Айцішнікам выдаюць позвы на зборы дома і на працы — дазналіся дэталяў

Ваенкаматы зноў рассылаюць позвы на зборы, у тым ліку айцішнікам.

dev.by знайшоў трох такіх «шчасліўцаў». Паводле іх слоў, зборы пачнуцца наступнага тыдня і будуць доўжыцца больш за месяц. 

56 каментарыяў

— Мне 30+ гадоў. Працую software developer ў кампаніі ў Мінску. На гэтым тыдні атрымаў смс-паведамленне пра неабходнасць з’явіцца ў ваенкамат для ўдакладнення даных. У паведамленні быў пазначаны тэлефон ваенкамата, па якому я патэлефанаваў і высветліў, што мяне выклікаюць з нагоды магчымага прызыву на вайсковыя зборы.

Прыйшоў, у мяне адразу забралі ваенны білет і ўручылі позву.

Паведамілі, што наступнага тыдня пачынаюцца вайсковыя зборы. Я знаходжуся ў рэзервовай групе (мая вайскова-ўліковая спецыяльнасць — старэйшы механік). Калі на зборы з нейкіх прычын не возьмуць кагосьці з асноўнай групы, то возьмуць мяне. Рашэнне аб маім удзеле ў зборах будзе прынятае 10 лютага. Дзе будуць праходзіць зборы, там не ўдакладнілі. Ведаю толькі, што працягнуцца яны каля 35 сутак. (10 лютага мы паспрабавалі звязацца з айцішнікам і ўдакладніць інфармацыю, але безвынікова).


— Працую ў невялікай кампаніі ў Мінску. Мне 30 гадоў. Вайскова-ўліковая спецыяльнасць — штабны працаўнік, справавод.

За апошні год мне прыйшлі 4 позвы з ваенкамата. Першая была яшчэ ў снежні 2021 года. Неабходна было з’явіцца ў ваенкамат для ўдакладнення даных, што я і зрабіў. Пасля гэтага была позва ў жніўні 2022 (зноў з нагоды ўдакладнення даных) і ў снежні 2022 — мне патрабавалася прыйсці на медыцынскі агляд. Гэтыя позвы я праігнараваў.

Чацвёртая позва прыйшла зусім нядаўна. Яе прынеслі проста ў офіс кампаніі, дзе я працую.

Я аформлены аддалена, таму «афіцыйна» са мной не змаглі звязацца, каб паведаміць пра позву. Але калі яе прынеслі, я быў у офісе, аднак не падаў выгляду. З супрацоўнікамі ваенкамата размаўляў наш кадравік. Ён жа забраў позву і распісаўся пра яе атрыманне.

На позве было напісана з’явіцца ў ваенкамат наступнага дня, без пазначэння мэты візіту. Але супрацоўнікі ваенкамата сказала нашаму кадравіку, што рэчы з сабой можна не браць.

Тым не менш у ваенкамат я не пайшоў, бо за атрыманне позвы не распісваўся. Ведаю, што маглі адправіць на зборы.


— Працую інжынерам-праграмістам у Мінску. Мне 30 гадоў, увечары 8 лютага знайшоў позву ў дзвярным званку. Выпісаная яна была на 12:00 таго ж дня, то-бок прынеслі мне яе ў дзень, калі трэба было з’явіцца ў ваенкамат. Насілі позвы, як я зразумеў, супрацоўнікі ЖЭС.

Патэлефанаваў у ваенкамат, спытаў, што рабіць, сказалі прыйсці 10 лютага, могуць адправіць на навучальныя зборы. Дзе будуць праходзіць зборы і як доўга, там не ўдакладнілі. 

Летась мне ўжо прыходзіла позва на працу, але я яе не атрымаў, бо быў у адпачынку. Думаю, што рана ці позна схадзіць туды прыйдзецца. Толькі хацелася б, вядома, у спакайнейшы час.

На працы пакуль не паведамляў, што могуць забраць на зборы. Цяпер няма крытычных задач, таму, я думаю, усё будзе ў норме. (10 лютага айцішніку ўручылі позву на праходжанне збораў ад 13 лютага. «Зборы будуць доўжыцца месяц. Дзе і як — не даведваўся, не было настрою», — коратка адказаў ён на пытанне dev.by).

У 2023 года на вайсковыя зборы ў Беларусі плануецца прызваць 9 тысяч чалавек. Паводле даных Генштаба ВС РБ, столькі ж чалавек было прызвана летась.

«Паўтараць няма ніякага жадання»

З dev.by звязаўся 27-гадовы Java-распрацоўшчык з Мінска і расказаў пра свой адносна нядаўні (увесну 2022 года) досвед праходжання вайсковых збораў.

— Я родам з невялікага горада. У 2019 годзе адслужыў тэрміновую службу. У студзені 2022 года пераехаў у Мінск. На той момант працаваў у дзяржаўнай арганізацыі, займаўся распрацоўкай розных парталаў і сэрвісаў.

У сакавіку на маё імя ў офіс факсам прыйшла позва. Патрабавалася з’явіцца ў ваенкамат для ўдакладнення даных. Прыйшоў, супрацоўнікі ваенкамата зверылі даныя і сказалі, што я залічаны ў каманду на вайсковыя зборы запасным, бо па маёй спецыяльнасці (я сувязіст) не хапае афіцэраў (я быў лейтэнантам запасу).

