З’явіліся падрабязнасці пра зборы для 10-класнікаў. Яны ўплываюць на пераход у 11-ы
З 2026 года навучальна-палявыя зборы ў 10-х класах будуць доўжыцца 10 дзён замест 5 — з 26 мая па 5 чэрвеня. У Мінiстэрстве адукацыi распавялі, як яны будуць арганізаваныя.
Начальнік ўпраўлення агульнай сярэдняй адукацыі ведамства Ірына Каржова ў каментарыі для sb.by адзначыла, што навучальны прадмет «Дапрызыўная і медыцынская падрыхтоўка», які ўключае навучальна-палявыя зборы пасля 10 класа, праводзіцца і цяпер: юнакі праходзяць навучальна-палявыя зборы, дзяўчаты — медыцынскую практыку.
«Больш за тое, пераход вучняў у 11-ы клас ажыццяўляецца паводле вынікаў дадзенага мерапрыемства, паколькі выніковая адзнака за 10-ы клас уключае абавязковую адзнаку за навучальна-палявыя зборы і медыцынскую практыку», — сказала чыноўніца. Яна дадала, што адзіным новаўвядзеннем стала працягласць збораў — цяпер яна такая ж, як у кадэцкіх і сувораўскіх вучылішчах і спецыялізаваных ліцэях.
«Аднак у адрозненне ад іх, школьнікам неабавязкова знаходзіцца на зборах кругласутачна. Вучэбныя заняткі будуць арганізаваныя на базе бліжэйшых ваенных часцей, ваенных кафедраў ВНУ або ў спецыялізаваных цэнтрах дапрызыўнай падрыхтоўкі. Заняткі будуць праводзіць настаўнікі з прыцягненнем кадравага і матэрыяльна-тэхнічнага патэнцыялу ваенных часцей. Уся арганізацыя мерапрыемстваў будзе адпавядаць звычайнаму адукацыйнаму працэсу, уключаючы вырашэнне пытанняў харчавання згодна з заканадаўствам», — сказала Каржова.
Зборы зоймуць 60 навучальных гадзін. У школьнікаў пройдуць заняткі па тактычнай, фізічнай, ваенна-медыцынскай падрыхтоўцы, аказанні першай дапамогі, а таксама страявой і агнявой падрыхтоўцы, абароне ад зброі масавага знішчэння, вывучэнні агульнавайсковых статутаў. Таксама прадугледжаная магчымасць выязных мерапрыемстваў, калі школы палічаць гэта мэтазгодным. Для іх будуць падрыхтаваныя спецыяльныя праграмы і рэкамендацыі.
Читать на dev.by