзіны нацыянальны рух» заявіла, што праект закона пра празрыстасць замежнага ўплыву» накіраваны на ўзмацненне дзяржаўнага кантролю над грамадзянскай супольнасцю і арганізацыямі, на знішчэнне свабодных СМІ і крытычнага меркавання, што з’яўляецца асновай для ўсталявання аўтарытарнага рэжыму».
Прадстаўнікі ІТ-галіны казалі, што законапраект можа негатыўна адбіцца на інвестыцыях у Грузію.
«Улада не адчувае сябе вечнай»
Я хаджу < на пратэсты>, бо ў Грузіі выконваецца баланс стрымліванняў і проціваг:
1. Сілавікі баяцца люстрацыі, яны не лютуюць, як у 2020-м у Мінску.
2. Улада не адчувае сябе вечнай
3. Тэлевізійныя каналы спакойна паказваюць пратэст у лайве па ТБ. Як мне здаецца з боку, наяўнасць незалежных медыя — самае галоўнае ў гэтым.
Ну і так, адрэналін, каб сфоткаць прыгажэй.
Людзі ў Тбілісі пераварочвалі машыны. Я тут нядаўна глядзеў фоткі Associated Press з пратэстаў у Мінску пры канцы 90-х, і там таксама варочалі міліцэйскія машыны і кідалі «кактэйлі Молатава». Як па мне, тры пункты вышэй, якія ў нас прыбралі, якраз паво-о-о-о-ольна, але мэтанакіравана прывялі нас да той парадыгмы, у якой мы жывем.
«Велізарная розніца паміж пратэстамі ў Беларусі і Грузіі»
Мне важна, каб Грузія, Украіна і мая родная краіна Беларусь былі вольныя і незалежныя ад Расіі. Я супраць вайны, супраць гвалту і супраць рускіх законаў. Грузія для мяне стала другім домам, таму я адчуваю адказнасць і лічу за абавязак прысутнічаць на мітынгу.
Страх спрэс адсутнічае пасля вялізнага досведу беларускіх пратэстаў. Мне нічога не страшна, навучаны многім рэчам і ведаю, як паводзіць сябе ў пэўных сітуацыях. Гранаты, газ, вадамёты, кулі і дубінкі — мы гэта праходзілі.
Адчуваецца велізарная розніца паміж пратэстамі ў Беларусі і Грузіі — як з боку АМАПа, так і з боку пратэстоўцаў. У Тбілісі я не адчуў небяспекі для жыцця, знаходзячыся на гэтым мітынгу. Паліцыя больш «чалавечная». У Мінску было брутальней, страшней, небяспечней. Шанец быць збітым і сесці ў Акрэсціна быў максімальным.
Грузіны выказваюць свой пратэст агрэсіўней, ніж мы ў Мінску. Для мяне нязвыкла бачыць пабітыя вокны і машыны, смецце. Але нязменнае адно — людзі аказваюць любую дапамогу адно аднаму, адчуваецца згуртаванасць. Прыемна было сустрэць родных беларусаў, якія як і ўсе — супраць.
«Я захапляюся адвагай грузінаў і іх жаданнем змагацца»
Грузія — мой новы дом, і я не хачу, каб яна стала як Расія. Тое, ад чаго мы беглі, ужо пачало адбывацца і тут. У нас, рускіх, не атрымалася захаваць нашую краіну, таму мы мусім змагацца за гэтую. Каб гэтага не здаралася зноў.
Я захапляюся адвагай грузінаў і іх жаданнем змагацца. Мне прыемна, што мой голас нарэшце чуюць.
Так, цяперашнія пратэсты нагадалі мне акцыі 2012 года. Я згадала светлыя дні, калі мы выходзілі на мірныя шпацыры і маглі не баяцца за сваё жыццё. Я стараюся быць асцярожнейшай і не трапляцца паліцыі.
Читать на dev.by