Пасля кампанія накіравала ў ваенкамат ліст, што я з’яўляюся каштоўным супрацоўнікам і не магу ўдзельнічаць у вайсковых зборах.

У прызначаны дзень я са спакойнай душой прыходжу ў ваенкамат з упэўненасцю, што гэта проста фармальнасць. А ў выніку мяне адпраўляюць на зборы ў Ваенную акадэмію. Ужо па прыбыцці туды я высветліў, што трапіў у асноўную каманду. Чалавек, якога я замяніў, даў даведку, што хварэе на кавід.

Разам са мной на зборах апынулася 120 чалавек. Адразу, як прыехалі, запоўнілі дакументы, анкеты, атрымалі абмундзіраванне. Можна было паскардзіцца доктару на праблемы са здароўем. Пры мне аднаго адправілі дадому.

Размясцілі нас у дзвюх казармах на адным паверсе. На ўсіх было два санвузлы, бойлер, душ можна было прымаць хоць штовечар, галоўнае дачакацца чаргі. Таксама была пральная машына, але карыстацца ёю можна было толькі выходнымі днямі.

У першы дзень з намі правялі шмат гутарак і лекцый, у тым ліку датычна паводзін на зборах. Патлумачылі, што мэта збораў — паўтарэнне і аднаўленне ведаў па працы на станцыях сувязі. Але на гэтых станцыях служыў толькі адзін чалавек. Яшчэ некалькі чалавек з «Белтэлекама», МТС, іншых арганізацый мелі нейкія ўяўленні, чаго не скажаш пра большасць.

Распарадак у нас быў стандартны для войска:

  • 6:00 — пад’ём (зарадкі не было, у сутачных нарадах не стаялі).
  • 6:45 — сняданак.
  • Пасля 7:00 — паездка на выдзеленым транспарце на заняткі (мы жылі ў другім вайсковым гарадку, а заняткі праходзілі ў першым).
  • Да 15:00 заняткі (звычайна 4 пары па 1:35). У перапынках можна было схадзіць у чапок (салдацкая гарбатня). На тэарэтычныя заняткі дазвалялі браць «званілкі» — звычайныя кнопачныя тэлефоны. «Нестатутнымі» тэлефонамі можна было карыстацца толькі ў казарме і пасля вячэры. Да іх належалі не толькі смартфоны, але любыя тэлефоны, якія дазвалялі выходзіць у інтэрнэт, запісваць аўдыя, рабіць фота.
  • Абед. Кармілі нармальна. Усяго хапала. Дарэчы, падчас збораў быў забаронены алкаголь. Але адзінкавыя выпадкі ўсё роўна былі.
  • Пасля абеду — разбор пытанняў і праблем.
  • Самападрыхтоўка. У ідэале мы мусілі засвойваць пройдзены матэрыял, чытаць літаратуру. Але ўсе займаліся сваімі справамі, галоўнае было не паліцца, калі зойдзе праверка. Хтосьці гэтым часам чытаў тэхнічную літаратуру, хтосьці мастацкую, хтосьці проста адседжваўся, чакаючы транспарту, каб ехаць назад у казарму.
  • Вяртанне ў казарму, вячэра.
  • Вольны час.
  • 22:00 — адбой.

Першага тыдня былі толькі тэарэтычныя заняткі. У суботу ўсіх, хто хацеў, адпусцілі ў звальненне да раніцы панядзелка.

Ад другога тыдня пачаліся практычныя заняткі на палігоне. У прыватнасці, трэніраваліся разгортваць усё неабходнае для працы станцыі сувязі. Што праўда, ва ўмовах холаду, дажджу і галалёду нас пастаянна абмяжоўвалі, каб мы не траўмаваліся. Пры канцы збораў быў залік, які ўсе паспяхова здалі. У цэлым усе да нас ставіліся паблажліва, бо разумелі, што нам гэта сто гадоў не трэба.

На зборах не абышлося і без агульнавоінскіх дысцыплін — тактычная падрыхтоўка, медыцынская, РХБА (радыяцыйная, хімічная і біялагічная абарона). Таксама была агнявая падрыхтоўка, мы нават пастралялі, што праўда, толькі з ПМ (пісталет Макарава — заўв.) і кінулі вучэбную гранату.

Натуральна, была і ідэалагічная падрыхтоўка. Але выкладчыкі на лекцыях у большасці сваёй ухіляліся ад размоў пра сітуацыю ў краінах-суседзях.

Зборы доўжыліся 25 дзён. Па выніках збораў усім выплацілі грашовае забеспячэнне ў залежнасці ад звання. Я на той момант быў лейтэнантам запасу і атрымаў 210 рублёў. Таксама на працы мне выплацілі належную кампенсацыю ў памеры сярэдняга заробку за апошнія 3 месяцы. У цэлым зборы прайшлі хутка, але паўтараць няма ніякага жадання.

Айцішнікі паказалі позвы «з’явіцца для ўдакладнення». Выглядае, што пакуль гэта адзінкавыя выпадкі
Па тэме
Айцішнікі паказалі позвы «з’явіцца для ўдакладнення». Выглядае, што пакуль гэта адзінкавыя выпадкі
Айцішнік атрымаў запрашэнне на агляд «ад ваенкамата». Але бальніца гінекалагічная
Па тэме
Айцішнік атрымаў запрашэнне на агляд «ад ваенкамата». Але бальніца гінекалагічная

Читать на dev.by