«Прапусцілі са скрыпаннем». Ці лёгка заехаць у Літву з польскай візай?
Спыталіся чытачоў пра досвед перасячэння мяжы ЕС з польскай візай D. Спойлер: больш за ўсё дасталася айцішніку з PBH.
Літоўскія памежнікі кажуць, што ўзмацнілі кантроль за ўездам замежнікаў: яны будуць правяраць дакументы, якія пацвярджаюць мэту візіту. У першую чаргу гэта закранула ўладальнікаў польскіх працоўных віз: у іх літоўцы сталі патрабаваць працоўныя кантракты. Але, магчыма, узмацненне жорсткасці тычыцца і іншых віз, а можа, і на іншых межах ЕС? Спыталіся чытачоў dev.by. Яны даслалі чатыры гісторыі, усе — пра літоўскую мяжу.
Нацыянальная віза, або віза D, дазваляе доўгатэрмінова (увесь перыяд дзеяння) знаходзіцца ў краіне, а таксама да 90 дзён на паўгадавы перыяд у іншых краінах шэнгенскай зоны. Мае больш за 20 мэтаў выдачы. Самыя папулярныя ў Беларусі: працоўныя (D5, D6), навучальныя (D9-D11), гуманітарная (D21), PBH (D23).
Не блытаць з кароткатэрміновай (да 90 дзён на паўгадавы перыяд) шэнгенскай візай С. Мэта яе выдачы часцей за ўсё — турыстычная.
У двух з іх — бесперашкодны ўезд.
— У пятніцу 11 лістапада выязджала на аўтобусе з Беларусі ў Літву з працоўнай польскай візай D. На мяжы ніякіх праблем не было, нічога дадаткова не пыталіся — толькі пашпарт.
— Заязджалі 11 лістапада праз Беняконі. Віза польская — РВН. Гэта быў першы ўезд, толькі пашпарт, ніякіх пытанняў не ўзнікла. Я б сказаў больш, памежнікі з намі былі максімальна ветлівыя.
Яшчэ ў аднаго беларуса, з гуманітарнай візай, абышлося заўвагай.
— Заязджаў 9 лістапада ў Польшчу праз Літву. Віза D21. Супрацоўнік літоўскай памежнай службы выказаў сваю незадаволенасць тым, што беларусы едуць праз іх, настойліва рэкамендаваў наступным разам ехаць праз польскую мяжу.
А вось уладальнік PBH спазнаў на мяжы непрыемныя хвіліны. Што праўда, было гэта яшчэ ў кастрычніку.
— 23 кастрычніка заязджаў праз Каменны лог у Польшчу з жонкай і дзіцем: віза PBH, машына пад завязку набітая рэчамі — пераезд у чыстым выглядзе. Літоўцы вельмі моцна цікавіліся, чаму еду не праз Польшчу. Адказаў праўду: што на польскай мяжы чарга на 8-10 гадзін, з дзіцем стаяць столькі нерэальна. Таксама прыйшлося паказаць запрашэнне на працу, каб пацвердзіць мэту паездкі. Мытнікі яго доўга перакладалі з польскай, таксама чамусьці ўдакладнялі, ці будзе працаваць жонка.
У выніку прапусцілі, але відаць было, што са скрыпаннем, хвілін 15 на нас патрацілі. Засталося адчуванне, што калі б не поўная машына рэчаў і дзіця, якое спала, што відавочна стварала вобраз сям'і перасяленцаў, то маглі б і развярнуць без тлумачэнняў.
Калі вы таксама нядаўна заязджалі з польскай нацыянальнай візай праз іншыя межы ЕС, апішыце свой досвед у каментарах.
Читать на dev.by