Позвы змогуць рассылаць праз СМС — новы законапраект

Калі вы не дасце ваенкамату свайго нумара, гэта зробіць мабільны аператар.

33 каментарыяў

На партале pravo.by зарэгістраваны праект закона «Аб зменах законаў у пытаннях забеспячэння нацыянальнай бяспекі». У ім — папраўкі ў КК РБ, КаАП РБ, законы «Аб вайсковым абавязку і вайсковай службе», «Аб абароне», «Аб мабілізацыйнай падрыхтоўцы і мабілізацыі», Працоўны кодэкс.

Самае прыкметнае змяненне, на якое звярнулі ўвагу незалежныя медыя, тычыцца позваў. Іх мяркуецца адпраўляць у тым ліку праз СМС.

Для гэтага арт. 18 закона «Аб вайсковым абавязку і вайсковай службе» прапануецца дапоўніць такімі радкамі:

«Грамадзяне могуць быць апавешчаныя аб неабходнасці яўкі ў ваенны камісарыят (адасобленае падраздзяленне), упраўленне Камітэта дзяржаўнай бяспекі па вобласці з дапамогай СМС-паведамлення».

Пры гэтым грамадзян абавяжуць у тыднёвы тэрмін паведамляць у ваенкаматы пра змену нумара. Калі яны забудуць, нумар на патрабаванне перадасць мабільны аператар.

«Аператары электрасувязі ў дачыненні да грамадзян, якія стаяць або абавязаныя стаяць на вайсковым уліку, на запыт ваенных камісарыятаў (адасобленых падраздзяленняў), упраўленняў Камітэта дзяржаўнай бяспекі ў абласцях абавязаныя:

у тыднёвы тэрмін даваць звесткі пра абаненцкія нумары;

забяспечваць апавяшчэнне абанентаў сетак сотавай рухомай электрасувязі з дапамогай накіравання СМС-паведамлення».

Яшчэ раз СМС з’яўляецца ў законе «Аб мабілізацыйнай падрыхтоўцы і мабілізацыі»:

«Грамадзяне выконваюць абавязкі ў галіне мабілізацыйнай падрыхтоўкі і мабілізацыі, будучы абвешчанымі з дапамогай СМС-паведамленняў».

Акрамя таго, у выпадку з мабілізацыйнымі позвамі пад подпіс законапраект пазбаўляе ад неабходнасці шукаць вайсковаабавязанага дома або на працы. Іх можна ўручаць у любым месцы, дзе грамадзяніна знойдуць:

«Названыя позвы могуць уручацца грамадзянам па месцы іх працы, а таксама па месцы знаходжання грамадзян».

Пакаранне за ўхіленне ад мерапрыемстваў прызыву ў праекце больш жорсткае: ліміт павышаецца ад двух гадоў да трох гадоў абмежавання або пазбаўлення волі.


Читать на dev.by